+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Як Павал Вусаў мяняе прафэсію

Вядомы палітоляг Павал Вусаў на сайце «Беларускі партызан» апублікаваў артыкул, які знамянальны тым, што адлюстроўвае пэўныя вельмі важныя настроі ў дэмакратычным асяродзьдзі. Ён тычыцца старой тэмы ўдзелу (ці няўдзелу) апазыцыі ў лукашэнкаўскіх выбарах.

Карбалевич

Гэтай праблеме роўна столькі часу, колькі, уласна, існуе сам рэжым. Ужо два дзясяткі гадоў ідуць спрэчкі, ці варта ўдзельнічаць у недэмакратычных выбарах. Здаецца, ужо шмат разоў выказаны ўсе аргумэнты «за» і «супраць». Але здараецца чарговая выбарчая кампанія, і ўсе спрэчкі пачынаюцца другім наваратам.

Але нават на тле ўсіх дыскусіяў артыкул Паўла Вусава вызначаецца сваёй катэгарычнасьцю і маральнай рыгіднасьцю. Ён абрынуўся на апазыцыю, якая ўдзельнічае ў выбарах, з усім імпэтам рэлігійнага прапаведніка. На ягоную думку, такія паводзіны апанэнтаў рэжыму — абсалютнае зло, «хлусьня і крывадушнасьць».

Ён абвінавачвае апазыцыю ў намеры шукаць кампраміс з рэжымам і прыходзіць да катэгарычнай высновы: «Рознага роду палітычныя прайдзісьветы і рэнэгаты даўно выціснулі з апазыцыйных структур прынцыповых і сумленных людзей». Не сказаў бы, што гэта зусім нешта новае. Заявы наконт таго, што ўся беларуская апазыцыя кіруецца КДБ, ня раз гучалі з вуснаў асобных эмігранцкіх палітыкаў.

Больш за тое, сваю пазыцыю Павал Вусаў гатовы зрабіць нейкім маральным індыкатарам, маркерам грамадзянскасьці, паводле якой трэба ацэньваць усіх экспэртаў і прадстаўнікоў мэдыяў. Ён піша: «Я думаю, што гэтая задача кожнага журналіста, публіцыста і аналітыка — змагацца з хлусьнёй, якой бы праўдай яна ні імкнулася здавацца. Толькі так можна стварыць умовы для рэальных палітычных зьменаў у краіне».

Я цяпер не зьбіраюся палемізаваць на тэму, ці трэба апазыцыі ўдзельнічаць у несвабодных выбарах. Мяне больш зачапіла сама мэтадалёгія ацэнак дзейнасьці палітычных арганізацыяў і нават СМІ, той пункт гледжаньня, зь якога сп. Вусаў глядзіць на сытуацыю і зьбіраецца судзіць усіх удзельнікаў грамадзкага працэсу.

Як можна зразумець, аўтар дае сваю катэгарычную ацэнку беларускай апазыцыі з маральнага гледзішча. Галоўны ягоны пастулят палягае ў наступным: удзел у выбарах — гэта амаральна, беспрынцыпова, гэта хлусьня і крывадушнасьць.

Першае пытаньне, якое ўзьнікае: наколькі ўвогуле маральна вучыць беларусаў прынцыповасьці, бескампраміснасьці, жорсткасьці і ахвярнасьці ў змаганьні з дыктатурай, знаходзячыся за мяжой? Можа, было б і некарэктна так ставіць пытаньне. Але, здаецца, гэта стала тэндэнцыяй, што найбольш гучныя заклікі да прынцыповасьці і бескампраміснасьці даносяцца чамусьці менавіта з колаў эміграцыі.

Аднак больш важная іншая праблема. Мараль займае важнае месца ў палітычным жыцьці. Але ўсё ж мараль і палітыка існуюць у розных плашчынях. Яны часта перасякаюцца, але ніколі цалкам не супадаюць. Маральныя пропаведзі робяць у цэрквах, гэта іх роля. Я гавару відавочныя рэчы, якія вучаць студэнты на першым курсе факультэтаў паліталёгіі. Калі да маральнасьці ў палітыцы апэлюе журналіст, публіцыст — гэта зразумела. Але калі прафэсійны палітоляг патрабуе падмяніць палітыку маральлю, то тут можна толькі разьвесьці рукамі.

Вось Павал Вусаў папракае апазыцыю ў тым, што тая імкнецца шукаць кампраміс з уладай. З вуснаў палітоляга абвінавачаньне дзіўнае. Бо палітыкі без кампрамісаў не бывае. Больш за тое, пошук мэханізмаў улагоджваньня розных сацыяльных інтарэсаў — гэта адна з галоўных функцыяў палітыкі. Беcкампрамісная палітыка ў любой краіне ў любую эпоху — гэта пэрманэнтная грамадзянская вайна. Ёсьць розныя азначэньні панятку «палітыка». Мне падабаецца такое: палітыка — гэта мастацтва разьмену.

Праблема Беларусі ня ў тым, што апазыцыя ня супраць кампрамісу з уладай. Праблема ў тым, што ўлада ня хоча ніякага сурʼёзнага, рэальнага кампрамісу. Таму ўдзел ці няўдзел апазыцыі ў недэмакратычных выбарах — гэта пытаньне не маралі, а палітычнай мэтазгоднасьці. А ўвогуле прыкра, калі экспэрт мяняе прафэсію, ператвараецца ў маральнага прапаведніка і судзьдзю над палітычнымі грэшнікамі.

«Радыё Свабода»

15 июля 2016

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…