+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Аляксандр Фядута: Тэматыка жыцця

Праваабарончы цэнтр «Вясна» і журналіст Аляксандр Тамковіч запрашаюць на прэзентацыю кнігі «Жыццё пасля кратаў», якая пройдзе на офісе партыі БНФ (Чарнышэўскага, 3-39) 26 ЛЮТАГА Ў 18.00.

Кніга «Жыццё пасля кратаў» складаецца з 27 артыкулаў.

Гэта расказ пра тое, што адбылося ў жыцці (праз два гады) тых удзельнікаў падзей 19 снежня 2010 года, якія былі арыштаванымі «за ўдзел у масавых беспарадках».

Чым яны жывуць? Што ў іх новага? Як працягваецца змаганне? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні ёсць у кнізе «Жыццё пасля кратаў».

Кніга багата праілюстравана фотамі з сямейных альбомаў.

Няма сумневаў, што  лёс былых палітвязняў Вас шчыра цікавіць, таму будзем рады бачыць на прэзентацыі кнігі.

А мы на нашым сайце пачынаем публикацыю артыкулаў пра «дзекабрыстаў» з «Гавары праўду».

Даведка: Аляксандр Фядута нарадзіўся 3-га лістапада 1964-га года ў Гродна. Скончыў філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1994-ым годзе быў сябрам перадвыбарнага штабу А.Лукашэнкі, пасля перамогі якога стаў начальнікам упраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі Прэзідэнта. З 1995-га года сышоў з пасады і працаваў журналістам шэрагу недзяржаўных газет. Кандыдат філалагічных навук, палітолаг, публіцыст.

Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010-га года працаваў у штабе кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Арыштаваны 20-га снежня 2010-га года ва ўласнай кватэры і змешчаны ў СІЗА КДБ. У канцы снежня яму прад’яўлена абвінавачванне па  па чч. 1 і 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках). 30-га сакавіка 2011-га года абвінавачванне перафармулявана на ч.1 арт.342 КК РБ (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх). 8-га красавіка адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе.

20-га траўня 2011-га года асуджаны на два гады ўмоўна з выпрабаваўчым тэрмінам на 2 гады.

Напэўна, нарыс пра гэтага героя было б лагічна размясціць у кнізе «Супраць плыні», бо  ягонае жыццё складаецца з учынкаў, якія вельмі цяжка патлумачыць рацыянальнай логікай.

Адзін з іх аўтар гэтых радкоў адчуў на ўласным досведзе. Калі пасля пачатку маёй хваробы многія з сяброў адвярнуліся, МЕНАВІТА Аляксандр Фядута, які час ад часу быў нават апанентам, дапамог выдаць першую кнігу.

Пагадзіцеся, ТАКОЕ ў сучаснай Беларусі, мякка кажучы, сустракаецца даволі рэдка…

«Тытунёва-дзіцячая» тэма

«Бацькі ў мяне ніколі не было, што нейкім чынам «радніць» з дзеючым кіраўніком краіны. З той толькі розніцай, што я ніколі не саромеюся гэтага факта сваёй біяграфіі. Наадварот, усім кажу, што мая маці Валянціна Іосіфаўна (усё сваё жыццё аддаўшы вытворчасці) у 39 гадоў зразумела, што яе не будзе каму хаваць, і нарадзіла мяне. Па тым часе (з узроўнем медыцыны пачатку 60-ых гадоў мінулага стагоддзя) гэта ўчынак, сапраўды, гераічны.

Па наш дзень ёй за гэта шчыра ўдзячны і буду ўдзячны заўсёды. Маці ставілася да майго выхавання з тым максімальным імпэтам, на які была здольная фізічна і маральна. Яна, дарэчы, дала мне імя па бацьку тое ж самае, што было ў яе. Так што ў мяне яно не па бацьку, а па дзеду.

Іосіф Тарасавіч працаваў вартаўніком на гарадзенскай тытунёвай фабрыцы, а яго жонка Кацярына Карлаўна (адпаведна мая бабуля) усё жыццё была санітаркай у 2-ой гарадской бальніцы. Так што маці стала «тытунёвіцай» як бы «ў спадчыну».

Без якой-небудзь вышэйшай адукацыі, дзякуючы толькі арганізатарскім здольнасцям, яна ад звычайнай работніцы прайшла шлях да старэйшага майстра цыгарэтнага цэха. Аўтарытэт быў настолькі высокім, што, калі стала вакантнай пасада начальніка цэха, на яе гадоў 15 нікога не прызначалі. Разумелі, што рабочыя не будуць ставіцца з павагай толькі за тое, што малады чалавек мае інжынерны дыплом… Асабліва, калі ёсць кіраўнік, якога яны паважаюць без адпаведнай «корачкі»…

Начальніка цэха прызначылі толькі тады, калі маці дасягнула пенсійнага ўзросту…

Маму работнікі не толькі паважалі, але і ведалі, што ніколі не даруе двух рэчаў: крадзяжоў і п’яных у сваім цэху, бо апошняе даволі часта прыводзіць да траўмаў. Асабліва, калі з канкрэтным «пахам» працуюць механікі, электрыкі да т.п. Калі такое здаралася, апошнія ведалі, што лепш звольніцца самому, інакш начальніца «з’есць»…

Гэта не азначае, што яна была ханжой. Барані Божа! І кілішак магла выпіць у добрай кампаніі, і падтрымлівала сяброўскія адносіны з многімі сваімі падначаленымі. Выдатна памятую тую сямейную атмасферу, якая панавала ў іх на працы. Напрыклад, калі я прыходзіў да маці па грошы на чарговую кніжку, мяне не проста сустракалі на прахадной, але і займаліся як з дзіцем усяго цэха. Ведалі, што я «сын Іосіфаўны».

Ганаруся гэтым па наш дзень.

Пасля фабрычнага дзіцячага садка, які месціўся літаральна за адным з карпусоў фабрыкі на вуліцы Лялевеля, пайшоў у сярэднюю школу нумар 15 імя генерал-лейтэнанта інжынерных войск Героя Савецкага Саюза Дзмітрыя Міхайлавіча Карбышава.

Усе дзесяць гадоў вучобы ўзгадваю з асаблівай цеплынёй. Школа не была гімназіяй, не мела нейкай прэстыжнай спецыялізацыі, але там працавалі вельмі добразычлівыя і патрабавальныя настаўнікі.

Усіх іх ВЕЛЬМІ люблю. Калі «сядзеў» у «амерыканцы», амаль (застаўся адзін раздзел) напісаў кнігу ўспамінаў аб гарадзенскім перыядзе жыцця, якая будзе называцца «Мой маленькі Парыж».

Вельмі люблю свой родны горад. Аднойчы нават плакаў, калі пад’язджаў да Гродна.

За кратамі асабліва востра разумееш, як шчыра любіш людзей, якія навучылі цябе вучыцца. У тым ліку і тых, на каго некалі крыўдзіўся… Зараз нават не ведаю, хто з іх даў мне больш…

Я стаў філолагам, і за гэта вялікі дзякуй настаўніцам рускай мовы і літаратуры Вользе Мікалаеўне Серак і Ганне Яфімаўне Кецлах (па мужу Чэх).

Заўсёды спакойна лічу «в уме». Часам гэта значна прасцей, чым знайсці калькулятар. Удзячны Галіне Серафімаўне Янчэўскай, якая выкладала ў нас матэматыку і была лаўрэатам прэміі імя Крупскай — вышэйшай узнагароды Акадэміі педагагічных навук СССР.

Калі размаўляю на беларускай мове, з падсвядомасці адразу «ўсплываюць» патрэбныя словы, і я разумею, што за гэта трэба дзякаваць Міхася Іванавіча Анішчанку, які «заклаў» такую якасць. Памяць удзячная гэтаму чалавеку, таму што ў яго была цудоўная беларуская мова. Вельмі лёгкая, прыгожая, вытанчаная.

Калі б гарадзенская атмасфера таго часу была беларускай, я б адчуў (хутчэй за ўсё) сябе беларусам нашмат раней. На жаль, Гродна быў моцна «русiфiкаваным» горадам.

І яшчэ пра школу. Менавіта з ёй звязана першая спроба аднавіць справядлівасць, калі ўвесь клас пад дажджом прыйшоў на збор металалому і ўсе цягалі нейкія іржавыя батарэі, а тагачасная старшыня савета піянерскага атрада не прыйшла, бо падумала, што так зробяць усе. Мабільных тэлефонаў тады не было. Усім класам прыйшлі да яе дамоў. Плакала адносна свайго ўчынку вельмі шчыра…

«Моўна-навуковая» тэма

Гэта зараз (пасля перабудовы) усё ўспрымаецца па-іншаму і здаецца, што ў Гродна заўсёды актыўна дзейнічаў БНФ і была створаная Міхасём Ткачовым Грамада. Безумоўна, усё гэта было, але я хачу засяродзіць увагу на іншым цікавым моманце: стваралі  тыя рускамоўныя людзі, якія потым перайшлі на беларускую мову. Гэта быў адзін з парадоксаў таго часу. Яны разумелі, што трэба адрознівацца ад партыйнай наменклатуры, і прасцей за ўсё гэта рабілася пераходам на беларускую мову.

Я ведаў (і ведаю) вельмі многіх людзей, якія зрабілі менавіта так і перакананыя ў тым, што яны зрабілі правільна.

Калі ў Мінску апынуўся ў Адміністрацыі Прэзідэнта (пяць месяцаў), да мяне па справе звярталіся людзі, з якімі я ПРОСТА не мог размаўляць на рускай мове. Напрыклад, Уладзімір Мулявін.

Я ведаў, што ён этнічна рускі, але размаўляць з ВЯЛІКІМ дзеячам беларускай культуры правільна і лагічна толькі на беларускай мове. Я быў  павінен не проста (з пункту гледжання ўласнай этыкі) размаўляць з ім стоячы, прапанаваць каву альбо гарбату, але і размаўляць на той мове, якую ён увасабляе ў грамадскай свядомасці.

Калі мне спатрэбілася першы раз сустрэцца з Генадзем Мікалаевічам Бураўкіным, я з тых жа меркаванняў размаўляў з ім выключна на беларускай мове. Так i дагэтуль.

Калі сышоў ў адстаўку, скандал быў настолькі гучным, што здавалася — жыццё скончылася.

Думаю, ніхто б тады не здзівіўся, калі б, як і многія іншыя, «зваліў» бы з краіны. Некаторыя так зрабілі: натварылі тут шмат непатрэбных рэчаў і схаваліся ад адказнасці ў суседняй Расіі. Я прывык адказваць за свае ўчынкі. Ды і ехаць мне няма куды. Гэта мая краіна. Чаму я павінен пакідаць яе тым, з кім не згодны?

Атрымалася так, што ў той момант вакол мяне ўтварылася кола людзей, якія размаўлялі выключна на беларускай мове. Яны ніколі не рабілі мне нейкіх заўваг, не прапаноўвалі перайсці на беларускую мову, цярпліва адказвалі на ёй, калі я звяртаўся на рускай мове. Разам з Валянцінай Трыгубовіч, Валянцінам Голубевым, Верай Чуйко, Віктарам Івашкевічам мы ўваходзілі ў «Беларускую перспектыву». Для мяне было гонарам, калі яны папраўлялі маю беларускую мову. І рабілі гэта не дэманстратыўна. Маўляў, паглядзіце: ён нешта не ведае. Калі бачылі, што я губляўся з нейкім словам, адразу ж падказвалі.

Гэтак жа і Юра Дракахруст. У яго бліскучая беларуская мова, хаця ён сын добрага рускамоўнага паэта, чые вершы я прачытаў яшчэ ў школьныя гады.

Калі сёння я бачу абурана-здзіўленыя вочы чалавека, які лічыць сябе інтэлігентам і прымушае размаўляць з ім толькі па-беларуску, я заўсёды выбіраю альбо папраўляць яго русіцызмы (звычайна на беларускай мове ён размаўляе горш за мяне), альбо прынцыпова пераходзіць на мову рускую.

Як я магу размаўляць па-руску з Кастусём Аляксеевічам Цвіркам, калі я прыйшоў да яго ў «Беларускі кнігазбор» з прапановай выдаць Фадзея Булгарына (беларус, які стаў вядомым расейскім пісьменнікам, выдаўцом першай грамадска-палітычнай штодзённай газеты ў Расіі — заўвага аўтара) і ён пагадзіўся?

З гэтага насамрэч і пачалася мая навуковая свядомасць, таму што том Булгарына стаў своеасаблівай візітоўкай. Спецыялісты па рускай літаратуры першай паловы XIX стагоддзя ў Расіі і Польшчы чытаюць рускі тэкст пісьменніка з беларускім уступным артыкулам і беларускім каментаром, таму што гэта самая грунтоўная падрыхтоўка тэксту.

Як я магу размаўляць не на беларускай мове з тым жа Міхасём Скоблам, калі добра ведаю, што ён гэтым жыве?

Тое ж самае магу сказаць і пра вялiкага, на мой погляд, беларускага паэта Уладзіміра Някляева, з якім пашанцавала разам працаваць апошнім часам.

Пра навуковую дзейнасць

У 1997-ым годзе я абараніў кандыдацкую дысертацыю. Пачаў ёй займацца яшчэ ў савецкія часы. Хацеў вывучаць творчасць Андрэя Белага, але навуковы кіраўнік параіў адмовіцца ад гэтай ідэі. Маўляў, для таго, каб зрабіць на гэтую тэму дысертацыю, патрэбны архіўныя дадзеныя, а грошай, каб ехаць у Маскву, Ленінград і тым больш за мяжу, няма. Ён так і сказаў: пасля «кандыдацкай» займайся, чым хочаш.

Я стаў вывучаць творчасць Пушкіна. Пасля таго, як у адной з газет было надрукавана пра гэтае захапленне, з падачы былога міністра ўнутраных спраў Віктара Анатольевіча Пiскарова мяне пачалі называць «пушкіністам». Праўда, Пiскароў дадаў словазлучэнне «так званы»… Лічу такі дадатак не вельмі карэктным, бо я не «так званы пушкініст», а чалавек, які мае дыплом расійскай ВАК. Так што пiскароўскае словазлучэнне — не пра мяне.

Спадзяюся, неўзабаве будзе і доктарская дысертацыя. На жаль, я пакуль «невыяздны»… Прысвячу яе памяці майго настаўніка Iгара Вячаслававiча Ягорава, як «кандыдацкую» прысвяціў памяці маёй маці.

«Настаўніцка-камсамольская» тэма

Я сур’ёзна збіраўся паступаць у знакаміты ГИТИС (рускамоўны варыянт тут выкарыстаны наўмысна, як больш вядомы —заўвага аўтара) на тэатральнае аддзяленне. З мамай нават спецыяльна з’ездзілі ў Маскву і ўзялі адпаведную (для паступлення) праграму. Тое, што туды вельмі цяжка патрапіць, не палохала, таму што я быў упэўнены ў сваіх ведах. Аднак нечакана захварэла мама. Мы з ёй жылі ўдваіх, акрамя саміх сябе ў нас з ёй не было нікога. Я зразумеў, што не маю права ў гэты момант з’ехаць у Маскву. Вырашыў застацца ў Гродна. Выбраў філалагічны факультэт мясцовага ўніверсітэта і паступіў. Напэўна, спалохаўся жорсткіх маміных перспектыў: «не паступіш, прыйдзеш на нашу фабрыку збіваць скрынкі»…

З 20-і магчымых балаў  набраў 19, з 200 чалавек, якія тады паступалі, больш мяне (на АДЗІН бал) набраў толькі АДЗІН чалавек. То бок, я быў адным з лепшых на нашым «патоку». Як і падчас сканчэння вучобы. Калі б дыпломы нумераваліся па паспяховасці, у мяне быў бы першы нумар. Яго чырвоны колер даваў права абраць першаму месца будучай працы.

На жаль, аспірантуры ў нас не было, а лепшым месцам першай працы ў той момант лічылася лідскае педвучылішча. Аднак мне, што называецца, пашанцавала. Я праходзіў практыку ў 20-й гарадзенскай школе, і адтуль падалі на мяне ва ўніверсітэт мэтавы запыт. У 1986-ым годзе прыйшоў туды працававаць настаўнікам рускай мовы і літаратуры. І вельмі ўдзячны школе, якая стала другой у маім жыцці.

Так атрымліваецца, што сёння я бываю ў ёй значна часцей, чым ў той, дзе вучыўся сам. Таму што за пяць гадоў працы ў мяне былі тры выпускі. Гэта «мае» дзеці. Я іх памятаю і люблю. Шмат хто «фрэнды» ў “Жывым журнале” альбо ў «Аднакласніках». Шмат хто віншуе мяне з Днём настаўніка і Днём народзінаў.

Калі я «сядзеў» у «амерыканцы», вельмі хацеў вызваліцца так, каб паспець на вечар сустрэчы з выпускнікамі. Хацеў, каб яны ўбачылі, што жывы і са мной нічога не здарылася. На жаль, не атрымалася.

Толькі калі вызваліўся, убачыў колькасць напісаных мне лістоў, запісаў у сацыяльных сетках і зразумеў, што настаўнікам (прыемна) быў неблагім.

«Камсамольска-асабістая» тэма

У 1991-ым годзе я пайшоў дапамагаць Гарбачову рабіць перабудову, бо лічыў яе адзіным выйсцем з той сітуацыі, у якой усе мы апынуліся, таму і ўваходзіў у склад бюро ЦК ЛКСМБ.

Тады было модным праводзіць розныя выбары на альтэрнатыўнай аснове. Калі сказалі, што вылучаць на бліжэйшым камсамольскім з’ездзе маю кандыдатуру на пасаду першага сакратара, я быў упэўнены, што прайграю, бо альтэрнатывай быў загадчык аддзела вучнёўскай моладзі ЦК ЛКСМБ Саша Шадэнка — вялікі разумнік, добры арганізатар, дасведчаны кіраўнік.

Пра тое, каб я не вылучаўся на выбарах, абавязкова здымаў сваю кандыдатуру, параіла і маці. У такой упэўненасці я і ехаў на пленум. «Загубіў» уласны азарт. Не хацелася, каб нехта падумаў, што я спалохаўся.

Нечаканая перамога стала сапраўдным шокам. Перш за ўсё таму, што ў мяне «за спіной» было тры выпускных класы. Канец лютага, пачатак сакавіка, наперадзе выпускныя экзамены… Нават цяжка ўявіць…

У чацвер я вярнуўся ў Гродна, а ўжо з панядзелка павінен быў выйсці на новае месца работы.

Мякка кажучы, тагачасны дырэктар школы Ганна Аляксандраўна Зылькова (дай Бог, ёй здароўя) сустрэла мае навіны без асаблівага імпэту. Павіншавала, хаця ў 1991-ым годзе на такую пасаду мог пагадзіцца толькі поўны ідыёт, бо ўсе ўжо разумелі: існаваць камсамолу засталося нядоўга. І вельмі здзівілася маёй прапанове «давесці выпускныя класы да экзаменаў», калі гэтага папросяць вучні.

Паўза, цяжкі ўздых і фраза, якую я запомніў на ўсё жыццё: «Калі ты пагадзіўся балатавацца ў сакратары камсамола, з якога ўсе бягуць, я зразумела, што так зрабіць можа толькі крэцін, але ты РАЗУМЕЕШ, што кажаш зараз?..»  Сэнс гэтага «разумееш» я вельмі добра ЗРАЗУМЕЎ, калі мае вучні пагадзіліся (інакш не магло і быць) на прапанову. З сакавіка да канца траўня кожны чацвер я сядаў у аўтобус альбо цягнік, якія ехалі на Гродна. Два дні там працаваў настаўнікам і ехаў назад у Мінск, каб зноў узначаліць камсамол.

Сказаць пра тое, што тады (пасля жнівеньскага путчу 1991-га года) яго піналі ўсе, хто не лянуецца, — нічога не сказаць. Адзін з тых, хто з асаблівым запалам імкнуўся адрэзаць ад пірага як можна большы кавалак, – тагачасны кіраўнік былога Камітэту па справах моладзі Міхал Васільевіч Падгайны.

Напэўна, ён паверыў плёткам пра міфічную камсамольскую маёмасць, таму «паклаў вока» менавіта на яе і вырашыў расправіцца з арганізацыяй, якая дала некалі пуцёўку ў жыццё…

Каб адбіцца ад гэтых апетытаў, я і пусціў у будынак ЦК ЛКСМБ перадвыбарчы штаб А.Р.Лукашэнкі. Натуральна, такі ход не мог падабацца тагачаснаму кіраўніцтву краіны. На гэты конт у мяне ў красавіку 1994-га года была сустрэча з Генадзем Іллічом Данілавым, які тады быў адным з самых уплывовых людзей краіны. Кебічаўскі сакратар па пытаннях бяспекі ўсё роўна, што Шэйман (падчас узлёту яго кар’еры) пры Лукашэнку.

Аказалася, ён нічога не ведае пра «маёмасныя акалічнасці». Падчас размовы быў дасягнуты кампраміс: я сыходжу з пасады і разам са мной з будынку сыходзіць «каманда» Лукашэнкі.

Тагачасны прэм’ер-міністр Вячаслаў Францавіч Кебіч ухваліў такі варыянт, і на наступны дзень на Падгайнага было агідна глядзець. Ён нагадваў чалавека, якому наступілі на нагу ў аўтобусе.

Дарэчы, на свой з’езд мы вырашылі запрасіць усіх кандыдатаў у прэзідэнты. Некаторыя запрашэнні я адвозіў персанальна і так упершыню трапіў у штаб-кватэру БНФ. Пазняка «не было», і праз гадзіну ён «не з’явіўся». Хутчэй за ўсё гэта быў звычайны здзек. Я пакінуў запрашэнне і з’ехаў.

На з’ездзе (у адрозненне ад Лукашэнкі, Шушкевіча і Новікава) Пазняка не было, і калі сёння ён гаворыць пра тое, што я хацеў уручыць яму нейкія паперы супраць Лукашэнкі, гэты чалавек нахабна хлусіць. Ён увогуле так пачаў хлусіць, што многія сёння нават сумняваюцца ў тым, засталася ці не ў яго хоць кропля сумлення…

У некаторым сэнсе дзякуючы камсамолу, я сустрэў і сваю будучую жонку Марыну. Справа ў тым, што, калі я пераехаў у Мінск і мне далі кватэру, стаў яе, як кажуць, «даводзіць да розуму». І з гэтай нагоды пачаў шукаць па суседзям пласкагубцы. Так атрымалася, што разам з імі знайшоў і сваё каханне.

Марына ў той момант прыйшла ў госці да сяброўкі, якая з мужам жыла ў нашым доме на першым паверсе. Да іх мне і параілі звярнуцца па дапамогу.

Так (амаль выпадкова) мы пазнаёміліся. Пра цукерачна-букетны перыяд шмат распавядаць не буду, скажу толькі, што 12-га лістапада 1994-га года пабраліся шлюбам і дадам, што мне вельмі пашанцавала з жонкай. Асабліва гэта стала бачна падчас зняволення ў «амерыканцы». Такому гераічнаму аптымізму і самаадданасці можна толькі пазайздросціць!!!

«Палітычна-турэмная» тэма

Пра тое, як я працаваў разам з дзеючым кіраўніком дзяржавы, вельмі падрабязна напісана ў кнізе «Лукашенко. Политическая биография», нагадаю толькі, што нягледзячы на адпаведныя дамоўленасці фонд Ціцянкова не аплаціў тады арэнду памяшкання. І толькі высакародства майго «зменшчыка» ў маладзёвым саюзе Сяргея Дароніна не дазволіла гэтыя грошы вылічыць з майго заробку.

Аляксандр Рыгоравіч часта любіць узгадваць пра тое, як яму здрадзілі былыя паплечнікі і ні разу не распавёў, як здраджваў сам. Напрыклад, таму ж Зміцеру Булахаву абяцаў прызначыць кіраўніком Канстытуцыйнага суда і палец аб палец не ўдарыў, каб выканаць абяцанне… Тое ж самае было і з Віцем Ганчаром… Не можаш выканаць — не абяцай…

Не ведаю, адкуль у яго ўзяліся звесткі пра канчатковую перамогу ў першым туры. Напэўна, чарговая хлусня, бо насамрэч нічога падобнага не было. Так, ён быў лідарам, але не перамог…

Дарэчы, першым пра гэта нам тады сказаў Мікалай Віктаравіч Статкевіч. І менавіта яму Лукашэнка павінен быць удзячным за сумленны падлік галасоў выбаршчыкаў, бо створаная тады грамадская камісія па назіранню за выбарамі не дала ўладзе падмануць народ.

Як ужо было сказана, на пасадзе начальніка упраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі прэзідэнцкай адміністрацыі я пратрымаўся ўсяго пяць месяцаў.

Калі цябе прымушаюць рабіць тое, з чым ты не згодны, чалавек, які сябе паважае, павінен сысці. Для мяне маральным «рубіконам» сталі газетныя «белыя плямы».

Праз шмат гадоў паважаны мной малады калега Віктар Валер’евіч Марціновіч нагадаў выступ 1-га верасня 1994-га года на журфаку БДУ. Сярод пытанняў было і наконт падобнай сітуацыі. Адказаў тады, што выканаю і сыду. Выканаю таму, што той чалавек, які прыйдзе пасля мяне, усё роўна ўсё рэалізуе, але ён не будзе адчуваць нейкія згрызоты сумлення і не зробіць нічога, каб мінімізаваць наступствы гэтага загаду. Так і адбылося.

Пасля сыходу з улады заняўся журналістыкай. Меў адпаведны досвед яшчэ з гарадзенскіх часоў, калі працаваў у гарадской газеце «24 гадзіны». Можна толькі спачуваць Пятру Марцаву, які ўзяў мяне на працу. Ціску, роўнага «Белорусской деловой газете», не зведаў ніхто.

Потым быў пэўны перыяд супрацоўніцтва з лявонаўскім фондам «За новую Беларусь», кіраўніцтва сайтам belarusfree.org і стварэнне «Гавары праўду».

Пра апошняе некалі выдам кнігу, якую задумаў яшчэ ў «амерыканцы». Але зраблю гэта толькі тады, калі нешта можна будзе аспрэчыць у справядлівым, бесстароннім судзе.

Наогул я задумаў тры кнiгi ўспамiнаў: «Мой маленький Париж», «Боевая раскраска гурона» і «На щите». Назва «На щите» ў некаторых выклікае пытанне. Маўляў, тут ёсць пэўныя асацыяцыі з паразай. Згодны — ёсць, калі ўзгадаць старажытны Рым. Мая ж метафара зусім іншага кшталту. Маецца на ўвазе той шчыт, на якім мы спалі ў кадэбэшным следчым ізалятары.

Упэўнены, што такі час абавязкова прыйдзе, калі мы не будзем гэтаму перашкаджаць амбіцыямі некаторых палітыкаў.»

Урыўкі х кнігі Аляксандра Тамковіча «Жыцце пасля кратаў»

 

 

 

21 февраля 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета