+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Як карэспандэнт «Еўрарадыё» правяраў падпісныя лісты

Простае рэдакцыйнае заданне журналіста Еўрарадыё абярнулася прыгодамі з элементамі дробнага шпіянажу.

“Трэба праверыць подпісы, аддадзеныя за вылучэнне кандыдатаў”, — вырашаем на адной з “выбарчых” планёрак у рэдакцыі. План просты — ідзем у штабы, якія заявілі пра 100 сабраных тысяч, просім паказаць падпісныя лісты, фатаграфуем альбо перапісваем адрасы падпісантаў, потым тэлефануем ім і пытаемся, ці сапраўды падпісваліся. Гэтаксама робіць Цэнтрвыбаркам. Адно што, да Лідзіі Міхайлаўны штабы падпісныя лісты нясуць самі, а мне прыйшлося пабегаць па горадзе.

Першы раз абзвоньваю патэнцыйных кандыдатаў на пачатку жніўня. Усе пагаджаюцца паказаць лісты. “Ды не праблема, прыязджайце, калі захочаце”, — чую ў тэлефоне. Хачу я, вядома, бліжэй да 21 жніўня. І тут пачынаюцца першыя прыгоды.

Штаб Віктара Цярэшчанкі.

Цярэшчанку тэлефаную 18 жніўня:

— Віктар Іванавіч, хачу сёння прыехаць да вас у штаб, паглядзець на падпісныя лісты, зрабіць некалькі здымкаў. Гэта магчыма?

— Так, так. Толькі ведаеце, вы тэлефануйце такому чалавеку — Алег Пятровіч. Ён у штабе, ён там на месцы. Вам патлумачыць, што і як. Я зараз з ім перагавару, а вы праз гадзіну набярыце.

Не праблема, набіраю праз гадзіну таямнічага Алега Пятровіча. Трубку ён здымае не адразу, размова ў нас атрымліваецца дзіўная:

— Алег Пятровіч, добры дзень. Мне ваш нумар даў Віктар Цярэшчанка, сказаў, што вы пакажаце падпісныя лісты.

— Не пакажу.

— Чаму? Мы дамаўляліся.

— Ведаеце, цяпер гэта немагчыма. У штабе кіпіць праца, усе людзі ва ўсіх кабінетах працуюць над здачай падпісных лістоў, афармляюць усе нюансы. Мы будзем ім перашкаджаць.

— Але я ненадоўга, зраблю некалькі здымкаў літаральна за хвіліну.

— Не, не, не. Нельга перашкаджаць, вы ж разумееце — сур’ёзная справа, шмат працы. Нельга людзей адцягваць. Можа, вы інтэрв’ю лепш возьмеце?

— Вазьму, вядома… А можна гэта ў памяшканні штаба зрабіць?

— Так! Але толькі праз некалькі дзён, калі мы ўсе падпісныя лісты здадзім.

— Зразумела…

— Вы толькі не крыўдуйце. Мы вельмі любім і паважаем Еўрарадыё, вельмі шануем працу журналістаў. Вы робіце вельмі важную справу.

— Так, так. Вядома.

Штаб Мікалая Улаховіча

Улаховіч у рэйтынгу самых няўлоўных кандыдатаў займае пачэснае другое месца пасля Жанны Раманоўскай. Дазваніцца яму — справа няпростая. Але мне шанцуе, і трубку галоўны казак краіны здымае праз гадзіну пасля пачатку абзвону:

— Мікалай Дзмітрыевіч, добры дзень. Еўрарадыё.

— Што вам трэба?

— Мы хочам пад’ехаць да вас у штаб, пагаварыць пра сабраныя 100 тысяч подпісаў. Зрабіць некалькі фота, яшчэ хочам…

— Не, не, гэта немагчыма. Мяне няма ў Мінску. У штабе таксама нікога няма, усе раз’ехаліся, шмат працы.

— Зусім нікога? Нам бы толькі ўбачыць некалькі лістоў падпісных. Вы ж яшчэ не ўсе па Мінску здалі.

— Там нікога няма. Я вярнуся толькі пасля 21 чысла, калі ўсё будзе здадзена. Тады калі ласка, пакажу вам наш штаб, можам пагаварыць.

— Так, дзякуй. Але мы б хацелі ўбачыць падпісныя лісты.

— Толькі на наступным тыдні буду, усё, да пабачэння.

Казак кідае трубку, я слухаю гудкі. Праўда, праз хвілін пяць Улаховіч перазвоньвае ў рэдакцыю і больш лагодным тонам зноў абяцае пусціць нас у свой выбарчы штаб “на наступным тыдні”.

Штаб Таццяны Караткевіч

З дэмакратычна-празаходняй апазіцыяй (назавем яе так) дамаўляцца было прасцей. “Ленінградская 5-37, прыязджайце праз паўгадзіны”, — чую ад кіраўніка штаба Караткевіч Андрэя Дзмітрыева. Прыязджаю. Дзверы адкрывае адзін з кіраўнікоў ініцыятыўнай групы Сяргей Вазняк:

— Добры дзень, Андрэй Дзмітрыеў сказаў, што я магу ўбачыць сабраныя вамі подпісы, зрабіць некалькі фота падпісных лістоў.

— Дзмітрыева няма, але можаце і без яго сфатаграфаваць, калі вам так трэба.

Вазняк вядзе мяне ў пакой, дзе сабраныя вялікія кардонныя партрэты Таццяны Караткевіч, стэнды з пікетаў. У пакоі некалькі сталоў, камп’ютараў, за імі людзі. На адным са сталоў стос падпісных лістоў, адсартаваных па раёнах.

“Во, прывёў журналіста. Еўрарадыё. Яны не вераць, што нехта падпісваецца за Караткевіч. Хай фатаграфуе, што хоча, раз не верыць”, — тлумачыць Сяргей Вазняк маё з’яўленне супрацоўнікам штаба. Яны глядзяць на журналіста, як на дурнога. Потым адзін просіць: “Толькі не наблытайце там нічога, мы ўжо расклалі па раёнах”.

Штаб Сяргея Гайдукевіча

“А з кім вы дамаўляліся? З Сяргеем Васільевічам і з Алегам Сяргеевічам? Я праверу, ці праўда гэта, і перазваню вам”, — у штабе Гайдукевіча з бяспекай усё ў парадку, нават сакратарка па звычках нагадвае сяржанта міліцыі. Ператэлефаноўвае праз хвілін дваццаць: “Усё ў парадку, можаце прыязджаць. Адрас ведаеце? Арлоўская 40, у нас асобны уваход. Пазваніце, як будзеце на месцы”.

Дабіраюся да Арлоўскай, 40, званю. Мяне сустракаюць на ўваходзе, вядуць у нетры штаба. Заўважаю, што уваходныя дзверы дублююць масіўныя металічныя краты. Унутры штаба сакратарка перадае мяне сыну лідара ЛДПБ і яго намесніку Алегу Гайдукевічу:

— Так. Подпісы ў нас тут. Вось, на стале ўсё, што бачыце. Здаецца, тут 55 тысяч, усе па Мінску. Усё раскладзена па раёнах, падпісана.

— Я магу сфатаграфаваць падпісныя лісты?

— Так, можаце сфатаграфаваць. Толькі фатаграфуйце так, каб нічога не было бачна.

— Ммм.. Гэта як?

— Каб не было бачна імені, адрасу, подпісу. Фатаграфуйце агулам. Гэта персанальныя дадзеныя. Мы іх здадзім у ЦВК. Мала таго, што яны іх будуць абзвоньваць, яшчэ і вы. Навошта людзей палохаць. Рабіце агульныя фотаздымкі.

Раблю агульныя. Што мне застаецца. З былым начальнікам Фрунзенскага РУУС лепш не жартаваць. Тым больш, у яго офісе, адгароджаным ад свету тоўстымі металічнымі кратамі. Правільнасць майго рашэння пацвярджае сам Гайдукевіч-малодшы. Ён ківае ў бок аднаго з супрацоўнікаў штаба: “А ты правер, каб ён што не сфатаграфаваў не тое, каб усё было нармальна. Выдалі здымкі, калі што”. У выніку траціна маіх фота бязлітасна знішчаецца пільным сябрам каманды Гайдукевіча. Пасля чаго ў пакой заходзіць сам патэнцыйны кандыдат, прапануе гарбаты з кавай, хвілін пяць эмацыйна расказвае пра свае ўражанні ад кампаніі і стаўленне да іншых кандыдатаў і дазваляе паглядзець “хоць кожны падпісны ліст”. “Толькі фатаграфаваць не трэба”, — нагадвае Гайдукевіч-малодшы.

padp_listy_2

Штаб Аляксандра Лукашэнкі

Надзеі на супрацоўніцтва са штабам дзейнага кіраўніка краіны было мала ад пачатку, але праверыць трэба. У “Белай Русі”, якая актыўна працуе на чарговую перамогу Лукашэнкі, расчароўваюць адразу:

— Ведаеце, мы нават не падкажам вам, куды звярнуцца. Мы нічога не ведаем самі.

— Але пад сцягамі вашай арганізацыі стаяць пікеты па зборы подпісаў за Лукашэнку.

— Я нічым не магу вам дапамагчы.

 

У выніку з пяці штабаў, якія заявілі пра збор 100 тысяч подпісаў і гатоўнасці іх здаць у выбаркамы, зрабіць фотаздымкі падпісных лістоў журналістам дазволілі толькі ў ініцыятыўнай групе Таццяны Караткевіч. Але свет не без добрых людзей, таму ў рэдакцыі ўсё ж ёсць копіі лістоў іншых прэтэндэнтаў. Пра вынікі іх праверкі — у другой частцы матэрыяла.

«Еўрарадыё»

21 августа 2015

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…