+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Андрэй Дзмітрыеў: Чаканне, што ўсё нехта зробіць за нас — Плошчу, пратэст, дасць адпор ворагу не пройдзе

Толькі ўчора Уладзімір Пуцін нарэшце прызнаў, што Крым не сам па сабе вырашыў аддзяліцца ад Украіны і што спачатку на паўвостраў былі ўведзены расійскія войскі. Да гэтага, заўважце, Расійская Федэрацыя катэгарычна адмаўлялася прызнаць людзей у камуфляжы і без апазнавальных знакаў, якія дзейнічалі ў Крыме, сваімі. Зараз такія ж “зялёныя чалавечкі” спрабуюць узарваць Данбас. І тая ж самая Расія робіць выгляд, што ніякага дачынення да ўсяго гэтага не мае. У сувязі з гэтым “Народная Воля” вырашыла задаць пытанне лідарам беларускіх палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў:

 

Калі заўтра “зялёныя чалавечкі” з’явяцца ў Беларусі, ці зможа ваша партыя (аб’яднанне) ўзняць народ на адпор?

Анатоль ЛЯБЕДЗЬКА, лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі:

— Калі да вас у хату залез бандзюган з нажом ці з тапаром, то што вы будзеце рабіць? Тое ж тычыцца і краіны, калі туды залезлі “чалавечкі” ў зялёным ці чорным камуфляжы. Мы будзем бараніць свой дом! Гэта ж відавочна! У нас у кожнага дзяды служылі хто ў войску, хто ў партызанах — так што навыкі ў нас ёсць на генетычным узроўні.

Андрэй ДЗМІТРЫЕЎ, намеснік старшыні грамадскай кампаніі “Гавары праўду!”:

— Адпор арганізоўвае сам народ. Чаканне, што ўсё нехта зробіць за нас — Плошчу, пратэст, дасць адпор ворагу, тут не пройдзе. Даволі часта людзі робяць усё па прынцыпе: няхай там нехта высоўваецца, а я пабуду дома і пагляджу, як яно там у іх атрымаецца. Я ўпэўнены, што ў нас будзе арганізацыйны рэсурс і структура, якая зможа хутка мабілізавацца. Грамадскія саветы, якія мы цяпер арганізоўваем, працуюць з людзьмі, і мы іх абавязкова задзейнічаем. За сябе асабіста магу сказаць: я пайду бараніць радзіму ў першых шэрагах, няважна, у якім чыне. Іншая справа, што ўсе размовы пра хуткае стварэнне нацыянальнай гвардыі (як ва Украіне) — гэта ўсё не сур’ёзна. На практыцы такія рэчы не ствараюцца за тыдзень ці нават за месяц. Нядаўна мы правялі дыскусію пра войска. Галоўны момант — фарміраванне тэрытарыяльнай абароны Беларусі. Мы даслалі запыт у Міністэрства абароны для адкрытай дыскусіі па гэтым пытанні. Мы нават гатовы ўключыцца ў работу і дапамагаць, дзе трэба, Міністэрству абароны. Бо на практыцы мы маем прафанацыю, калі губернатары атрымалі генеральскія лампасы. Трэба сур’ёзна падыходзіць да пытання, каб абараніцца ад зялёных, чырвоных, сініх — любых чалавечкаў, якіх мы тут не чакаем.

Георгій АТАМАНАЎ, старшыня Камуністычнай партыі Беларусі:

— Якія “зялёныя чалавечкі”?! Няма ніякіх “зялёных чалавечкаў”! Я разумею, на што вы намякаеце. Ніякія вайскоўцы без апазнавальных знакаў нікуды не ўваходзілі! Вы на лецішча ездзіце? Дачнікі не ў камуфляжы туды едуць, ці, напрыклад, у лес ходзяць? Пры чым тут вайскоўцы? Камуфляжная форма прадаецца ў любой краме. Я ўпэўнены, што ніякага нападу на Беларусь не адбудзецца. Гэта выключана.

Алег ГАЙДУКЕВІЧ, намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі:

— Я вас запэўніваю: пакуль тут, у Беларусі, існуе ЛДПБ, ніякіх “зялёных чалавечкаў” тут не будзе. У нас моцная краіна ў адрозненне ад Украіны. І ўкраінскі сцэнарый тут адбыцца не зможа. Калі ж і з’явіцца такая пагроза, то вельмі хутка так усё зробім, што наша Беларусь будзе незалежнай і суверэннай, і ніякія чалавечкі тут не пройдуць.

Ігар ЛЯЛЬКОЎ, намеснік старшыні Партыі БНФ:

— Думаю, што сіл адной Партыі БНФ не хопіць. Але калі мы зможам аб’яднаць усе здаровыя сілы ў нашай краіне, а іх не так мала, то Партыя БНФ можа стаць цэнтрам такога аб’яднання. Трэба аб’ядноўвацца з усімі незалежніцкімі сіламі. Разам з народам нас хопіць.

Павел СЕВЯРЫНЕЦ, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”:

— Калі Беларусь будзе пазбаўляцца незалежнасці, абавязак кожнага мужчыны — абарона краіны. Гэты сцэнарый не выглядае сёння такім ужо фантастычным, і “зялёныя чалавечкі” могуць залезці сёння ў наш дом. Але калі што — мы будзем ладзіць абарону ўсімі сродкамі.

Сённяшняя Беларусь вельмі падобна на цэнтральную Украіну, напрыклад, на Палтаўшчыну. І мы бачым, як там арганізоўваецца адпор. Думаю, што і ў нас абавязкова людзі ўзнімуцца, а мы будзем дапамагаць людзям самаарганізоўвацца.

Любоў ЛУНЁВА

«Народная Воля»

22 апреля 2014

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі