+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Андрэй Дзьмітрыеў: «Мы бачым, як расьце прорва паміж грамадзтвам і ўладай, і як улада ня чуе грамадзтва»

Ці выйграла ўлада ў выніку брутальнага здушэньня масавай акцыі ў Дзень Волі? Наколькі абвастрылася праблема лідэрства ў беларускай апазыцыі? Які альгарытм дзеяньняў прыхільнікаў пераменаў можа быць найбольш пасьпяховым?

Свае меркаванне лідэр кампаніі «Гавары праўду» выказаў у перадачы «Праскі акцэнт»

— Мне падаецца, што цяпер увогуле казаць у тэрмінах «выйграў-прайграў» нельга. Можна толькі казаць, ці здолелі спыніць гэтую хвалю пратэстаў. Мы гэтага пакуль што ня можам пабачыць, пабачым 1 траўня, калі будзе акцыя, цалкам зьвязаная з сацыяльнай тэматыкай. Пабачым, ці людзі выйдуць на яе.

Можна сказаць, што ўлада і гвалтам, і прапагандай пэўных мэтаў дабілася. Але варта зазначыць, што мы бачым, як расьце прорва паміж грамадзтвам і ўладай, і як улада ня чуе грамадзтва. І ўсе тыя мэханізмы, якія былі створаныя, нібыта каб чуць грамадзтва (маю на ўвазе і БРСМ, і ідэалягічную вэртыкаль) — цалкам не працуюць. Яны выпускаюць ідэалягічны прадукт, які грамадзтва не гатовае чуць. Я нагадаю, што захады былі вельмі розныя, была і вялікая гутарка з Лукашэнкам, якая доўжылася сем гадзінаў, а з выніку — пшык. Людзей гэта толькі злуе. А Лукашэнка працягвае казаць пра заробак у 500 даляраў, і гэта зноў людзей злуе.

Мы бачылі, як мясцовыя ўлады выходзілі да людзей, спрабуючы нейкім чынам працаваць з пратэстоўцамі, але ўсё, што яны казалі, яшчэ больш злавала людзей. Насамрэч, мы ізноў убачылі няздольнасьць сёньняшняй улады і вэртыкалі да таго, каб пачуць людзей. І мы ўбачылі, зь іншага боку, грамадзтва, якое выйшла і якое патрабуе да сябе павагі. Бо працэс быў ня толькі сацыяльны — многія былі абураныя, што іх абазвалі «дармаедамі», гэта закранула іх годнасьць.

Мне падаецца, што ў гэтым сэнсе нават тактычнай перамогі няма, бо перамогай зьяўляецца тое, калі людзі займаюць пазыцыю. Калі б людзі сказалі: «Ну, усё ж Лукашэнка мае рацыю, цяжкі час, трэба згуртавацца вакол дзяржавы, дапамагаць» — вось гэта была б перамога. Але не, гэтага мы ня бачым. Наадварот, грамадзтва ў сваіх адносінах да таго, што робіць улада, што робяць чыноўнікі — радыкалізуецца. Рэпрэсіі, магчыма, зьбілі хвалю вулічных пратэстаў, але дакладна нічога ня здолелі нічога зрабіць зь меркаваньнямі людзей (..)

(…) Я лічу, што падзяліць лёзунгі ўладзе не ўдалося, бо насамрэч сёньня ўсе гэтыя сацыяльныя, эканамічныя лёзунгі — яны зьяўляюцца палітычнымі. Таму што ўлада ня мае палітычнай волі на тое, каб рабіць рэформы, ствараць працоўныя месцы, каб была рэальная сацыяльная бясьпека. І таму, што б ні казала ўлада, пасьля лёзунгу «Дайце нам працу!» будзе лёзунг пра чыноўнікаў, якія самі жыруюць, а людзі галадаюць. І гэта ўсё роўна перарастае ў палітыку незалежна ад таго, ёсьць там палітыкі ці няма.

Што тычыцца другога пытаньня — часткова пагаджуся, што адбылася пэўная дыскрэдытацыя лідэраў апазыцыі. Але мне падаецца, што гэта не празь дзеяньні ўлады, а найперш праз паводзіны саміх лідэраў. Улада проста гэтым карыстаецца. Тое, што мы бачылі — высокія словы пра адказнасьць, а потым адсутнасьць гэтай адказнасьці — вось гэта найперш бʼе па апазыцыі. Людзі ж на самой справе ня шмат і чакаюць ад апазыцыі. Яны ўдзячныя, калі на пратэстах зьяўляецца нехта, хто арганізуе. Але калі зьяўляецца чалавек і кажа: Я ведаю, што рабіць, давайце рабіць! — дык тады ўжо ён павінен разумець, што ён зьяўляецца для людзей вось гэтым тварам палітычнай апазыцыі (…)

(…) Сапраўды, рух «Гавары праўду» працаваў у іншым альгарытме, мы кажам, што ўвогуле ў сёньняшняй сытуацыі ў Беларусі і ў тым балянсе сілаў паміж уладай і грамадзтвам, які ёсьць — тым больш, паміж апазыцыяй і ўладай — увогуле фраза «Я бяру за ўсё адказнасьць!» — яна безадказная. Як і фраза «У мяне ёсьць плян». Звычайна, ну давайце будзем шчырымі, такі плян бывае лінейны: мы пойдзем з кропкі А ў кропку Б. Сёньня варта разумець некалькі рэчаў.

Першае. Тое, што мы сёньня бачым у Беларусі, не зьяўляецца рэвалюцыйнай сытуацыяй, гэта ўсяго толькі грамадзтва, якое вельмі незадаволенае сацыяльна-эканамічным станам і хоча, каб яго пачулі. І таму вельмі важна палітычнай апазыцыі падыходзіць да гэтага асьцярожна і, калі хочаце — прагматычна. І не «паліць» усё адразу, каб сказаць — «Мы тут ёсьць». Наадварот. Вось сказаў Лукашэнка нешта кшталту, што прыпыніць дэкрэт — значыць, заявіць, што гэта мы дамагліся гэтага посьпеху, усе разам, усёй грамадой. Паказаць людзям, што яны сапраўды здольныя нечага дамагчыся. Паставіць пэўную коску, а ня бегчы — «А вось давайце мы яшчэ крыху паднацісьнем, і рэжым падзе!». Калі так кожны раз, калі ідзе зусім маленькая саступка рэжым, і тут пачынаецца — «Трэба паднаціснуць, і зараз усё разваліцца» — у выніку ўсе ідуць ва-банк, у выніку ўсе аказваюцца банкрутамі, акрамя, безумоўна, улады — вось гэта вельмі шкодзіць.

Таму «Гавары праўду» сёньня кажа: давайце паступова і пасьлядоўна будзем працаваць з грамадзтвам, нарошчваючы грамадзкі ціск і грамадзкую сілу. Гэта не вырашаецца адным днём ці адной акцыяй. І безумоўна, тыя пратэсты, якія адбыліся, яны могуць вельмі дапамагчы, бо мы бачылі людзей, гатовых да грамадзянскай актыўнасьці, а можа, я думаю, і да палітычнай, і гэта якраз тая глеба, на якой сёньня варта працаваць палітычным арганізацыям. Каб гэтыя людзі рабіліся часткай розных рухаў, каб яны сапраўды атрымоўвалі новыя веды, новыя інструмэнты таго, як яны сёньня могуць рознымі шляхамі, ня толькі вулічнымі пратэстамі (на якія, безумоўна, грамадзтва мае права) ціснуць на ўладу. І гэта ня справа аднаго бою — гэта такі бой, які будзе доўжыцца вельмі-вельмі доўга. Важна зьмяніць балянс сілаў. Бо мы сёньня бачылі, што арганізацыйна, фінансава, рэпрэсіўна, тэхнічна ўлады, безумоўна, сёньня мае больш сілаў, чым грамадзтва. Таму «Гавары праўду» бачыць сытуацыю ў разьвіцьці, і лічыць, што нам самім трэба быць больш адказнымі. І разумець, што мы адказваем за людзей. Калі, напрыклад, мы кудысьці іх клічым, дык трэба ім казаць пра бясьпеку (і мы спрабавалі гэта рабіць перад акцыяй 25-га).

І безумоўна, павінен быць плян «В». А ў чым павінен быць плян «В»? Гэта — самакаардынацыя. Ужо ёсьць цудоўны прыклад людзей, якія зьбіраюць дапамогу тым, хто рэпрэсаваны. Гэта тое, што павінны рабіць лідэры (і агульнанацыянальныя, і рэгіянальныя) — гэта дапамагаць грамадзтву атрымліваць навыкі гэтай самаарганізацыі, каб людзі е баяліся самаарганізоўвацца, каб яны разумелі, як гэта рабіць. І адстойвалі свае правы па самых розных пытаньнях, бо ўсё гэта насамрэч б’е ў адну кропку. Гэта кропка — зьмена ўлады, зьмена паводзінаў улады. Гэта — адстойваньне інтарэсаў людзей, а мне падаецца, што гэта і ёсьць мэта для любога палітыка.

«Радыё Свабода»

10 апреля 2017

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…