+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Зварот грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» да Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Трэба зняць мастацкі тэлевізійны серыял пра БНР і абвесціць 2018 год Годам стагоддзя БНР

Сёння – чарговая гадавіна ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

За апошнія гады ўвага да гэтай знакавай у гісторыі беларускай незалежнасці і дзяржаўнасці падзеі непараўнальна падвысілася. Але яе па ранейшаму мала. Як на грамадскім, так і дзяржаўным узроўні.

У звязку з тым, што праз два гады наша краіна будзе адзначаць 100-годдзе БНР, грамадзянская кампанія «Гавары праўду» лічыць своечасовым ужо зараз распачаць працу над мастацкім тэлесерыялам пра тыя гістарычныя падзеі.

Яны сталіся новым важным крокам у адбудове беларускай незалежнасці, утварэнні беларускай дзяржавы і ўрэшце – сённяшняй Рэспублікі Беларусь.

У цяперашніх палітычных варунках вельмі важна паказаць, што нашыя свабода, незалежнасць, дзяржаўнасць – зусім не шчаслівы выпадковы падарунак лёсу, а вынік векавога змагання цэлых радаводаў, многіх пакаленняў, тысяч і тысяч патрыётаў за беларускую будучыню.

Гэты мастацкі серыял паспрыяе не проста годнаму ўшанаванню 100-годдзя БНР, але і таму, каб нацыянальнае свята стала сапраўды ўсенародным.

Таксама прапануем Міністэрству культуры выступіць з ініцыятывай абвясціць 2018 год Годам стагоддзя БНР і прыняць адпаведную дзяржаўную праграму.

Віншуем са святам Незалежнасці,

Жыве Беларусь!

Лідэры «Гавары праўду» 

Андрэй Дзмітрыеў,

Таццяна Караткевіч

Зварот дасланы праз zvarot.by у Міністэрства культуры ад імя Андрэя Дзмітрыева

25 марта 2016

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…