+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

АКТЫВІСТЫ ЗМАГАЮЦЦА ЗА ЭКАЛОГІЮ. У Мінску, у Валожыне і ў Хоцімску (фота)

Карэспандэнты сайта Zapraudu.info паведамляюць: у Хоцімску – праблема з прыбіраннем смецця; у Валожыне будуецца экалагічна небяспечны свінакомплекс; сталічныя актывісты «Гавары праўду», поруч з неабыякавымі гараджанамі, заклапочаныя санітарным станам Камсамольскага возера.

Хоцімск

Актывісты «Гавары праўду» пачынаюць барацьбу за чысціню ў родным гарадскім пасёлку. Яны распачалі збор подпісаў пад зваротам у Хоцімскі райвыканкам з патрабаваннем навесці належны парадак і арганізаваць раздзельны збор смецця на кантэйнерных пляцоўках у гарадскім пасёлку.

«На працягу вясны і лета мінулага года актывісты кампаніі “Гавары праўду” вялі актыўную працу з мясцовай уладаю па пытаннях сваечасовага прыбірання кантэйнерных пляцовак, – распавядае дэпутат “Грамадзянскай дамовы” Валерый Каранкевіч. – Дзеля гэтага праводзіліся разнастайныя акцыі. Гэта і збіранне подпісаў, і сустрэчы з чыноўнікамі, адказнымі за арганізацыю і правядзенне згаданых мерапрыемстваў. Пасля публікацыяў у газеце “Беларускі ўсход” і на сайце “Гавары праўду” справа зрушылася з мёртвай кропкі – у гарадскім пасёлку навялі парадак.

Праўда, ў гэнай барацьбе мы “мелі страты”: з адным нашым валанцёрам, Пятром Басейкам, не быў працягнуты кантракт і ён застаўся без працы (хоць ён і мае вышэйшую адукацыю ды працоўны вопыт). Неаднаразова ён звяртаўся па пытанні працаўладкавання, аднак усюды атрымаў адмову з-за сваёй актыўнай грамадзянскай пазіцыі.

Але, тым не менш, справа была зробленая. Праводзілася паасобнае збіранне смецця, рэгулярна чысціліся кантэйнеры, смеццевыя пляцоўкі былі ў здавальняючым стане, што наводзіла на думку: мы атрымалі маленькую перамогу. І ўсё б нармалёва – але зараз гісторыя паўтараецца наноў. Тыя ж былыя праблемы зноў паўсталі. З гэтай прычыны мы, валанцёры кампаніі “Гавары праўду”, вымушаныя зноў пачаць акцыі па зборы подпісаў і навядзенні парадку ў гэтай сферы».

Сам Валерый Каранкевіч не сумняецца, што хоцімскія актывісты «Гавары праўду» змогуць ізноў дамагчыся навядзення належнага парадку ў гарадскім пасёлку. Валерый Міхайлавіч не адзін год адпрацаваў у сістэме ЖКГ і мае вялікі досвед у вырашэнні камунальных праблемаў.

Валожын

Сутнасць праблемы, якая працягвае прыцягваць увагу грамадскасці – будаўніцтва прадпрыемствам «Данпрод» свінакомплексу агульнай плошчай 2,5 тысяч гектараў на 110 тысяч галоў. З гэтай нагоды Валожынский раён днямі наведвалі прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку кампаніі «Гавары праўду», і журналісты незалежных СМІ.

Грамадскі актывіст з Валожына Георгій Каржанеўскі ўпэўнены, што эксплуатацыя дадзенага комплексу прывядзе да экалагічнай катастрофы ў рэгіёне.

На сённяшні дзень практычна знікла рачулка, што цякла паблізу будоўлі.

Зразумелая справа, што спыніць будаўніцтва ўжо немагчыма, тым больш што гэты аб’ект звязаны, па словах мясцовых жыхароў, з імем бізнэсоўца Юрыя Чыжа, аднаго з набліжаных да верхавіны беларускай улады.

Але мінімізаваць рызыкі экалагічнай катастрофы ў рэгіёне яшчэ магчыма, калі ачышчальныя збудаванні – гэтак званыя «лагуны», у якіх павінен адстойвацца гной на працягу года – зрабіць з выкарыстаннем сучасных тэхналогій.

Месца для «лагун» абрана побач з маляўнічым краявідам, – які ўжо насамрэч не вытрымае выпарэнняў ад гною – ну а пра людзей у нас наогул думаюць у апошнюю чаргу. Надыходзячая небяспека нанясення шкоды здароўю і нежаданне жыць побач з велізарнай смуроднай ямінай вымушаюць жыхароў навакольных вёсак задумляцца пра змену месца жыхарства.

Кампанія «Гавары праўду» не пакіне гэтую праблему без увагі і будзе падтрымліваць грамадзянскіх актывістаў у абароне экалогіі.

Мінск

Сталічныя актывісты «Грамадзянская дамова–Гавары праўду» атрымалі адказ з Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, дзе гаворыцца: «пры ацэнцы аб’екта, праведзенага спецыялістамі санітарна-эпідэміялагічнай службы г. Мінска, выяўлены парушэнні санітарных нормаў, правілаў і гігіенічных нарматываў, у сувязі з чым на адрас адміністрацыі Цэнтральнага раёна горада Мінска накіравана адпаведная інфармацыя».

Нагадаем, што ў красавіку ў офіс «Грамадзянскай дамовы–Гавары праўду» звярнуліся жыхары Мінска, якія распавялі: іх хвалюе дрэнны санітарны стан Камсамольскага возера. На сустрэчы было прынята рашэнне сабраць подпісы пад зваротам да гарадскіх уладаў.

«Актывісты сабралі каля трохсот подпісаў, якія былі накіраваныя ў розныя адказныя органы. У асноўным адказы былі, як кажуць, “адпіскамі”, але ад Мінскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі прыйшоў больш грунтоўны адказ з канкрэтнымі прапановамі. Будзем далей кантраляваць сітуацыю і адсочваць выкананне даручэнняў Цэнтра гігіены», – пракаментаваў каардынатар «Грамадзянскай дамовы–Гавары праўду» па Мінску Юрый Салодкі.

zapraudu.info

22 июня 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Надо ли извиняться перед памятником? Андрей Дмитриев на ОНТ