+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Актывісты «Гавары праўду» з Пінску і Белаазёрску далучыліся да святочных мерапрыемстваў з нагоды Дня Волі

24 сакавіка актывісты БСДП (Грамада), “Гавары праўду” і КХП-БНФ адзначылі Дзень волі прыборкай магілаў прэм’ер-міністра БНР Рамана Скірмунта.

Пінскія дэмакраты традыцыйна штогод робяць такую акцыю, нягледзячы на надвор’е. Сёлета абышлося без “удзелу” супрацоўнікаў КДБ. Прысутныя згадалі славутага земляка і праспявалі “Магутны Божа”.

Аб Рамане Скірмунце.
Нарадзіўся ў маёнтку Парэчча на Піншчыне. Скончыў Рыжскую класічную гімназію. Атрымаў адукацыю ў Варшаўскім універсітэце (юрыспрудэнцыя) і ў Венскім універсітэце (філасофія).
Раман Скірмунт выступаў як адзін з ідэолагаў краёўцаў, дамагаўся стварэння Краёвай партыі Літвы і Беларусі як міжнацыянальнага блоку польскай, беларускай і летувіскай палітычных арганізацыяў.

3 1906 г. Р. Скірмунт дэпутат першай Дзяржаўнай думы Расейскай імперыі, ініцыятар аб’яднаньня дэпутатаў-краёўцаў у Групу заходніх ускраінаў. З кастрычніка 1910 г. да студзеня 1911 г. чалец Дзяржаўнага савету Расейскай імперыі. Уваходзіў ва ўправу Віленскага зямельнага банку. З 1911 г. гласны Менскага губернскага земства, з 1914 г. чалец Менскага губернскага камітэту Усерасейскага земскага звязу, у 1917 г. – загаднік Менскага губернскага харчовага камітэту.

У студзені 1917 г. узначаліў Менскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. З сакавіка 1917 г. – старшыня Беларускага нацыянальнага камітэту ў Менску. У красавіку 1917 г. узначаліў беларускую дэлегацыю да расейскага Часовага ўраду з патрабаваннем аўтаноміі Беларусі. Падчас нямецкай акупацыі Беларусі ўзначальваў «Менскае беларускае прадстаўніцтва».

У красавіку 1918 г. увайшоў у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, у траўні 1918 г. яму даручылі фарміраванне новага складу Народнага сакратарыяту Беларусі, з 9 ліпеня 1918 г. – прэм’ер ураду БНР і сакратар міжнародных спраў. Выказваўся за набыццё дзяржаўнымі органамі БНР рэальнай улады, збіранне вакол яе ўсёй этнічнай тэрыторыі беларусаў, памяркоўную аграрную рэформу. 20 ліпеня 1918 г. пайшоў у адстаўку з пасады старшыні ўраду. Працаваў у міжнароднай камісіі Рады БНР, у лістападзе 1918 г. у складзе надзвычайнай беларускай дэлегацыі быў у Нямеччыне і Швейцарыі з мэтай прызнання незалежнасці Беларусі. У польска-савецкую вайну 1920 г. імкнуўся не дапусціць падзелу Беларусі паміж процілеглымі бакамі. Адзін з заснавальнікаў Польска-беларускага таварыства ў Варшаве (1919 г.). Выказваўся за ўваходжанне краю ў склад міжваеннай Польскай Рэспублікі на ўмовах шырокай аўтаноміі.

Пасля на пэўны час Раман Скірмунт адышоў ад палітычнага жыцця, жыў у сваім маёнтку Парэчча. Меў тут цукровы завод, бровар, фабрыку сукна, вадзяны млын, збудаваў касцёл, лякарню, зрабіў падмурак новага палацу. У 1930 г. абраны сенатарам Польскай Рэспублікі. Далучыўся да беспартыйнага блоку супрацоўніцтва з урадам, выступаў супраць асіміляцыі нацыянальных меншасцяў.

Загінуў у сваім маёнтку. Забіты па ўказцы савецкіх органаў пасля заняцця Заходняй Беларусі савецкімі войскамі ў 1939 г.

Да сваіх пінскіх калег далучыліся ў той дзень і актывісты «Гавары праўду» з Белаазёрску.

Сябры Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і кампаніі “Гавары праўду” з Белаазёрску павіншавалі палітвязняў Алеся Бяляцкага, Мікалая Аўтуховіча, Змітра Дашкевіча ды іншых з Днём 95-ых угодкаў незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, кажа адзін з удзельнікаў віншавання Аляксандр Кузьмін:

— Як для нас, так і для ўсіх палітвязняў, гэта не толькі дата 25 сакавіка. Гэта частка нашай незалежнай гісторыі. Гэта якраз тая частка беларускай гісторыі, якая дапамагае нам ісці да незалежнай  Беларусі, да еўрапейскай Беларусі, да еўрапейскіх каштоўнасцяў. 

25 сакавіка 1918 года па ініцыятыве слыннага дзеяча нацыянальнага Адраджэння Антона Луцкевіча была абвешчана незалежная Беларуская Народная рэспубліка.

zapraudu.info

27 марта 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі