+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Алесь Лагвінец: Асацыяцыя і Эўропа бяз візы так проста не бываюць

— Вот Европа к нам приехала; она нас может вытащит.
— Дык вось не, пакуль мы самі таго не захочам.
Бо Беларусь — наш дом, а не мост ці прахадны двор.

ALahviniec-250

Алесь Лагвінец
Зьбіраю ў мінулую сераду разам зь сябрамі з руху «За Свабоду» подпісы за Народны рэфэрэндум у менскім мікрараёне Малінаўка (вул. Касманаўтаў, дом 41). Адзін спадар, які на выгляд мае за сабой амаль паўстагодзьдзя, абгрунтоўвае сваё нежаданьне штосьці канкрэтнае зрабіць фразай з загалоўку. Хачу завочна працягнуць нашу дыскусію ў разьвіцьцё маёй рэплікі на разьвітаньне зь ім.

Ненародная ўлада вельмі ня хоча, каб амаль 25 год пасьля здабыцьця незалежнасьці наш народ пачуваў сябе адначасова Беларусамі, Уласьнікамі і Грамадзянамі. Ёй выгадна трымаць беларусаў у стане 25-гадовых нахлебнікаў-недавырасткаў, якім нельга давяраць весьці ўласны бізнэс, мець ва ўласнасьці сваю беларускую зямлю, выбіраць сваю ўладу. У дачыненьні да аб’яднанай Эўропы ўлады робяць усё, каб беларусы былі байструкамі — нават юрыдычныя адносіны Беларусі з Эўразьвязам кіруюцца дамовай, заключанай даўно няісным СССР.

Адно з 6 пытаньняў Народнага рэфэрэндуму тычыцца эканамічнай інтэграцыі з Эўразьвязам, дамовы пра асацыяцыю і бязьвізавую прастору. 12 лютага мы распачалі грамадзкія слуханьні па гэтым пытаньні Народнага рэфэрэндуму.

Памежнае мястэчка Дамачава стала месцам першых слуханьняў. Галоўны тэзіс нашай пазыцыі: асацыяцыя з ЭЗ азначае ўвядзеньне эўрапейскіх стандартаў, якія адпавядаюць нашаму нацыянальнаму інтарэсу.

У Беларусі любяць выраз з прыстаўкай «эўра». Эўрапейскае азначае добрае, грунтоўнае, зручнае, павернутае да чалавека і яго патрэбаў. Крамлёўская і тутэйшая антыэўрапейская прапаганда шчыруе ў пашырэньні баек ды няпраўдаў пра заганы і хібы аб’яднанае Эўропы. Аўтакраты хочуць самі пэрсанальна карыстаць з эўрапейскіх свабодаў і дабротаў, але, думаюць яны, ня дай Бог, каб пашырыць іх на сваіх «падданых».

Наша задача — казаць праўду пра Эўропу і руйнаваць выдумкі штатных прапагандыстаў, як гэта робяць нашы суседзі.

Асацыяцыя з ЭЗ — гэта выключны шанец для нашай краіны, каб пабудаваць годнае жыцьцё і выратаваць эканоміку. Менавіта ўзаемадзеяньне з аб’яднанай Эўропай (а не вымольваньне чарговай кабалы ад Крамлю!) стварае рэальныя магчымасьці для беларусаў, каб пераняць лепшае і зрабіць так, каб яно запрацавала на нашай глебе.

Дамова аб асацыяцыі для краінаў Усходняга партнёрства прадугледжвае увядзенне больш як 350 праўных нормаў ЭЗ цягам 10 год. Яна складацца з некалькіх разьдзелаў: палітычнае ўзаемадзеяньне; супрацоўніцтва ў сфэры ўнутраных справаў і пабудовы дзяржавы права; крокаў па стварэньні паглыбленай і ўсебаковай зоны вольнага гандлю; а таксама шырокага супрацоўніцтва ў галіне навукі, аховы навакольнага асяродзьдзя, транспартных сетак, энэргетыкі і адукацыі.

10 год, каб увесьці эўрапейскія стандарты ў ключавых для жыцьця і будучыні краіны сфэрах — гэта дастаткова. Эўразьвяз гатовы нам дапамагаць, але толькі тады, калі мы найперш будзем самі рупіцца.

Як дзейнічаць? З чаго пачаць? Некаторыя прапановы былі агучаныя на слуханьнях ў Дамачаве:

— Патрабаваць вызваленьня палітвязьняў і спыненьня палітычных рэпрэсіяў, праяўляць сваю салідарнасьць з тымі, каго перасьледуе дзяржава;

— Падпісвацца і самім далучыцца да збору подпісаў за Народны рэфэрэндум;

— Ціснуць на ўлады, каб тыя як найхутчэй увялі ў дзеяньне Дамовы аб малым памежным руху зь Літвой і Польшчай;

— Патрабаваць праз пісьмовыя звароты ад МЗСу не выдумляць розных адгаворак ды як найхутчэй падпісаць пагадненьне аб спрошчаным візавым рэжыме з ЭЗ, адмяніўшы ў аднабаковым парадку візы для грамадзянаў Эўразвязу і шэрагу іншых краінаў;

— Закідаць лістамі Раду міністраў, каб яны адмянілі сваю дыскрымінацыйную пастанову № 1554 ад 18.11.2011, якая абмяжоўвае права беларусаў на выезд за мяжу на сваім аўтамабілі не часьцей за 8 дзён, а ў сёньняшніх варунках, права на выжываньне ва ўмовах эканамічнага крызісу, асабліва для жыхароў памежных рэгіёнаў;

— Патрабаваць, каб была неадкладна была прынятая дзяржаўная праграма аб абсталяваньні ўсіх памежных пераходаў зручнасьцямі для пешаходаў і раварыстаў;

— Патрабаваць праз пісьмовыя звароты ад міністра адукацыі, каб было зроблена ўсё неабходнае, каб Беларусь далучылася да Балонскай сістэмы.

Размова ідзе толькі пра першыя найбольш відавочныя крокі, якія маюць на мэце паказаць беларусам і нашым эўрапейскім партнэрам, што наш патэнцыял паляпшэньня стасункаў з аб’яднанай Эўропай пачынае выкарыстоўвацца.

«Белорусские новости»

24 февраля 2015

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Мы открыли горячую «антитунеядскую» линию помощи гражданам