+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Андрэй Дзмітрыеў: Апазіцыі патрэбны дакладны план

Адзін з лідэраў кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў прапануе апазіцыі ўвесці мараторый на правядзенне непадрыхтаваных вулічных акцый і ўвесці забарону на такія дзеянні для нядобрасумленных арганізатараў.

Падрабязнасці – у інтэрв’ю, якое Андрэй Дзмітрыеў даў «Беларускаму партызану».

— Адразу падкрэслю: я маю на ўвазе ўвядзенне мараторыя на непадрыхтаваныя вулічныя акцыі пратэсту.

Гэта зразумелі як забарону на ўсе вулічныя акцыі. На самой справе, ёсць розныя акцыі, таму адразу трэба аб’яўляць пра мэту акцыі, чаго гэтая акцыя павінна дамагчыся. Сэнс увядзення мараторыя заключаецца ў тым, каб ацаніць свае сілы, паглядзець – што мы можам, распрацаваць сістэму падрыхтоўкі і крытэрыі эфектыўнасці акцыі плюс сістэму адказнасці.

Прывяду прыклад. Рыхтуем акцыю. Яна правальваецца. Прычым правальваецца цалкам і па зразумелых усім прычынах: проста з-за нежадання рыхтаваць гэтую акцыю. Атрымліваецца, што трэба ўсталёўваць адказнасць за … безадказнасць.

Любая акцыя павінна быць падрыхтавана – каб не збіваць пратэстныя настроі. Некаторыя людзі, мне здаецца, блытаюць паняцці «незадаволенасць» і «пратэст». Незадаволенасць сёння ёсць у велізарнай колькасці грамадзян. Але гэта не значыць, што незадаволенасць перарастае ў пратэст. Пратэст – гэта наступны этап, які патрабуе адказу на пытанне «Што рабіць?». І адказы на яго зусім не абавязкова будуць зводзіцца да пратэсту.

Сёння большасць беларусаў на гэтае пытанне адказваюць вельмі проста – круціцца. Ёсць такая якасць у беларусах, мы ў гэтым сэнсе – аднаасобнiкі. Калі нам становіцца дрэнна, кожны з нас шукае сваю магчымасць выкруціцца з крызісу, адаптавацца да сітуацыі: з’язджаеш у Расію ці Польшчу, займаешся кантрабандай або ўдасканальваеш сістэму вынасу дэталяў са свайго завода. Не важна, як круціцца, але – круцімся, а не пратэстуем.

Таму другая мэта гэтага мараторыя – не збіваць пратэст. А то выходзіць так: акцыя прайшла – незадаволенасць засталася, а вось пратэст – збіты. Больш за тое, збіты такім чынам, што мы паказалі людзям: у акцыях пратэсту няма ніякага сэнсу.

-Вы сказалі пра адказнасць. Якога кшталту яна можа быць?

-Пра гэта трэба яшчэ думаць. Як варыянт – на паўгода забараніць займацца арганізацыяй акцый. Над дэталямі трэба сур’ёзна працаваць.

Самае галоўнае сёння – заваёўваць давер грамадзян. Крызіс паказаў: грамадзяне не давяраюць уладзе, але гэта не азначае, што яны пачалі давяраць апазіцыі. Трэба аднаўляць давер нашых уласных актывістаў і давер людзей, якія непасрэдна падтрымліваюць нас. Нават прыхільнікі апазіцыі не спяшаюцца нас падтрымаць на вулічных акцыях. Гэта значыць, што мы страцілі і іх давер. Таму задача вельмі простая – вярнуць давер тых, хто нас ужо падтрымлівае, і заваяваць давер тых, хто шукае альтэрнатыву.

-Сказаць заўсёды лягчэй, чым зрабіць. Ваша ідэя абмяркоўвалася публічна, хоць бы ў рамках «шасцёркі»?

-Публічна гэтую ідэю пакуль агучыў толькі я.

Шчыра кажучы, мне б не хацелася, каб гэтая ідэя абмяжоўвалася абмеркаваннем у рамках «шасцёркі», «пяцёркі» – асобных партый і кааліцый. Тут важна дамовіцца аб прынцыпе ўзаемадзеяння паміж рознымі структурамі ў апазіцыі, якія могуць быць не звязаныя паміж сабой нейкімі фармальнымі абавязацельствамі. Трэба разумець: калі мы праводзім вулічную акцыю – глядач, чалавек, на якога мы разлічваем, не бачыць розніцы паміж партыямі, структурамі. Для яго мы ўсе пазначаныя словам «апазіцыя». Таму і адказнасць нясем ўсе мы. І мая прапанова не звернута менавіта да «шасцёркі». Нічога прынцыпова не зменіцца, калі «шасцёрка» выпрацуе гэтыя крытэрыі, а пяць, шэсць, сем іншых суб’ектаў будуць працягваць дзейнічаць, як дзейнічалі.

Наша агульная задача – атрымаць ад грамадзян мандат даверу. Каб гэтага дасягнуць, нам – усім – неабходна зразумець: на тых межах, дзе нас успрымаюць як нешта адзінае, мы нясем адказнасць за кожны наш крок. І ўнутры краіны, і за яе межамі.

Сёння відавочна, што гэтага няма. У любым выпадку, «Гавары праўду» будзе ініцыяваць дыскусію паміж суб’ектамі апазіцыі па гэтым пытанні. Зразумела, што мы вынесем гэтую праблему на абмеркаванне «шасцёркі» і Каардынацыйнага савета дэмакратычных арганізацый, створанага ў пачатку года, куды ўваходзілі больш за сорак арганізацый. Ён вельмі даўно не збіраўся, паколькі займаўся палітычнымі зняволенымі. Але і тое, што мы робім сёння, таксама непасрэдна звязана з іх лёсамі. Таму, думаю, гэты савет мог бы сабрацца і ў больш шырокім фармаце.

-Святое  месца пустым не бывае. Што Вы прапануеце ўзамен вулічных акцый? Любое варушэнне апазіцыі апошні час адбывалася менавіта вакол вулічных акцый.

-Створаны такі шаблон дзеянняў, да якога ўсе прызвычаіліся, які ўсім звыклы і які, зразумелая справа, сапраўды просты, калі ты не кранаеш якасць яго выканання.

Што мы прапануем узамен? Мы прапануем нарэшце заняцца выпрацоўкай стратэгіі; не пісаць нейкія фармальныя сто лістоў, якія ніхто не будзе чытаць, а вызначыць нашы мэты і шляхі іх дасягнення. Галоўная задача – беларусы павінны падтрымліваць альтэрнатыўную сілу. Мы павінны стаць альтэрнатывай у вачах беларусаў. Калі мы станем альтэрнатывай – тады можна будзе казаць пра масавыя акцыі. Сёння гэтага няма. Давер да праграм апазіцыі не вышэй за давер уладным праграмам. Таму альтэрнатыва, напэўна, не такая ўжо і драйвная. Альтэрнатыва – праца з насельніцтвам. Альтэрнатыва – гэта тыя ж народныя сходы, якія будуць рэальна вырашаць прыватныя праблемы людзей. Альтэрнатыва – каб людзі прызвычаяцца выходзіць на народныя сходы з мэтай вырашэння лакальных праблем. Альтэрнатыва – калі апазыцыя сапраўды пачне ўплываць на тое, што адбываецца хоць на мікраўзроўні. Толькі тады ў нас могуць з’явіцца масавыя акцыі.

Ёсць у нас традыцыйныя акцыі, як «Чарнобыльскі шлях», напрыклад. І тут мы прапануем прынцыпова мяняць падыход да акцыі. Не спрачацца, ісці на Бангалор ад Акадэміі навук або з плошчы Якуба Коласа, а змяніць фармат акцыі такім чынам, каб пра яе даведаліся як мага больш людзей.

-Але рэальнай альтэрнатывай трэба стаць, таму што пасля 19 снежня апазіцыя – гэта аскепкі той, ранейшай апазіцыі … Што трэба, каб стаць рэальнай альтэрнатывай?

-Мы павінны ўсвядоміць: наперадзе ў нас – не 10 дзён да перамогі. Гадаць пра тэрміны ўвогуле не выпадае – трэба выпрацаваць маркеры, якія дазволяць разумець, што мы ідзем да патрэбнай сітуацыі. Адзін з гэтых маркераў: калі грамадства скажа, што яно хоча жыць так, як прапануе альтэрнатыўная сіла. Сёння грамадства падтрымлівае апазіцыю, таму што яно ненавідзіць Лукашэнку. Большая частка гэтага грамадства, шчыра ненавідзячы гэтую ўладу, наогул не ўспрымае апазіцыю як суб’ект палітыкі. У іх галовах апазіцыя наогул не прысутнічае. Я ўжо не кажу пра тое, што нават нашы прыхільнікі лічаць, што апазіцыя слабая, ні на што не здольная. Таму нам патрэбна стратэгія.

Апазіцыя наогул замкнулася сама ў сабе. Прэзідэнцкія выбары, безумоўна, прыцягваюць людзей. Але нам трэба прыцягваць новых людзей, якія не з’яўляюцца «прафесійнымі рэвалюцыянерамі» і якія будуць заставацца ў апазіцыі, вырабляць тут нейкі інтэлектуальны прадукт, прыцягваць сюды сваіх сяброў. Гэтай праблемай, на жаль, мы сёння не займаемся. Гэта ж тычыцца і прыцягнення новых людзей да падрыхтоўкі масавых акцый. Мы павінны думаць пра бяспеку людзей, павінны быць больш адкрытымі з людзьмі. Калі мы будзем так працаваць – тады можна здымаць мараторый, тады можна казаць пра новую вулічную акцыю.

І наогул, гісторыя сведчыць, што перамены ў асобна ўзятай краіне надыходзяць не з прычыны акцый апазіцыі – яны нараджаюцца з незадаволенасці народа, нашых выбаршчыкаў, якія ўліваюцца ў пратэст. У ходзе пратэсту апазіцыя выказвае ідэі, якія могуць быць падтрыманы ім. Сама па сабе вуліца нічога не вырашае – гэта ўсяго толькі інструмент. Але яго трэба выкарыстоўваць больш акуратна.

Таму, я думаю, гэты мараторый павінен дзейнічаць да таго часу, пакуль не будзе ўсяго комплексу маркераў, па якіх мы зразумеем: сітуацыя сапраўды змянілася, і мы здольныя арганізаваць масавую акцыю пратэсту.

-Атрымліваецца, уся папярэдняя дзейнасць апазіцыі – памылка, раз ужо яна нічога не мае?

-Я не з’яўляюся гісторыкам апазіцыйнага руху Беларусі. Я размаўляў з разумным чалавекам, які сказаў мне: «Ты ведаеш, Андрэй, у апазіцыі вельмі абмежаваныя магчымасці». Згодзен – магчымасці ў беларускай апазіцыі вельмі абмежаваныя. Тады тым больш найперш  ты павінен скласці дакладны план дзейнасці, які ўлічвае ўсе гэтыя абмежаванні. Нам патрэбны сёння план, таму што цалкам відавочна – фарматы, метады і формы і нават нашы ўяўленні пра тое, як трэба працаваць, як паказвае вопыт апошніх гадоў, не спрацоўваюць.

Не даючы ацэнку працы апазіцыі за 17 гадоў, хачу сказаць, што нам неабходна правесці аналіз зробленага. Але гэта ўсяго толькі першы, маленькі, крок. Нам патрэбны выразны план дзеянняў, у рамках якога мы думаем пра бяспеку людзей, таму мы зараз і гаворым пра мараторый. А наперадзе ў нас доўгі марафон, і першымі да фінішнай стужкі павінны прыйсці менавіта мы.

26 октября 2011

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета