+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Андрэй Дзмітрыеў: У маёй сям’і было няпроста стаць беларусам

Палітык Андрэй Дзмітрыеў расказаў, навошта яму спатрэбілася выдаваць кнігу Севярына Квяткоўскага «Як стаць беларусам», дзеля чаго трэба правакаваць нашых суайчыннікаў,  і як падзеі ва Украіне павінны адказаць на пытанне, хто мы такія?

Дмитриев

—Чым так зачапіла цябе гэтая кніга, што ты ўзяўся яе выдаць?

— Гэтая кніга Севярына Квяткоўскага, які сабраў сто гісторый розных людзей, самых разнастайных прафесій і лёсу, іх аповед пра тое, як яны ўсвядомілі сябе беларусамі, як прыйшлі да гэтага. Мне падаецца, што зараз менавіта той самы час, калі шмат людзей з розных прычын — і з нейкіх вонкавых падзей, што адбываюцца навокал Беларусі, і з нейкіх унутраных пытанняў, на якія наша дзяржава,на жаль, не дае адказу, — пачынаюць адчуваць сваю беларускасць. І таму ёсць пацверджанне і ў тых жа масавых курсах беларускай мовы, і ў сферы бізнесу, дзе мы бачым, як банкі ці сотавыя аператары пачалі чапляць гэтую беларускую тэматыку.

Таму гэтая кніга, мне падаецца, прыйшлася ў самы час. Тым больш зразумець сябе намнога прасцей, калі пачуеш гісторыі іншых людзей.

Vokladka

— А як абіраліся героі для гэтай кнігі? Бо сярод іх можна сустрэць не толькі вядомыя прозвішчы пісьменнікаў, музыкантаў, як Уладзімір Арлоў ці Сергей Міхалок, але і зусім невядомыя.

— Іх абіраў сам Севярын Квяткоўскі праз свае гутаркі з гэтымі людзьмі. Думаю, галоўная ідэя была паказаць розных людзей. Гэта і спартоўцы, і бізнесмены, і рабочыя, і людзі мастацтва. То бок даць паняць, што гэта не нейкае гета, якое вось раптам адчула сябе беларусамі. Што няма нейкай зададзенасці – маўляў, калі ты літаратар, то больш схільны да беларускасці, а калі бізнесоўца ці інжынер – то не. Якраз мэта гэтай кнігі — паказаць, што быць беларусам — гэта даступна для кожнага.

— А твая ўласная гісторыя? Як ты прыйшоў да беларускасці, адчуў сябе беларусам?

— Мая асабістая гісторыя пачалася ў 14 год. Справа ў тым, што я як сын ваеннага меў права не вывучаць беларускую мову і не вывучаў яе да 9 класа. Але раптам у 9 класе мне проста захацелася ведаць яе, чытаць па-беларуску, размаўляць па-беларуску. Гэта нават не было нейкае рацыянальнае ўсведамленне. Проста захацелася.

А ў маёй сям’і гэта было не так проста. Мае бацькі-расейцы не вельмі разумелі, нашто мне гэта патрэбна. Яны казалі: навошта, калі тут ўсё роўна ўсе размаўляюць па-расейску. Але я вось пачаў насуперак усяму гэтаму вывучаць беларускую мову, літаратуру, цікавіцца гісторыяй Беларусі. Таму для меня гэта ўсё пачалося спачатку як нейкі юнацкі пратэст. Бо я адчуваў, што жыву ў краіне, пра якую не ведаю нічога. Такая вось зямля – тэра інкогніта, якую мне захацелася проста для сябе адкрыць.

І калі я пачаў адкрываць, стаў разумець, што я частка гэтага, што ў мяне ўсё гэта адгукаецца ўнутры. Потым сталі дадавацца іншыя рысы. І гэты свет беларускі стаў значна больш складаным,  не такім чорна-белым аднавымерным, я зразумеў, што ёсць тут і людзі, якія размаўляюць па-расейску, але пры гэтым з’яўляюцца сапраўднымі беларусамі. Або ёсць людзі, якія размаўляюць па-беларуску, для якіх пры гэтым Беларусь не ёсць каштоўнасць. То бок ёсць шмат адценняў.

— Іншымі словамі, адчуваць сваю беларускасць і размаўляць па-беларуску – для цябе не  тоесныя паняцці?

— Мне падаецца, што сёння ў Беларусі менавіта так. У Ірландыі, напрыклад, людзі размаўляюць па-ангельску, але іх нельга пры гэтым назваць англічанамі. Для мяне быць беларусам – гэта значыць усведамляць каштоўнасць сваёй краіны, сваёй дзяржавы, усведамляць тое, што важна, каб беларусы былі рознымі і былі пры гэтым былі разам.

Але, безумоўна, хочыцца, каб усё ж такі мова стала адным з чыннікаў беларускасці.

Дарэчы, гэтая кніга выйшла па-беларуску, але мы абавязкова зробім яе і па-расейску.

— Мне падаецца назва “Як стаць беларусам” гучыць неяк правакацыйна. Здаецца, беларусамі мы нараджаемся, а не становімся.

— Сапраўды, тут ёсць такая правакацыйнасць. Яна задумана спецыяльна. Ведаеце, былі ў свой час такія папулярныя кнігі кшталту “Як вывучыць кампутар за 20 дзён” ці “Як вывучыць ангельскую мову за 20 дзён”. І калі вы зірнеце на вокладку, то пабачыце, што яна выканана ў такім жа стылі. Нешта кшталту “Як стаць беларусам праз 100 гісторый” — такая своеасаблівая правакацыя, каб даць людзям магчымасць задумацца, што гэта азначае, ці гэта магчыма стаць беларусам, ці ты ім проста нараджаешся.

І, мне здаецца, менавіта праз правакацыю можна сапраўды абуджаць беларускае. Бо там, дзе няма спрэчак, дзе няма дыскусій, а ёсць толькі адна праўда і адна ісціна, – там не нараджаюцца пытанні, і адпаведна не нараджаюцца адказы.

А гэта кніга павінна нараджаць пытанні. І перш за ўсё да сябе.

— Ты кажаш, што гэтая кніга прыйшлася у самы час. Гэта неяк звязана з падзеямі ва Украіне, ці ёсць іншыя прычыны?

— Думаю, тут не адна прычына. Сапраўды, Украіна зрабіла важным пытанні: хто мы ёсць, з кім мы сябруем, супраць каго і за што, якія нашы інтарэсы, каштоўнасці, чым мы адрозніваемся ад іншых? Гэта сапраўды важна.

Але мне падаецца, ёсць яшчэ адна падстава задумацца. За гэтыя 20 год з’явілася цэлае пакаленне, якое вырасла ў незалежнай Беларусі. Але за гэты час яно ніколі не атрымлівала ад дзяржавы адказу, а што такое сапраўды незалежнасць, якія чыннікі той незалежнасці ці гэта толькі пустыя словы? І гэтае пакаленне задае галоўнае пытанне: што значыць быць беларусам, чым мы, моладзь, новыя пазітыўныя людзі, адкрытыя свету, якія лёгка валодаюць інтэрнэтам, мовамі, адрозніваемся ад астатняга свету? І мне падаецца, гэтая кніга будзе для іх актуальная таксама.

Анастасія Зелянкова, «Салiдарнасць» 

17 октября 2014

Коментарии

  • Михаил Филиппов27 марта 2015 #

    Сапраўды, Украіна зрабіла важным пытанні: хто мы ёсць, з кім мы сябруем, супраць каго і за што, якія нашы інтарэсы, каштоўнасці, чым мы адрозніваемся ад іншых? Гэта сапраўды важна.

    А вот тут не соглашусь. Немец может быть за дружбу с Россией, а может — за дружбу с Америкой и по-своему аргументировать свою позицию.
    Но от этого он не станет американцем или русским, а всегда будет немцем. Он может даже не знать, чем он отличается от француза, поляка, но он четко знает, КТО ОН.
    С украинцами к сожалению, не так. Там не только война с внешним агрессором. Там еще и война идентичностей — украинец против малоросса

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Беларусь не только Минск»: форум регионального развития в Бобруйске