+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Аляксандр Фядута: Ва Украіне галасуюць за асобу кандыдата, не за праграму

Пра адметнасці датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне размаўляем з беларускім паліттэхнолагам Аляксандрам Фядутам, які знаходзіцца ў Кіеве.

Еўрарадыё: Ва Украіне распачалася кампанія па выбарах прэзідэнта — чым яна адрозніваецца ад папярэдніх кампаній? Ці ўплывае на яе нейкім чынам “атмасфера вайны”, Майдана?

Аляксандр Фядута: Я не знаходзіўся ў Кіеве падчас мінулых выбараў, таму я нічога не магу казаць пра адрозненні. Увогуле, калі я хаджу па вуліцах Кіева, то ніхто тут не стаіць у чэргах і не размаўляе пра прэзідэнцкія выбары.

Еўрарадыё: Сёння зарэгістраваны 23 кандыдаты ў прэзідэнты і пераважную большасць з іх называюць “тэхнічнымі кандыдатамі” — што гэта азначае, хто гэта?

Аляксандр Фядута: Гэта кандыдаты, у якіх няма шансаў атрымаць значную колькасць галасоў, і яны вылучаюцца для таго, каб вырашыць пэўныя тэхнічныя праблемы. Напрыклад, адняць галасы ў іншага кандыдата, распаўсюдзіць інфармацыю пра тую партыю, якую яны прадстаўляюць, ці — агучыць кампрамат на кагосьці іншага, ці наадварот — зрабіць усё, каб адцягнуць увагу ад кагосьці іншага. Калі параўноўваць з тым, што адбывалася ў Беларусі ў 2010 годзе, то магу сказаць, што напачатку, калі не лічыць, колькі кандыдатаў подпісы не сабрала і ўдзельнічала ў выбарах, то зразумела, што імі скарыстаўся Аляксандр Лукашэнка ў якасці тэхнічных кандыдатаў.

Еўрарадыё: Паводле сацыялагічных апытанняў, сёння большай падтрымкай выбаршчыкаў карыстаецца Пётр Парашэнка, на другім месцы — Юлія Цімашэнка. Калі два гэтыя кандыдаты выйдуць у другі тур, ці магчыма іх супрацоўніцтва — адзін пагаджаецца стаць прэм’ер-міністрам у іншага?

Аляксандр Фядута: Нічога не магу сказаць на гэты конт. Справа ў тым, што Украіна — гэта краіна, дзе немагчыма пра нешта сказаць, што такога не было ніколі. Да прыкладу, мы ведаем, што падчас выбараў 2010 года прэзідэнтВіктар Юшчанка падтрымліваў не сваю паплечніцу Юлію Цімашэнку, а яе галоўнага канкурэнта Віктара Януковіча.

Еўрарадыё: Да дня выбараў 25 траўня засталося менш за два месяцы і маштабнымі піяр-тэхналогіямі кандыдатам карыстацца няма калі — на што ў такіх умовах робіцца націск, якімі метадамі карыстаюцца кандыдаты?

Аляксандр Фядута: Ва Украіне галасуюць за асобаў, за людзей. Таму найбольшы ўплыў мае не праграма нейкая, а асоба чалавека, якога абіраюць. І я думаю, што галоўнае, што зараз павінны рабіць і робяць кандыдаты, — яны сустракаюцца са сваімі выбаршчыкамі.

Еўрарадыё: Лозунгі ў большасці кандыдатаў падобныя: вернем Крым, арыентуемся на Еўропу… Але ці важна, якія палітычныя, эканамічныя праграмы ў кандыдатаў, на гэта робіцца акцэнт?

Аляксандр Фядута: Зразумела, што не можа ісці на прэзідэнцкія выбары чалавек, які нічога сабой не ўяўляе. Не, тэарэтычна можа, канешне, можа абяцаць, што ён зробіць заўтра так, што Украіна пераўтворыцца ў Царства нябеснае. Але, на самой справе, усе гэтыя праграмы заўжды цікавілі значную меншасць выбаршчыкаў, чым сама асоба кандыдата. Тым не менш усе іх праграмы ёсць у інтэрнэце.

Еўрарадыё: Ці закранаецца кандыдатамі пытанне таго, як яны пасля перамогі будуць выбудоўваць адносіны з Расіяй?

Аляксандр Фядута: Ніводзін кандыдат не выступае за федэралізацыю Украіны (адно з галоўных патрабаванняў з боку Расіі да ўкраінскіх уладаў — заўв. Еўрарадыё). Затое ўсе кандыдаты кажуць пра тое, Украіна павінна быць адзінай і непадзельнай дзяржавай.

Еўрарадыё: Сёння шмат размоў пра “Правы сектар”, але ў іх лідара Дзмітрыя Яраша рэйтынг даволі нізкі — ці, можа, чакаць непрыемных для іншых кандыдатаў сюрпрызаў з боку “ПС”?

Аляксандр Фядута: Сюрпрызаў можна чакаць нават ад сабакі, што бегае па двары. Я не магу казаць, што прыдумае штаб таго ці іншага кандыдата — я гэтага не ведаю. І казаць, што той адыгрывае такую ролю, а той — такую… Разумееце, усе яны адыгрываюць адну і тую ж ролю — ролю кандыдатаў у прэзідэнты.

Еўрарадыё: Тым не менш у таго ж Яраша ёсць свае выбаршчыкі: на ваш погляд, у другім туры, дзе будуць, да прыкладу, Парашэнка і Цімашэнка, за каго аддадуць галасы гэтыя выбаршчыкі?

Аляксандр Фядута: Гэта пытанне да сацыёлагаў, а не да мяне — асобы, якая знаходзіцца на пазіцыі назіральніка. Ёсць апытанні, якія пытаюцца: “За каго вы будзеце галасаваць у тым выпадку, калі ваш кандыдат не выходзіць у другі тур і калі ў яго выходзяць, да прыкладу, Парашэнка і Яраш ці Цімашэнка і Яраш?” І выбаршчык дае адказ. Гэта лічбы, якія ўжо агучваліся і якія пры жаданні можна знайсці.

Еўрарадыё: Хто з сённяшніх кандыдатаў быў бы найбольш прымальным прэзідэнтам з пункту гледжання Беларусі?

Аляксандр Фядута: Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка давёў да ўсіх, што ён здольны размаўляць і з Саакашвілі, і з Юшчанкам, і з Януковічам, і з Бакіевым, і з Акаевым.

Еўрарадыё: А для беларусаў?

Аляксандр Фядута: Хто такі Аляксандр Лукашэнка, я ведаю, а хто такія беларусы — гэта цяжка зразумець. Што значыцца — для беларусаў? У вас адны інтарэсы, у мяне другія, у маёй жонкі — трэція, а ў Аляксандра Лукашэнкі — чацвёртыя. Дык прабачце: для каго з нас які прэзідэнт Украіны больш карысны? Калі візы давядзецца набываць, то зразумела, што ўсе будуць клясці таго прэзідэнта, за якога яны сёння хацелі б аддаць свае галасы.

Фота: Змітра Лукашука

«Европейское радио для Беларуси»

10 апреля 2014

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі