+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Адкрыты ліст творчай інтэлігенцыі да прэм’ер-міністра ў сувязі з сітуацыяй вакол музея Максіма Багдановіча

Прэм’ер-міністру Рэспублікі Беларусь Міхаілу Мясніковічу

АДКРЫТЫ ЛІСТ

Тры гады таму Савет міністраў Беларусі пастановай № 187 зацвердзіў план мерапрыемстваў да 120-годдзя класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Выкананне плана ўскладвалася на Міністэрства культуры. Згодна з пастановай Міністэрству культуры даручалася:

1. Сумесна з Гродзенскім аблвыканкамам усталяваць у Гродне, горадзе дзяцінства паэта, помнік Максіму Багдановічу.

2. Сумесна з Міністэрствам замежных спраў стварыць выставачную залу Максіма Багдановіча ў Ялцінскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

3. Сумесна з музеем М. Багдановіча адчыніць “Беларускую хатку” — філіял музея на Рабкораўскім завулку ў Мінску.

4. Сумесна з ТАА “Трайпл” аднавіць у Мінску дом, у якім нарадзіўся Максім Багдановіч. 



Спіс можна было б прадоўжыць, але ў тым няма сэнсу, бо ніводнае з гэтых даручэнняў Савета міністраў не выкананае.  Ніводнае! У звязку з гэтым проста глумленнем над памяццю Максіма Багдановіча выглядае загад міністра культуры аб фактычным закрыцці музея паэта ў Мінску. Размова йдзе менавіта аб закрыцці, бо мы лічым, што з паніжэннем статусу музея да статусу філіялу з будынку ягонага будзе спачатку перанесеная экспазіцыя, а пасля будзе забраны і сам будынак. Вось што насамрэч стаіць за словамі пра “аптымізацыю дзейнасці музея” ў загадзе міністра культуры Б. Святлова, падставай для якога быццам бы стала рашэнне калегіі міністэрства.

Мы не пытаемся, хто такі Б. Святлоў, каб паніжаць статус Максіма Багдановіча. Мы не пытаемся, каму закарцела забраць музейны будынак. Мы, падпісанты гэтага адкрытага ліста, прадстаўнікі беларускай культуры, пытаемся: чаму ў беларускай дзяржаве не ўкараняецца, а мэтанакіравана вынішчаецца ўсё глыбінна беларускае, як такое ўвогуле можа быць?..

Разумеючы, што пытанне гэтае рытарычнае і наўрад ці вы на яго адкажаце, хацелі б мець адказ на пытанні канкрэтныя:

1. Чаму не выкананыя даручэнні ўрада, якім вы кіруеце?

2. Ці зацвердзілі вы подпісам кіраўніка ўрада загад міністра культуры пра паніжэнне статуса, а фактычна пра закрыццё музея класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча?

Уладзімір Арлоў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Ніл Гілевіч, Віктар Казько, Уладзімір Някляеў, Барыс Пятровіч, мастак Алесь Марачкін, рэжысёр Валерый Мазынскі.

12.12.2013

12 декабря 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі