+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Актывістка «Гавары праўду!» Таццяна Караткевіч: «Праўда Быкава не балючая, а тэрапеўтычная»

быков1

Меркаванні вядомых беларусаў пра Васіля Быкава.

Актывістка «Гавары праўду!» Таццяна Караткевіч:

– Для мяне Васіль Быкаў – чалавек-геній, каторы так адчувае асобу і ўнутраныя рухі, якія адбываюцца ў людзях, як ніхто не адчуваў. Яго слова прастое, жывое.

Як псіхолаг я магу сказаць, што ён выдатна ведаў душы людскія. I мяне заўсёды захапляла тое, што ён рабіў, як дагэтуль ён уплывае на людзей. Пасля такіх людзей як Васіль Быкаў застаецца спадчына, да якой можна звяртацца за падпіткай эмоцый, ідэй, імкненняў.

Увогуле, у сістэме вартасных каардынат, ён той ідэал, да якога варта імкнуцца ў разуменні людзей, падзей, магчымасці казаць праўду так, што яна становіцца не балючай, а тэрапеўтычнай.

Мастак Алесь Пушкін: «Вайна шматгранная, і праўда пра яе розная»

– Самае галоўнае яго дасягненне – гэта ўплыў на людзей жыць не па лжы, а па праўдзе. Васіль Быкаў усім дае просты ўрок справядлівасці: рабі што можаш, рабі што ў тваіх сілах і будзь што будзе. Ягоныя творы, «Сотнікаў», «Круглянскі мост», ды іншыя на мяне моцна паўплывалі.

Пачытаўшы Быкава, я трохі смялей пачаў думаць пра свайго тату, які быў паліцаем. Яго рэабілітавалі ў 1991 годзе, але Васіль Уладзіміравіч адкрыў вочы, што не трэба саромецца таты-паліцая і вайна шматгранная, і праўда пра яе павінна быць прамоўлена розная, а не толькі тая, якую нам распавядаюць з пазіцыі Крамля. Падчас вайны было шмат людзей, якія думалі пра Беларусь і ў акупацыі змагаліся ў нямецкіх шынелях. Іх таксама варта б было дадаць да ідэі беларускай незалежнасці.

Музыкант Лявон Вольскі: «Быкава чытаў увесь клас»

– Такі ўзор правільнай грамадзянскай і творчай пазіцыі цяжка адшукаць. Васіль Быкаў ніколі не хлусіў і ў творчасці таксама. Гэта было цяжка і ў савецкі час і пасля, трымацца праўды, не зважаючы ні на што, бо цяжка заставацца верным праўдзе праз цкаванне і рэпрэсіі.

У розныя часы, і зараз таксама, за розных людзей, у тым ліку і рэйтынгавых, публічных, бывае так, што адчуваеш сорам. А Васіль Быкаў – гэта наш гонар, за які ніколе не было сорамна.

Калі я вучыўся ў школе, мы гутарылі з бацькам пра беларускую літаратуру. I ён сказаў мне, што Васіль Быкаў – гэта адзіны запатрабаваны ва ўсім свеце беларускі пісьменнік. Я запомніў бацькавы словы на ўсё жыццё.

У школе праграму па беларускай літаратуры звычайна ніхто не чытаў, спісваючы крытыку з хрэстаматыі. Але Быкава прачытаў я, прачытаў увесь клас, таму што ягонае слова зацягвала. Зараз ужо не памятаю, што гэта была за кніжка, але я чытаў яе да двух гадзін ночы, пакуль не скончыў.

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец: «Быкаў стаў тым пісьменнікам, якi перавярнуў свет з ног на галаву»

– Канешне, Васіль Быкаў на мяне аказаў уплыў у першую чаргу як творца. У прозе яшчэ ў школьныя часы я сустрэў прыклад таго, што пасля яго нічога больш вялікага напісаць нельга.

Васіль Быкаў стаў тым пісьменнікам, хто перавярнуў свет з ног на галаву. Моц быкаўскага генія ў тым, што беларускай мовай ён пісаў так, што пачынаеш перажываць і цалкам захапляешся напісаным. Простыя словы Васіля Быкава, што складаюцца ў сказы, робяць цябе патрыётам Беларусі.

Крыніца: «Салідарнасць»

19 июня 2014

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі