+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Андрэй Дзьмітрыеў: «Мясцовыя выбары могуць даць дарогу новым лідэрам, «новым тварам на месцах»

Лідэр грамадзкага абʼяднаньня «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў назваў на Facebook палітыкаў, якія маюць намер стаць кандыдатамі ў прэзыдэнты на наступных выбарах (мяркуецца, у 2020 годзе).

У ліку такіх ён назваў Алега Гайдукевіча (ЛДПБ, ужо намінаваны ад партыі), Алеся Янукевіча або Юрася Зянковіча (БНФ), а таксама кандыдата ад Правацэнтрысцкай кааліцыі (АГП, БХД і «За свабоду»). Апошняга зьбіраюцца выбраць праз праймэрыз — і пад «наш падыход», піша Дзьмітрыеў, падыходзяць Юрась Губарэвіч («За свабоду»), Анатоль Лябедзька і Ганна Канапацкая (АГП), але не Павал Севярынец (БХД).

Што ня так зь Севярынцам паводле Дзьмітрыева?

«Пытаньне ня ў тым, падабаецца ці не падабаецца мне Севярынец, — кажа Свабодзе Андрэй Дзьмітрыеў. — Я казаў пра тых людзей, якія цяпер зьбіраюцца ісьці на тыя праймэрыз. Але я магу назваць таксама Міколу Статкевіча ў ліку тых людзей, якія сёньня, што б яны ні казалі, выступаюць за вулічны, рэвалюцыйны шлях зьменаў, у якім галоўная мэта — кагосьці пакараць, знайсьці вінаватых.

Наш падыход іншы: найперш разумець, што мы хочам зьмяніць, шукаць саюзьнікаў сярод розных групаў грамадзтва, у тым ліку ва ўладзе, каб зьмены адбыліся. Таму так, я лічу, што Павал Севярынец — не пра наш падыход, не пра мірныя перамены, не пра дыялёг. Павал — той чалавек, які можа весьці дыялёг з Богам і з тымі, каго сам прызначыць абранымі для дыялёгу».

Што да іншых прадстаўнікоў БХД, у тым ліку другога сустаршыні БХД Віталя Рымашэўскага, Дзьмітрыеў кажа, што ня ведае іхнай адпаведнасьці «шляху мірных пераменаў». Таксама Дзьмітрыеў дапускае, што, як і ў 2010 годзе, ЛДПБ можа зьняць намінаванага кандыдата ў прэзыдэнты, а таксама згадвае, што цяперашняя дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім некалі зьбіралася балятавацца ў прэзыдэнты, а цяпер Анісім шчыльна супрацоўнічае з БНФ і мае памочнікам кіраўніка БНФ Рыгора Кастусёва. Таксама вылучыць кандыдата ў прэзыдэнты могуць левыя — напрыклад, ім можа стаць Сяргей Калякін («Справядлівы сьвет»).

А хто ад «Гавары праўду»?

Дзьмітрыеў пакуль не называе магчымым кандыдатам у прэзыдэнты ні сябе, ні Тацяну Караткевіч — кандыдатку ў прэзыдэнты на выбарах-2015.

Ён тлумачыць: у адрозьненьне ад большасьці дэмакратычных сілаў, «Гавары праўду» ня бачыць мясцовыя выбары толькі «падмуркам пад прэзыдэнцкія», нейкай няважнай кампаніяй. Паводле яго, мясцовыя выбары могуць даць дарогу новым лідэрам, «новым тварам на месцах», і гэтыя новыя твары павінны зьявіцца ў мясцовых саветах, «каб улада нарэшце павярнулася тварам да людзей».

«Кандыдат ад „Гавары праўду“ на прэзыдэнцкіх выбарах абавязкова будзе. Кропка, — заявіў Дзьмітрыеў. — А хто гэта будзе, Тацяна Караткевіч ці новы лідэр, які цяпер ідзе ў райсавет, ці ўвогуле чалавек, пра якога мы сёньня ня можам падумаць — гэта мы будзем вырашаць тады, калі прыйдзе час вырашаць. У нас наперадзе, хутчэй за ўсё, яшчэ датэрміновыя парлямэнцкія выбары, а толькі потым прэзыдэнцкія».

Ці можа сам Дзьмітрыеў быць кандыдатам у прэзыдэнты, ён «і думаць ня хоча», бо гэта «адцягвае сілы і час на тое, што важна»: ён зьбіраецца ісьці кандыдатам у Менскі абласны савет.

«Мне здаецца, што пасьля 2015 году ўсе засвоілі ўрок, што калі ты ня ўдзельнічаеш паўнавартасна ў выбарах, ты дакладна прайграеш, — дадае Дзьмітрыеў. — Я маю на ўвазе павагу з боку грамадзтва, яго давер, падтрымку. Для палітыка гэта галоўны рэсурс. Ты гэта проста страчваеш, а навярстаць гэта о-го-го як складана».

Стаць кандыдатам ад «Гавары праўду»

«Радыё Свабода»

16 ноября 2017

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Начали сбор подписей за Андрея Дмитриева!