+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

АПАЛЬНЫ ФАКУЛЬТЭТ ЛІКВІДУЮЦЬ. Гродзенскі ўніверсітэт застанецца без гістфаку

Чуткі пра тое, што гістарычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы могуць аб’яднаць з факультэтам турызму, актыўна хадзілі апошнія два месяцы. Прыкладна з часу звальнення апальнага гісторыка Вячаслава Шведа. Дэкан гiстфака Эдмунд Ярмусік пацвердзіў, што пытанне з аб’яднаннем факультэтаў сапраўды вырашаецца.

«Калі ў вас ёсць такая інфармацыя, то, як вядома, дыма без агня не бывае, — адзначыў Эдмунд Ярмусік. — Такое рашэнне ёсць. Яно абмяркоўваецца. Нічога страшнага ў гэтым няма. Гэта натуральная рэарганізацыя вучэбнага працэсу. Пры любой уладзе і ў любой краіне мы павінны сеяць разумнае, добрае, вечнае. Для нас галоўнае – гэта студэнты. Гісторыя як прадмет у любым выпадку застаецца. А ўсё астатняе – гэта фармальнасць».

Раней адзначалася, што імаверным дэканам новага аб’яднанага факультэта можа стаць сённяшні дэкан факультэта турызму і сервісу Сяргей Данскіх. Дэкан факультэта гісторыі і сацыялогіі Эдмунд Ярмусік, згодна з тымі ж чуткамі, можа атрымаць пасаду загадчыка кафедры гісторыі Беларусі. Якім чынам вырашана гэтае пытанне, пакуль невядома.

«Зямля чуткамі поўніцца, — адзначыў Ярмусік. — Мне пра гэта нічога не вядома. Звяртайцеся да рэктара».

Зразумела, што аб’яднанне факультэтаў пацягне за сабой і скарачэнне штатаў. Такім чынам універсітэт цалкам законна зможа пазбавіцца ад рэшты «недабранадзейных» гісторыкаў, якія пакуль займаюць свае пасады.

Рэпрэсіі ў дачыненні да выкладчыкаў гістфака ідуць ужо даўно. Увосень 2012 года з універсітэта быў звольнены адзін з аўтараў кнігі «Гродназнаўства» Андрэй Чарнякевіч.

Прычым Сямён Шапіра прызнаўся, што асабіста загадаў звольніць Чарнякевіча: «Наконт Чарнякевіча прымаў загад я асабіста», — сказаў кіраўнік Гродзенскага аблвыканкама. — Напісалі падручнік і надрукавалі за мяжою. За чые грошы? Не, каб да мяне прыйсці і пагаварыць!..»

Шапіра шчыра прызнаўся, што рэгулярна чытае зводкі КДБ і ведае ўсіх універсітэцкіх «апазіцыянераў» пайменна. «Ва ўніверсітэце шаснаццаць чалавек, якія заклікаюць зрынуць уладу», — сказаў Шапіра.

У хуткім часе пра свой сыход з універсітэту на знак пратэсту супраць ціску на калег заявіў у адкрытым лісце да кіраўніка Гродзенскага аблвыканкама старшы выкладчык кафедры тэорыі дзяржавы і права Ігар Кузьмініч.

Анастасія ЗЕЛЯНКОВА
«Салідарнасць»

11 июня 2013

Теги:

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Мы открыли горячую «антитунеядскую» линию помощи гражданам