+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Аляксандр Тамковіч: Змены і Zмена

Праваабарончы цэнтр «Вясна» і журналіст Аляксандр Тамковіч запрашаюць на прэзентацыю кнігі «Жыццё пасля кратаў», якая пройдзе на офісе партыі БНФ (Чарнышэўскага, 3-39) 26 ЛЮТАГА Ў 18.00.

Кніга «Жыццё пасля кратаў» складаецца з 27 артыкулаў.

Гэта расказ пра тое, што адбылося ў жыцці (праз два гады) тых удзельнікаў падзей 19 снежня 2010 года, якія былі арыштаванымі «за ўдзел у масавых беспарадках».

Чым яны жывуць? Што ў іх новага? Як працягваецца змаганне? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні ёсць у кнізе «Жыццё пасля кратаў».

Кніга багата праілюстравана фотамі з сямейных альбомаў.

Няма сумневаў, што  лёс былых палітвязняў Вас шчыра цікавіць, таму будзем рады бачыць на прэзентацыі кнігі.

А мы на нашым сайце пачынаем публикацыю артыкулаў пра «дзекабрыстаў» з «Гавары праўду».

Даведка: Павел Вінаградаў нарадзіўся 24-га красавіка 1988-га года ў Мінску. Скончыў прафесійна-тэхнічны ліцэй №4 па спецыяльнасці “цырульнік”. Некаторы час вучыўся на гісторыка-геаграфічным факультэце Мінскага педагагічнага ўніверсітэта, адкуль сам забраў дакументы. З’яўляўся сябрам моладзевай арганізацыі “Зубр”, да 2010-га года – актывіст грамадзянскай ініцыятывы “Еўрапейская Беларусь”, з 2010-га года далучыўся да кампаніі “Гавары праўду”.

Затрымліваўся за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. У 2008-ым годзе быў асуджаны па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) на 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Пакаранне вынесена за ўдзел у мітынгу пратэсту прадпрымальнікаў, які адбыўся ў Мінску 10-га студзеня 2008-га года.

На выбарах-2010 Павел Вінаградаў быў адным з  актыўных сяброў ініцыятыўнай групы і перадвыбарчага штабу кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Арыштаваны ў ноч на 5 студзеня 2011-га года. Прад’яўлена спачатку абвінавачванне па чч. 1 і 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і ўдел у масавых беспарадках), затым засталося абвінавачванне толькі ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК). Утрымліваўся пад вартай у СІЗА № 1 Мінска (вул. Валадарскага, 2). 5-га траўня 2011-га года асуджаны на 4 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Вызвалены 14-га верасня 2011-га года згодна з указам прэзідэнта аб памілаванні.

10-га красавіка 2012-га суд Маскоўскага раёна Мінска вынес рашэнне аб прэвентыўным наглядзе тэрмінам на два гады за Паўлам Вінаградавым у сувязі з неаднаразовымі затрыманнямі і адміністрацыйнымі арыштамі.

Хай даруюць так званыя «тытульныя» апазіцыянеры, але з моладдзю накшталт Паўла Вінаградава і яго жонкі Святланы мне значна камфортней. Перш за ўсё таму, што яны шчыра жадаюць не толькі ўдзельнічаць у баталіях, але і перамагаць.

Замест уступу

«Я мінчанін. Нарадзіўся 24-га красавіка 1988-га года. Не магу сказаць, што сям’я была толькі інтэлігентнай альбо толькі рабочай. Былі ў ёй прадстаўнікі розных сфер чалавечай дзейнасці. І адны, і другія.

Маці завуць Аляксандрай Канстанцінаўнай Няфёдавай. Зараз яна жыве і працуе ў Італіі. Займаецца пытаннямі жаночай прыгажосці. У іх у гэтай галіне могуць працаваць толькі дыпламаваныя спецыялісты, таму да яе так і звяртаюцца «Дактарэса Аляксандра!» Яна працуе ўрачом-касметолагам. Коле жанчынам ботакс, робіць розныя маскі для твару і г.д.

Пра бацьку магу сказаць толькі тое, што яго завуць Юрый Аляксандравіч Вінаградаў і жыве ён ў Беразіно Мінскай вобласці.

Сярэдняя школа нумар 154-ы месціцца ў сталічным Паўднёвым Захадзе і адрозніваецца ад іншых «англійскім ухілам». Як зараз гэта разумею, у школе трэба вучыць мінімум тры прадметы: гісторыю, фізкультуру і англійскую мову.

Фізічная сіла ў экстрэмальных сітуацыях (я ў іх трапляю даволі часта) не толькі надае ўпэўненасці ў сваіх сілах, але і дапамагае «выкруціцца». Без ведання англійскай мовы немагчымыя нармальныя зносіны з іншаземцамі, а гісторыя дае магчымасць мысліць глабальна. Вельмі падабаюцца людзі, якія добра ведаць гісторыю. І не толькі беларускую.

У другім класе агульнаадукацыйнай школы мяне «аддалі» яшчэ і ў школу музычную. Дакладней, на харавое аддзяленне «па класу фартэп’яна». Правучыўся там сем год. Добра спяваў. Час ад часу нават саліраваў.

Акрамя гэтага ў школьных пачатковых класах я займаўся яшчэ і фігурным катаннем. Мякка кажучы, не самы мужчынскі занятак. У астатніх якая-небудзь барацьба, каратэ, футбол, а у мяне музычная школа і фігурнае катанне…

Напэўна, усё вырашыла маці, але нічога сур’ёзнага там так і не атрымалася.

Калі я скончыў дзявяты клас, пайшоў (зараз не разумею навошта) вучыцца ў Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж (нумар чатыры) бытавога абслугоўвання насельніцтва. Засвоіў прафесію цырульніка. Хутчэй за ўсё, маладому хлопцу проста хацелася як мага хутчэй сысці са школы.

Па маёй класіфікацыі каледжы стаяць паміж савецкімі ПТВ і тэхнікумамі. Нешта сярэдняе. Так што я «пэтэушник», бо пакуль маю толькі гэтую спецыяльнасць.

Калі заставаўся яшчэ год вучобы, пачаў пакрыху займацца палітыкай. Стаў сябрам «Зубра». Клеіў налепкі, распаўсюджваў улёткі. У 2006-ым годзе кожны дзень пасля вучобы прыходзіў на Кастрычніцкую плошчу, дзе тады быў намётавы гарадок.

Цяпер разумею, што тады так адбывалася, таму што мне ГЭТА было цікава, а не таму, што я добра разбіраўся ў нейкіх палітычных пытаннях. Канешне, я разумеў, што мы жывем горш за ўсіх суседзяў і хутчэй за ўсё ў гэтым вінавата ўлада.

Прайшоў час, і я скончыў сваё навучанне.

На апошнім курсе адначасова праходзіў практыку ў Дзяржаўным салоне прыгажосці, які знаходзіцца ў нас на Паўднёвым Захадзе побач з «Макдональдсам». У той час зразумеў, што малады спецыяліст майго ўзроўню (4-ты разрад) будзе атрымліваць месячны заробак эквівалентны 85 далярам ЗША. Гэта не проста смешна, а ВЕЛЬМІ смешна… Так смешна, што становіцца сумна…

Большасць цырульнікаў сёння жыве зусім не ад таго, што яны зарабляюць афіцыйна. Праца ў цырульнях дае магчымасць набыць сваю «кліентуру».

«Адпрацоўваць» пасля каледжа неабходныя два гады я банальна не стаў. Усім сказаў, што «еду за мяжу», і дыплом пакуль у мяне не забралі.

Памятаю, тады самай значнай падзеяй у палітычным жыцці краіны стаў мітынг прадпрымальнікаў. Калі не памыляюся, студзень 2008-га года. Пасля яго (як і многіх іншых) мяне пасадзілі на «15 сутак», але ўсё адміністрацыйным арыштам не абмежавалася, бо ўладам гэтага здалося мала.

Яны выбралі 14 палітычных актывістаў, якія вызначыліся больш за іншых, і сталі судзіць. Мне «далі» два гады без накіравання ў месцы пазбаўлення волі.

Калі наступае такое пакаранне, чалавек павінен або вучыцца, або працаваць. Так атрымалася, што ў гэты ж час са сваім стрыечным братам Зміцерам Няфёдавым (зараз палітуцякач, які жыве ў Чэхіі; «У кантакце» быў адным з каардынатараў так званых «маўклівых» акцый) вырашылі праверыць свае веды і прыняць удзел у цэнтралізаваным тэставанні.

Урэшце і я, і ён паступілі на бюджэтную форму навучання Дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка на «гісторыю і геаграфію». Як толькі я прыйшоў у дэканат за адпаведнай даведкай, там сталі цікавіцца, навошта яна мне спатрэбілася. Я шчыра ўсё распавёў, і адразу пачаўся незвычайны «кіпіш». На наступны дзень сказалі, што я больш там вучыцца не буду. Студэнтам давялося пабыць толькі два тыдні…

Канец вучобы аўтаматычна азначаў пошук працы, бо такі быў прысуд. Інакш бы мяне банальна «закрылі». У пошуках працы сутыкнуўся з тым, што, як толькі там даведваюцца пра прысуд і «палітычны» артыкул (шчыра пісаў пра гэта ў анкеце), паўсюды гучыць адказ. Маўляў, ім непатрэбны праблемы…

Дайшло да таго, што мяне нават не ўзялі рознарабочым на дрэваапрацоўчую фабрыку ў Шабанах…

Тады дапамог (вялікі яму за гэта дзякуй) бацька адной з нашых актывістак. Ён даведаўся пра маю сітуацыю і ўладкаваў да сябе на працу (без адпаведнага досведу і ведаў) слесарам-сваршчыкам. За месяц мне прыйшлося ўсяму навучыцца самому.

Шчыра кажучы, гэтая праца вельмі моцна не падабалася. Першае — цяжка ў фізічным плане. Другое — няма прастору для творчасці. Трэцяе — даволі шкодная для здароўя вытворчасць. Плюс – далёка не самы лепшы заробак.

Прапрацаваў там дзевяць месяцаў, роўна да таго моманту, калі мне » скасцілі» па амністыі адзін год і тэрмін пакарання скончыўся. Гэта быў 2009-ы.

У пачатку наступнага года я сышоў з «Еўрапейскай Беларусі». Трэба было адпачыць і «агледзецца» перад прэзідэнцкімі выбарамі.

Летам 2010-га далучыўся да «Гавары праўду». Потым былі падзеі 19-га снежня, разбітае шкло ЦВК, прысуд, «Воўчыя норы» і (праз восем месяцаў і дзесяць дзён) вызваленне.»

Крэатыўны напрамак

Другая частка артыкула пачынаецца з моманту вызвалення і будзе ў выглядзе размовы са Святланай і Паўлам Вінаградавымі. Нагадаю толькі, што пабраліся яны шлюбам  22-га ліпеня 2011-га года ў Івацэвічскай папраўчай калоніі № 22, і сталі першай «палітычна-турэмнай» парай.

— Што Вы зрабілі першым на волі?

— На наступны дзень паля вызвалення разам са Светай прышлі ў офіс «Гавары праўду» высвятляць, што трэба рабіць.

— І што пачалі рабіць?

— Спачатку я каардынаваў працу  «Гавары праўду» ў Мінску. Потым (праз чатыры з паловай месяцы) мы з сябрамі вырашылі стварыць новую арганізацыю. Так узнікла «Zmena». Стартавалі 10-га лютага 2012-га года акцыяй з цацкамі. Было цікава. Акцыя атрымала нечаканы працяг «тэмы»…

— Памятаю, што сярод іх былі і плюшавыя мядзведзі…  Вы не мелі да шведскай акцыі якога-небудзь дачынення?

— Абсалютна. Пра падобнае ў мяне цяпер пытаюцца многія. На жаль, не. І ў КДБ аб гэтым «в курсе» лепш за ўсіх. У гэты момант я быў на чарговых «сутках». І вельмі гэтаму рады, інакш бы, як Сурапін, трапіў у «амерыканку».

КДБ пільна за мной сочыць, таму там павінны дакладна ведаць, што са шведамі я першы раз размаўляў толькі па выхадзе на свабоду з «сутак».

— Чаму Вы з аднадумцамі вырашылі стварыць новую арганізацыю, няўжо мала тых, што ёсць?

— Згодны — нямала. Толькі эфект ад іх працы, мякка кажучы, невялікі. Надакучылі людзям традыцыйныя ўлёткі і «расцяжкі». Вось мы і вырашылі зрабіць разнастайным апазіцыйнае поле. Усё там застаялася, усё банальна-знаёмае і мала каго цікавіць. Імкнемся зладзіць нешта крэатыўнае, адыйсці ад шаблонаў. Думаю, у нас гэта атрымліваецца.

За першую ж акцыю першы раз і пасадзілі. Толькі незразумела, чаму яны так доўга чакалі: з моманту перфоманса да арышту прайшло 11 дзён. Не ведаю, з чым гэта звязана…

З сябрам Аляксандрам Арцыбашавым «адсядзелі» па 17 сутак кожны.

Потым мне «намалявалі» тры адміністрацыйных пратаколы за тое, што «лаяўся матам», і прафілактычны нагляд (цягнецца на працягу года пасля вызвалення з «Воўчых нораў») «ператварыўся» у прэвентыўны.

Тэрмін пабольшыўся да двух гадоў. Я цяпер з Мінску магу выехаць толькі па адпаведнаму дазволу, не маю права хадзіць у бары, як і на іншыя мерапрыемствы, дзе распаўсюджваюць алкаголь. На кірмашы, напрыклад.

І самае «напружанае». Як у дзяцінстве, калі маці крычала: «Паша, да дому!», я павінен там абавязкова быць да восьмай гадзіны вечара. Света, канешне, цалкам не паўтарае маміных словаў, але таксама клапоціцца пра тое, каб я своечасова быў дома.

— А ў Светы ў жыцці нічога не змянілася. Памятаю, раней Вы працавалі ў нейкай замежнай кампаніі?

— Як і зараз.

Калегаў, канешне, хвалюе тое, што адбываецца ў беларускай палітыцы, але для іх галоўнае — якасць маёй працы. Безумоўна, там цікавяцца настроем. Асабліва, калі ў інтэрнэце пішуць пра чарговую Пашыну «пасадку», але ніякіх знаёмых па дзяржаўных беларускіх прадпрыемствах «оргвыводов» ніколі не бывае. Наадварот, там заўсёды з гэтай нагоды знаходзяць магчымасць выказаць спачуванні.

Словам, ніякіх праблем у мяне пакуль не было.

— Не баіцеся, што муж зноў апынецца за кратамі калоніі?

— Канешне, баюся.

Не магу сказаць, што да гэтага ўжо прызвычаілася. Кожная яго пасадка — для мяне чарговы стрэс. Кожны раз усё перажываеш яшчэ раз, па-новаму. Спадзяюся, што нічога падобнага ў будучым не будзе.

— На гэтай глебе ў Вашай сям’і, Павел, ніколі не было канфліктаў?

— Не. Света і сама некалі (у 2008-ым годзе —заўвага аўтара) «лаялася матам» і атрымала за гэта 15 сутак. Так што яна добра ведае, як такія рэчы робяцца ў нашай краіне.

— Ці можна сказаць, Павел, што «Zmena» з’яўляецца моладзевым «крылом» «Гавары праўду»?

— Наша арганізацыя ўвогуле не з’яўляецца моладзевай, бо моладзі там толькі частка.

— А Вы самі не баіцеся новага «доўгатэрміновага»  прысуду? Навошта Вам «дражніць гусей»?

— Адносна нядаўна я прачытаў, што Маўглі быў задаволены калі адрываў сабаку хвост і бег з ім перад зграяй. Ёсць і такое,  што я не люблю, калі мяне трымаюць за ідыёта. Улады менавіта так зараз і робяць.Я не лічу гэта нармальным і маю цвёрды намер з імі змагацца.

Падобна на тое, што яны робяць усё магчымае, каб я адсюль з’ехаў, але прынцыпова гэтага не зраблю. Канешне, мне не хочацца вяртацца ў калонію, аднак гэта не падстава нічога не рабіць.

— Калі Вас «саджалі», было адно грамадства, выходзілі на волю — стала іншым.  Заўважылі змены?

— Змянілася вельмі шмат.  У паводзінах улады ўсё больш і больш неадэкватнасці. Добра памятаю, як у 2010-ым годзе падчас кароткай «лібералізацыі» можна было практычна ўсё і нічога за гэта не было.

Бачу тое, што адбываецца зараз. Удзел у любой акцыі супраціву аўтаматычна азначае арышт і «суткі».

На тле таго, што беларускі рэжым з кожным днём становіцца больш жорсткім, у людзей з’явілася больш страху. Яны значна больш баязлівыя, чым былі раней. У апазіцыі заўважна зменшыўся людскі рэсурс.

У той жа час неангажаваныя палітыкай людзі бачаць, што адбываецца навокал і становяцца ўсё больш і больш злоснымі.  Любому народу не вельмі цікавыя абстрактныя правы чалавека. Людзей больш цікавяць асабістыя кішэні і страўнікі. Міфы пра «стабільнасць» ужо нічога акрамя раздражнення не выклікаюць.

Я ўсё часцей і часцей бачу свежанадрукаванае «бабло». Гэта ненармальна і кончыцца вельмі сумна.

Замест пасляслоўя 

Нагадаю, што вызваліўся Павел Вінаградаў у пачатку  восені 2011-га года, а ўжо бліжэй да Новага года яго настойліва пачалі клікаць у міліцыю. 30-га снежня 2011-га года ён туды (на прафілактычную размову) пайшоў. Доўга чакаў перад кабінетам, калі заўважыў, як у РУУС прыйшлі два амапаўцы. Стала зразумела, што гэта «за ім». Хутка напісалі пратакол пра «лаянку» на парозе РУУС і «далі» за гэта сем сутак.

За год, які прайшоў з таго моманту, Павел Вінаградаў «прасядзеў» больш за два месяцы (61 суткі) у вядомым прыёмніку-размеркавальніку на Акрэсціна. За гэты ж час было складзена аж 8 пратаколаў за нібыта адміністрацыйныя парушэнні.

І пастаянна расце не толькі іх колькасць. Расце ўпэўненасць у тым, што з дапамогай крэатыўнага смеху «Zmenы» ў рэшце рэшт можна дабіцца і канкрэтных зменаў у беларускім грамадстве.

Аляксандр Тамковіч, zapraudu.info

19 февраля 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі