+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Аляксандар Класкоўкі: Беларусы пойдуць на выбары, прычым без прымусу

Паводле апошніх сацыялягічных апытаньняў, 14 працэнтаў беларусаў выступаюць за байкот парлямэнцкіх выбараў. Ці ўплываюць гэтыя ды іншыя дадзеныя сацыёлягаў на рашэньні палітычных партыяў браць удзел у парлямэнцкіх выбарах?

Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ найбольш пасьлядоўна сярод усіх беларускіх палітычных сілаў выступае за байкот парлямэнцкіх выбараў. Намесьнік старшыні партыі Юрась Беленькі адзначае, што прагнозы лідэраў партыі наконт гэтай выбарчай кампаніі пачынаюць збывацца.

«Як мы і казалі, тыя людзі, якія дэкляруюць сябе апазыцыянэрамі, усё роўна пойдуць на гэтыя выбары, бо яны не самастойныя, яны залежныя. Многія людзі мне казалі, што пайшлі на апошнія прэзыдэнцкія выбары толькі таму, што апазыцыя вельмі актыўна да гэтага заклікала. Людзі цяпер гатовыя ісьці на байкот, і калі зараз ім нармальна, дакладна патлумачыць сытуацыю, яны здольныя арганізаваць актыўны байкот і зрабіць так, што абсалютная большасьць ня пойдзе на гэтыя выбары».

Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» — адна зь нешматлікіх апазыцыйных структураў, якія маюць намер без аніякіх агаворак прымаць паўнавартасны ўдзел у парлямэнцкіх выбарах. Партыя мяркуе вылучыць 40 кандыдатаў у дэпутаты, якія будуць ісьці да канца.

Прэсавы сакратар партыі Сяргей Вазьняк тлумачыць, што лічбы НІСЭПД толькі падмацоўваюць рашэньне кіраўніцтва партыі ісьці на выбары.

«Гэтыя лічбы толькі ўмацоўваюць матывацыю пленума ЦК Партыі «Справядлівы сьвет», які прыняў рашэньне, што партыя пойдзе на выбары і пойдзе да канца, без усялякага зьняцьця сваіх кандыдатаў. Зразумела, што яўка будзе забясьпечаная — значыць, байкот бессэнсоўны. Людзі разумеюць, што выбараў у нармальным разуменьні гэтага слова няма, таму трэба праводзіць ня выбарчую кампанію, а палітычную кампанію. І разьвязваць палітычныя пытаньні — тлумачыць людзям сытуацыю ў краіне, паказваць ім пазытыўную альтэрнатыву. І гэтым будуць займацца нашы партыйныя кандыдаты. Трэба перамагаць не ў пратаколах выбарчых камісіяў, а ў сэрцах і розумах людзей. І лічбы НІСЭПД кажуць, што такую працу весьці трэба».

Кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі «БелаПАН» Аляксандар Класкоўскі зьвяртае асаблівую ўвагу на лічбу — 51 працэнт. Менавіта столькі апытаных адказалі «так» на пытаньне сацыёлягаў — «Ці пойдзеце вы галасаваць на парлямэнцкія выбары?»

«Відавочна, што патрэбную яўку ўлады забясьпечаць — фактычна без падключэньня адміністрацыйнага рэсурсу. З гэтага гледзішча адна з тэзаў апазыцыі, што ледзь не дручкамі гоняць на выбарчыя ўчасткі, — яна няслушная. Мы бачым, што беларусы — гэта такі дысцыплінаваны электарат. Пры гэтым толькі меншасьць верыць, што гэтыя выбары справядлівыя. Таму палітыкам варта ўлічваць, што ідэя байкоту не праходзіць. Так, трошкі ўзрасла доля прыхільнікаў, але яна ўсё яшчэ невялікая.

Таму, я думаю, будаваць сваю працу апазыцыйным палітыкам варта ў разьліку на тое, што большасьць беларусаў пойдуць на выбарчыя ўчасткі. Пры гэтым у іх няма веры ў справядлівасьць гэтых выбараў і ёсьць вялікі запыт на перамены. Той, хто ўцямна і выразна дасьць адказ на гэтыя пытаньні, той зможа набраць пункты, палітычныя дывідэнды».

Паводле «Радыё Свабоды»

4 июля 2012

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі