+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

«Здзелка з уладаю», альбо Як выехаць на Караткевіч

Таццяна Караткевіч ёсць адзіным дэмакратычным прэтэндэнтам у прэзідэнты, якая здолела сабраць сто тысячаў подпісаў. Але, справа, на жаль, звыклая ў белапрускім палітыкуме: замест таго, каб за яе парадавацца і яе падтрымаць, усе накінуліся на яе, як ваўкі. Каб загрызці.

Кожны хоча зрабіць сабе піяр на Караткевіч. Але не добрымі справамі (напрыклад, уцягнуца ў яе каманду і спрычыніцца да магчымых далейшых перамогаў), а пнуць як наймацней. У спадзеве, што «і цябе заўважаць», як Фядуту, які даў выспятка Рымашэўскаму.

Дзякуй богу, яшчэ хапае розуму ў «палітыкума», не даводзіць гэтага да фізічных сутыкненняў. Усё ж жанчыну біць — у грамадстве не вітаецца. Але каб гэта быў бы мужык — пэўна, дайшло б і да кулакоў. А раптам так і застанешся ў гісторыі, дзякуючы бойцы?

Вось, напрыклад, Рух «За свабоду» 24 жніўня ў чарговы раз распаўсюдзіў заяву пра тое, што гатовы арганізаваць «незалежную праверку подпісаў» за Караткевіч. Гэта класна, спадарства! Па-першае, Рух самаўхіліўся ад удзелу ў гэтай выбарчай кампаніі, а зараз разлічвае стаць нейкім «незалежным кантралёрам». Спадарства, калі б вы збіралі подпісы, вы б ведалі «хто ўрот, а хто не ўрот». Па-другое, супер — гаворка пра «праверку подпісаў», калі яны ўжо перададзеныя ў тэрытарыяльныя камісіі. Што зараз рабіць Караткевіч? Адклікаць подпісы з камісіяў, каб РЗС на іх паглядзеў?

Па-трэцяе, незразумела, чаму Караткевіч павінна схапіць подпісы і бегчы ў Рух, каб яны іх праверылі? Калі гэта трэба Руху, то яны б самі завіталі ў штаб Таццяны, самі б скапіявалі патрэбную для праверкі колькасць, і праверылі б. Ад офісу РЗС да штабу Караткевіч — пяць прыпынкаў на метро, 15 хвілінаў ехаць. Чаго складанага?

Вось «Еўрарадыё», напрыклад, так і зрабіла. І сфатаграфавала подпісы за Караткевіч, і праверыла іх па стандартах ЦВК. Чаму РЗС піша «адкрытыя лісты да дэмакратычнай грамадскасці і Таццяны Караткевіч», замест таго, каб пайсці і ўсё тое, пра што піша, зрбіць?

Ды не важная ім праверка подпісаў! І не збіраюцца яны іх правяраць! Ім важна «прапіярыцца на фоне Караткевіч».

Іншыя прэтэндэнты ў прэзідэнты, якія не назбіралі сто тысячаў подпісаў, кажуць: усе былі ў аднолькавых умовах. Калі мы не назбіралі, то і Караткевіч не назбірала. І няма пра што казаць.

У тым уся і справа, што ўмовы былі неаднолькавыя. Караткевіч была ў больш выгадным становішчы, бо за ёй — «Народны рэферэндум». Прынамсі, тая база ў 120 тысячаў подпісаў грамадзянаў, якія за «НР» падпісваліся цягам апошніх трох гадоў. Яе ініцыятыўнай групе заставалася толькі яшчэ раз прайсціся па ўжо сабраных адрасах і пераканаць людзей яшчэ раз падпісацца — за Караткевіч. Гэта прасцей, чым даўбсціся ў час збору подпісаў ва ўсе кватэры агулам, не ведаючы, які вынік будзе.

І ўжо ў які раз паўтаруся — пра такую сістэму збору подпісаў каманда Караткевіч казала ўголас, не хаваючы таго, што будзе скарыстоўваць базу «НР» для яе вылучэння. Нічога ў гэтым прыкрага няма, і саромецца тут няма чаго.

Урэшце гэта зразумелі і іншыя палітыкі. І вось ужо Анатоль Лябедзька абвяшчае збор подпісаў пад праграмай «Мільён новых працоўных месцаў» — з прыцэлам на парламенцкія выбары. Дык што, правіна Таццяны ў тым, што яна першая скеміла скарыстаць ранейшыя напрацоўкі для новай кампаніі?

Лукашэнка пахваліў Караткевіч за стаўленне да беларускай мовы. Ярмошына выказалася, што Таццяна — гэта новы прывабны і не заплямлены скандаламі фэйс беларускай апазіцыі. І з-за гэтага некаторыя палічылі, што Караткевіч збіраецца «ўбудоўвацца ў сістэму» ці «пайшла на здзелку з уладаю».

Калі я чую пра «здзелку Караткевіч з уладай», мне чамусці ўзгадваецца першы савецкі фантастычны баявік «Госця з будучыні». Як касмічны пірат Вясяльчак У спакушаў Міколу Герасімава раскрыць таямніцу, дзе ён схаваў міелафон. «Ровар хочаш? Не? А матацыкл хочаш? Таксама не? А машыну, «Жыгулі» хочаш? Уяўляеш: такі маленькі, а ўжо «Жыгулі»…

Чаму менавіта гэта? Ды таму, што апроч «Жыгулёў» улада і прапанаваць Караткевіч нічога не можа!

Калі гэта «здзелка», то ўлада павінна штосці прапанаваць. Што яна здольная прапанаваць? Можа быць, Караткевіч атрымае пасаду ва ўрадзе? Напрыклад, міністрам сацыяльнай абароны, замест Марыяны Шчоткінай? Ага. І Таццяна аўтаматычна зробіцца суадказнай за збядненне насельніцтва, за эканамічную разруху, за ідыёцкія падаткі «на вяселле», «на аўто», «на беспрацоўе»? Тушы святло, кідай гранату — Караткевіч не такая дурніца, каб прымаць такую прапанову.

І без таго першы ўрад новага прэзідэнта будзе ўрадам самазабойцаў. Дзеля хуткага ратавання краіны ён правядзе «шокавыя» рэформы. Гэты «шок» непазбежна адаб’ецца на народе. І клясці гэты першы ўрад, і ягоных чальцоў, і першага новага прэзідэнта будуць, як Гайдара ў Расіі.

Але браць адказнасць за правалы і правіны сённяшняй улады? Выбачайце, няма дурных.

Можа быць, абяцанка, што Караткевіч у 2016-м годзе патрапіць у парламент? А навошта ёй гэта? Па-першае, з працы ў «Народным рэферэндуме» яна ведае, якія ў гэтага парламента паўнамоцтвы, і што гэта — «набор глухих согласных». Ізноў жа — і адказнасць за правал эканамічнай палітыкі без права ўплываць на гэтую палітыку. Па-другое, усе мы ведаем цану абяцанкаў улады, яны гаспадары свайго слова: самі далі — самі назад забралі.

Таццяне могуць зрабіць апошнюю прапанову Вясяльчака У: «Грошай, шмат грошай хочаш?». І калі пасля выбараў у Караткевіч з’явіцца маленькая фірма па перапампоўцы мільёна тон нафты з Расіі на Захад, тады можна будзе казаць пра «здзелку з уладаю». Але ізноў жа два моманты: грошы ўладзе і самой патрэбныя аж па самое «не магу», каб аддаваць такі кусменчык Караткевіч. Ну і ўсе мы ведаем, што ў нас час ад часу здараецца з буйным бізнэсам. У лепшым выпадку, на прыкладзе ўладальніка «Спартака» Марата Новікава, які зараз па-за межамі краіны, у горшым — на прыкладзе сябра Чыжа Япранцава ці Уладзіміра Беражкова, які пайшоў у Федэрацыю хакея, а апынуўся за кратамі. Ад рэвалюцыйнай неабходнасці барацьбы з карупцыяй нават высокія знаёмствы не ратуюць.

ІМХО, ва ўлады проста няма чаго прапанаваць Караткевіч, каб яна пайшла на «здзелку». Найперш таму, што веры гэтай уладзе няма: яна спачатку «здзелку», а потым падмане. Колькі разоў ужо розныя «байкатоўшчыкі» казалі нам пра розныя «здзелкі», перабіраючы толькі назвы арганізацыяў і даты выбараў. Ужо колькі разоў казалі пра трапленне пяці-трох апазіцыянераў у парламент ці ў нейкія саветы — ад мясцовых, да розных кансультацыйных. Ну і дзе гэта ўсё?

А некаторыя прыхільнікі канспіралогіі і версіяў «здзелак з д’яблам» нават адкрыта выказаліся, што галоўны вораг для іх — зусім не Лукашэнка, не дыктатура і не «рускі мір», а бедная Таццяна. «Тэмай палітвязьняў Малады Фронт і ішыя гасілі да ўчорашняга ўжо не Лукашэнку, а толькі Караткевіч», — прызнае адзін з лідэраў МФ Зміцер Дашкевіч у Фэйсбуку.

dash_fb(1)

Для «Маладога фронту», пэўна, было б суперскім вынікам «замачыць» адзінага прэтэндэнта ў прэзідэнты, які падтрымлівае бел-чырвона-белы сцяг, герб «Пагоню» і дзяржаўнасць беларускай мовы. Тое, што сябры МФ у прысяге арганізацыі ўсяляк клянуцца адстойваць.

Зараз Дашкевіча павінна напаткаць асуджэньне Госпада і паплечнікаў, як пра гэта гаворыцца ў прысяге МФ.

Калі Караткевіч здымецца з выбараў, даказаць фальсіфікацыі на іх будзе немагчыма. «Гашэнне» Караткевіч у той час, калі ў Лукашэнкі навыбар яшчэ тры спарынг-партнёры — гэта якраз тое, што трэба Лукашэнку. Калі не будзе Караткевіч, можна смела праводзіць празрыстыя выбары з падлікам галасоў. Нават калі на іх выйграе не Лукашэнка, а, дапусцім, Улаховіч, «рускі казак», які падтрымлівае палітыку Лукашэнкі — вельмі хораша ад гэтага стане «Маладому фронту», так?

Можа, хай МФ адразу прызнае, што ў гэтай кампаніі яны за Лукашэнку? Той, прынамсі, не «рускі мір».

Можа быць, не трэба шукаць чорную котку ў цёмным пакоі, асабліва, калі яе там няма? Можа быць, давайце піярыца не за чужы кошт? Ну, калі ўжо няма сваіх ідэяў, і трэба нагадаць пра сябе, хай і коштам Караткевіч — давайце гэта будзе «добры піяр», а?

Сяргей Пульша, «Новы час»

26 августа 2015

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…