+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Андрэй Дзьмітрыеў: «Гавары праўду» — мяккая сіла дэмакратычнай супольнасьці Беларусі»

Старшыня грамадскага аб’яднання разважае, чаму ўлада нарэшце вырашыла афіцыйна зарэгістраваць «Гавары праўду», адказвае на «традыцыйнае» пытаньне, ці супрацоўнічае ён са спэцслужбамі, ацэньвае палітычную будучыню Тацяны Караткевіч і цьвердзіць, што «Гавары праўду» можна называць апазыцыяй. 

Андрэй Дзьмітрыеў у перадачы «Інтэрв’ю тыдня» (гуказапіс)

— Апошнія гады з пэўнай пэрыядычнасьцю зьяўляліся паведамленьні пра чарговую нерэгістрацыю «Гавары праўду». Некалькі дзён таму кампанія нарэшце была афіцыйна зарэгістраваная. Чым бы вы патлумачылі такія зьмены ў паводзінах улады? І як рэгістрацыя паўплывае на вашы далейшыя дзеяньні?

— Для нас рэгістрацыя — гэта важны крок наперад, бо найперш дае бясьпеку для нашых сяброў, для людзей, якія жадаюць да нас далучыцца. Бо, асабліва ў рэгіёнах, людзі заўсёды цікавяцца, у якім мы статусе. Для беларусаў гэта важна. І мы будзем выкарыстоўваць рэгістрацыю, каб пашыраць сваю дзейнасьць па ўсёй Беларусі. У наступныя два гады наш прыярытэт — гэта праца на ўзроўні раёнаў.

Чаму ўлада нас зарэгістравала? Мы скарысталіся сытуацыяй, калі беларускай уладзе важна нейкі чынам захаваць дыялёг з Эўропай, і пасьля сакавіцкіх пратэстаў улады будуць вымушаныя рабіць нейкія крокі. Якія яшчэ могуць быць прычыны — трэба пытацца ў чыноўнікаў. Мне і раней было незразумела, чаму нас не рэгістравалі. Відавочна, гэта палітычнае рашэньне. Для нас важна, каб мы былі не адзінымі, а першымі ў шэрагу тых, хто цяпер чакае сваёй рэгістрацыі і мае на яе поўнае права.

— І ваш прагноз? Будзе рэгістрацыя і іншых грамадзкіх абʼяднаньняў?

— Не магу казаць за ўладу, але спадзяюся, што так і будзе. Ёсьць пэўныя паляпшэньні — вярнуліся ў падпіску газэты «Свободные новости» і «Новы час». Таму я спадзяюся, што будуць паляпшэньні і ў гэтай сфэры, і ў іншых.

— Ваша рэгістрацыя ўжо выклікала невялікі скандал. Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі абвінаваціў вас у крадзяжы лягатыпу. На пячатцы ГП — васьміканцовая зорка. Гэты ж самы сымбаль ужо больш за 10 гадоў выкарыстоўвае БХД.

— Віталь ужо выбачыўся за ілжывыя абвінавачаньні. Мы нічога ня кралі. Віталь проста памыліўся. Я лічу, гэтым інцыдэнт вычарпаны.

— На сёньняшні момант ці зьяўляецеся вы апазыцыяй да існуючай улады?

— Безумоўна, мы зьяўляемся часткай дэмакратычнага руху. Мы мяккая сіла дэмакратычнай супольнасьці Беларусі.

— Але калі ўсё ж адказваць на маё пытаньне — ці можна вас назваць апазыцыяй?

— Так, безумоўна. Мы зьяўляемся апазыцыяй.

— Відавочна, што вашы палітычныя мэтады адрозьніваюцца ад мэтадаў астатняй апазыцыі. У чым ваша адметнасьць, фішка? Калі іншыя заклікаюць да пратэстаў, то вы ідзяце да людзей у двары, падʼезды, да іхніх прыземленых праблемаў?

— Вы вельмі добра адзначылі, што фішка ГП у тым, што мы самі ідзем да людзей, падымаем тыя пытаньні, зь якімі яны сустракаюцца штодня. І праз гэтыя пытаньні кажам важныя рэчы. І пра тое, што краіне патрэбнае разьвіцьцё рэгіянальнае, каб вэртыкаль не душыла краіну, што трэба разьвіцьцё малога і сярэдняга бізнэсу. І пра тое, што патрэбна сацыяльная абарона людзей. А ўлада робіць наадварот — забірае сацыяльную абарону і за гэта яшчэ патрабуе заплаціць.

Мне прыемна адзначыць, што збольшага, нават не зважаючы на рыторыку большасьці апазыцыйных партыяў, якая засталася старой — я бачу, што і яны ідуць гэтым, нашым шляхам. Яны, як і мы, пачалі хадзіць па дэпутатах, кажуць пра важныя праблемы. Яны ўжо ўсе ўдзельнічаюць у выбарах і ня ставяць пытаньня байкоту. Таму, у прынцыпе, мы можам сказаць, што сёньня розьніца паміж намі і апазыцыяй не такая вялікая, яны набліжаюцца да нас. І гэта мы лічым добрым. Бо гэта агулам усіх нас набліжае да беларускага грамадзтва.

— Забаўна вы сказалі — «розьніца паміж намі і апазыцыяй не такая вялікая».

— Ну, а як іх яшчэ ўсіх можна назваць? Апазыцыя. Мы таксама апазыцыя, але і яны апазыцыя.

— Уладзімер Някляеў, Мікола Статкевіч фактычна адкрыта абвінавачваюць вас у сувязях са спэцслужбамі. Можа, вы маглі б паставіць у гэтым пытаньні кропку, даць такі адказ, пасьля якога ня будзе ўзьнікаць такіх пытаньняў?

— Слухайце, мне падаецца, што кропку ў пытаньнях супрацоўніцтва даў «Малады Фронт», дзе аказалася, што ўсе амаль падпісалі гэтую паперу і 6 гадоў з гэтым нармальна жылі. Таму цяпер казаць пра гэта сурʼёзна проста не выпадае. Я казаў шмат разоў і паўтару вам — «Гавары праўду» не супрацоўнічае са спэцслужбамі. Мне няма чаго тут дадаць.

— Некалькі месяцаў таму я рабіў інтэрвію тыдня з Тацянай Караткевіч і быў зьдзіўлены, як мала людзей, паводле нашай статыстыкі, яго прачытала. І я зьвярнуў увагу, што апошнія месяцы Караткевіч мала запрашаюць і ў іншыя СМІ, ня часта бяруць у яе камэнтары. Ці бачыце вы нейкую палітычную будучыню ў Тацяны? Нагадаю, што ў нас большасьць кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах далей не вылучаюцца і часта ўвогуле хутка зьнікаюць з палітычнай арэны. Ці можа «Гавары праўду» выкарыстаць патэнцыял Караткевіч, які быў на выбарах, ці ён ужо абʼектыўна страчаны?

— Вядома, паміж выбарамі агульны інтарэс грамадзтва да палітыкі меншы, тым больш у Беларусі. Любы кандыдат у прэзыдэнты, як толькі скончыліся выбары, пачынае губляць увагу грамадзтва. Тым больш апазыцыя ніяк не прадстаўленая ва ўладзе, яе няма на тэлевізіі.

Зь іншага боку, я цалкам упэўнены ў будучыні Тацяны Караткевіч, бо часта ежджу зь ёй у рэгіёны. Калі людзі яе бачаць, чуюць яе прозьвішча — то вельмі хутка ўзгадваюць, што за чалавек, вельмі ўдзячныя ёй за ўдзел у той кампаніі. Давяраюць ёй. Не выпадае думаць ніяк інакш, што палітычная будучыня ў Тацяны Караткевіч ёсьць. Сёньня крыху больш увагі, заўтра крыху менш — гэта звычайная палітычная справа. Нічога страшнага.

— Цяпер у «Гавары праўду» два лідэры — вы і Тацяна Караткевіч. Наколькі гэта часовая і наколькі гарманічная справа? Відаць, перад наступнымі прэзыдэнцкімі выбарамі кампанія вызначыцца з адным чалавекам?

— Сустаршынства цалкам адпавядае рэчаіснасьці, якая ёсьць у ГП. Нам вельмі лёгка і зручна працаваць разам. Мы верым, што сёньня галоўнае ня тое, хто наверсе, а разьвіцьцё рэгіянальнага лідэрства. Каб у нас было сто Тацян Караткевіч. Каб яе прыклад натхняў людзей у рэгіёнах ісьці на выбары, займацца грамадзкай дзейнасьцю, быць пазнавальнымі. Спадзяюся, праз 3–5–7 гадоў у нас будуць дзясяткі добрых і гучных імёнаў.

— Падчас лютаўскіх і сакавіцкіх сацыяльных пратэстаў вы, як падаецца, ня вельмі актыўна бралі ў іх удзел. Чаму ў вас было такое асьцярожнае стаўленьне да гэтых акцыяў?

— Сапраўды, у «Гавары праўду» быў іншы падыход. Мы лічылі, што апазыцыйныя палітыкі павінны дапамагаць грамадзянам у самаарганізацыі, але ня лезьці наперад. І другое — мы лічылі татальнай памылкай гэтае адчуваньне, што калі на вуліцу выходзяць некалькі сотняў ці тысяч чалавек, то трэба яшчэ крыху націснуць, і рэжым падзе. І людзі пачынаюць дзейнічаць алягічна. Я лічу, што калі Лукашэнка абвясьціў, што на год прыпыняе дзейнасьць дэкрэту, апазыцыя павінна была абвясьціць, што мы прыпыняем вулічную актыўнасьць, бо дамагліся адмены дэкрэту, і фармуем перамоўную групу, каб гэты дэкрэт ніколі не вярнуўся ў жыцьцё беларуса. Тады мы здолелі б атрымаць людзкі давер і паказаць грамадзтву, што здольныя чагосьці дамагчыся.

А ў выніку тактыкі мітусьні і сьпяшаньня мы зноў бачым, што далі магчымасьць уладзе паказаць, што яна можа нас разграміць за 5 хвілін і што мы зноў нічога не дабіліся. Таму ў нас было ня тое што асьцярожнае стаўленьне да пратэстаў, але разуменьне доўгатэрміновых плянаў і мэтаў. І разуменьне, што гэта не фінальная бітва, але крок у пашырэньні ўплыву дэмакратычных сіл у грамадзтве.

— Як вы ўвогуле бачыце пэрспэктывы магчымай зьмены ўлады? На нейкі момант грамадзтва сасьпее, і што — улада запросіць апазыцыю ва ўрад? Тады, хутчэй, улада сама правядзе неабходныя зьмены, без дапамогі апазыцыі — і апазыцыя зноў застанецца на ўзбочыне? Але ж мэта палітыкі — прыход да ўлады?

— Насамрэч мэта палітыкі — гэта зьмена жыцьця грамадзтва да лепшага. Каб твае ідэі ўвасабляліся ў штодзённым жыцьці грамадзтва. Безумоўна, для гэтага важна быць ва ўладзе, мы да гэтага імкнёмся.

Але сёньня ня важна, хто ты — радыкальны палітык ці больш памяркоўны. Сёньня галоўная тэма — тэма бясьпекі людзей. Ты ня можаш заклікаць людзей і казаць, што я за ўсё адказны і слухайце толькі мяне. Бо мы бачым, што гэта прыводзіць толькі да непатрэбных новых ахвяраў. Ашчаднае стаўленьне да грамадзтва, да людзей, дэманстрацыя таго, што нам важны іхні лёс, як яны жывуць — гэта можа пашырыць уплыў апазыцыі. І калі прыйдзе час, у апазыцыі будуць усе шанцы вырашаць прынцыповыя лёсавызначальныя пытаньні, а не застацца на ўзбочыне, з добрымі лёзунгамі, але цалкам без падтрымкі грамадзтва. Бо гэта адзіны рэсурс, які можа мець сёньняшняя апазыцыя — падтрымка грамадзтва.

Віталь Цыганкоў, «Радыё Свабода»

26 мая 2017

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі