+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

НЯКЛЯЕЎ: «ЛЮДЗІ ПРЫВУЧАНЫЯ ДА СЛОВА “РЭФЭРЭНДУМ”». Вядомыя блогеры абмеркавалі «Народны рэфэрэндум» з ініцыятарамі

Палітыкі з арганізацыяў, якія ладзяць «Народны рэфэрэндум», у офісе кампаніі «Гавары праўду» сустрэліся з папулярнымі ў Інтэрнэце блогерамі – многія з якіх вядомыя як журналісты ды сур’ёзныя аналітыкі ў сьферах паліталогіі, сацыялогіі, эканомікі.

 

 

 

 

Арганізатары: «Першым этапам мы задаволеныя»

«Людзі ж прывучаныя да слова “рэфэрэндум”. Яны самі пачынаюць прапаноўваць, бо гэта ў зразумелых для іх рамках», – тлумачыць, гэтак мовіць, семіятычную (то бок, знакавую) падаплёку «Народнага рэфэрэндуму» лідар кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімір Някляеў.

З гэтай нагоды ўдзельнікі задаліся пытаньнем: слова, ясна, ведаюць – але «Ці не будзе cлова “рэфэрэндум” асацыявацца са зьменаю дзяржаўнай сімволікі, з дазволам Лукашэнку займаць вышэйшую пасаду без абмежаваньня тэрмінамі, і да т.п.?» (Сяргей Чалы). Аднак ініцыятары «Народнага рэферэндуму» запэўнілі, што гэтага не баяцца.

Самую ж матывацыю мерапрыемства «Народны рэферэндум» арганізатары патлумачылі адкрыта. «Сітуацыя ў краіне кардынальна мяняецца – але мяняецца для Лукашэнкі, а не для апазіцыі, – кажа намесьнік старшыні руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч, маючы на ўвазе, што давер да Лукашэнкі імкліва падае, але давер да апазіцыі пры гэтым не ўзрастае. – З’явілася электаральная яма». Намесьнік кіраўніка грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў: «Гэты план нарадзіўся, калі хочаце, ад безвыходнасьці. Дагэтуль у апазіцыі не выходзіла атрымаць доўгатэрмінувую падтрымку. “Народны рэфэрэндум” – гэта спроба паглядзець інакш і на праблемы апазіцыі, і на праблемы людзей». Ігар Лялькоў, намесьнік старшыні БНФ: «Мэта – стварэньне механізму зваротнай сувязі».

Калі меркаваць па першым этапе, дык ініцыятары пакуль задаволеныя. «Раней людзі не хацелі чуць пра глабальныя праблемы – гэта, маўляў, у вас у Мінску, а ў нас тут сваё: мост, дарога… Цяпер іншае: сваё, канешне, ім карціць – але яны ўжо разважаюць пра агульнае», – зазначыў свае ўражаньні Ўладзімір Някляеў.

«Мне вельмі спадабалася на першым этапе, калі мы пачалі езьздіць па рэгіёнах і размаўляць з людзьмі, – што людзі актыўна адгукаюцца – і прапаноўваюць свае пытаньні. Яны сумбурныя, яны часьцей не нацыянальнага маштабу – але з іх ужо нешта вымалёўваецца», – гаворыць Ю.Губарэвіч.

 

Блогеры: «Які механізм адбору пытаньняў?»

«Гэта спроба ўцягваньня людзей “праз малую рэч”, – гэтак сфармуляваў мэту арганізатараў Марк Бярнштэйн. – Аднак падобныя спробы ўжо былі, і вынік заўсёды быў наступны: так, людзі гатовыя паставіць подпіс, так, гатовыя паразмаўляць ды абмеркаваць; але ж калі трэба штосьці зрабіць – тут ужо гатоўнасьці няма».

Наогул, адназначна скептычнае стаўленьне падчас сустрэчы гучала. Адзін з удзельнікаў назваў «Народны рэфэрэндум» «дзіўнай задумай, якая можа стацца выйгрышам Лукашэнкі». «Прароцтва» Чалага: «Вы змарнуеце велізарную колькасьць намаганьняў, а адказаў на свае пытаньні не атрымаеце (паколькі правесьці рэфэрэндум усё адно не дадуць)».

Ініцыятары патлумачылі, што колькасьць пытаньняў, якія плануецца адабраць для «Народнага рэфэрэндуму» – прыблізна 5 (ці не больш за 5). Удзельнікі – асабліва Паўлюк Быкоўскі і Зьміцер Галко – настойліва пыталіся пра механізм адбору, але дакладна ён пакуль не вызначаны: адзінае, што пэўна патлумачылі ініцыятары – будуць кансультацыі з экспертамі і скарыстаньне сацыялогіі.

Пры гэтым арганізатары запэўнілі: «Усе пытаньні будуць пачутыя – не толькі тыя, што будуць вынесеныя на рэфэрэндум» (Дзьмітрыеў); «Ніводнае пытаньне адкінутае не будзе, у тым ліку і тыя, што не ўвойдуць у “пяцёрку”» (Губарэвіч).

 

«Думайце самі!»

Прапановы па пытаньнях арганізатары прасілі ад блогераў, але тыя былі не дужа актыўныя. Зьміцер Галко прапанаваў «Ці жадаеце Вы, каб у Беларусі была манархія?» або «Ці згодны Вы з тым, што ўладу забараняецца перадаваць у спадчыну?». Што да іншых прапаноў – наконт абмежаваньня прэзідэнцкіх тэрмінаў ды наконт празрыстасьці бюджэту – дык яны яўна скіраваныя на скасаваньне таго, што было праўдамі-няпраўдамі зацьверджана пасьля Лукашэнкавых «рэфэрэндумаў».

Удзельнікі далі ініцыятарам «Народнага рэфэрэндуму» некалькі парадаў. «Ясна, што рэфэрэндум вам ніхто праводзіць не дасьць, і вашая галоўная задача – паразмаўляць з людзьмі пра пэўныя праблемы», – упэўнены Дзяніс Мельянцоў. «Слова “рэфэрэндум” тут залішняе, проста камунікуйце з людзьмі», –  раіць Сяргей Чалы.

Але лейтматывам парадаў усё ж зрабіўся тэзіс, які блогеры сфармулявалі лаканічна: «Думайце самі».

Зрэшты, завадатары «Народнага рэфэрэндума» і не хаваюць, што «галоўная мэта – гэта камунікацыі з людзьмі» (І.Лялькоў). А.Дзьмітрыеў падкрэсьліў, што посьпехам мерапрыемства можна будзе лічыць, калі актывісты здолеюць набраць пад пытаньнямі 450 тысяч подпісаў (столькі трэба па Канстытуцыі). А ўвогуле, наконт пасьпяховасьці «адказ будзе ў 2015 годзе, у прэзідэнцкую кампанію».

 

«Ці хочаце Вы, каб Вам павысілі зарплату?»

Намер арганізатараў падабраць на «Народны рэфэрэндум» пытаньні, што, як паведаміў Дзьмітрыеў, «будуць мець сістэмны характар, а не нейкія касмэтычныя зьмяненьні», нязгоды не выклікаў. Вялікія сумненьні ва ўдзельнікаў выклікаў намер падабраць пытаньні, якія б «не раз’ядноўвалі людзей, не расколвалі нацыю, а кансалідавалі». Было заўважана, што кожнае хоць колькі-небудзь цікавае пытаньне будзе выклікаць розныя пазіцыі – адпаведна, «раз’ядноўваць».

Сярод галоўных пытаньняў, якія хвалююць людзей (што высьветлілася падчас паездак па рэгіёнах), А.Дзьмітрыеў назваў «даступную і якасную медыцыну» і «павышэньне заробкаў» (а таксама тое, што «дзяржава нас не паважае!» – але ж то для рэфэрэндуму не сфармулюеш).

На гэта ўдзельнікі з гумарам адказалі, што вось гэтыя пытаньні насамрэч могуць «аб’яднаць нацыю»: калі запытацца «Ці хочаце Вы, каб Вас лячылі бясплатна ды якасна?» і «Ці хочаце Вы, каб Вам павысілі зарплату?» – сьцьвярджальны адказ дадуць, бадай, 100%.

Зьміцер ЛІХТАРОВІЧ

zapraudu.info

Скарочаны варыянт у перакладзе на рускую мову апублікаваны ў інтэрнэт-выданьні «Белорусские новости»

 

 

25 июня 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета