+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Апазіцыйная палітыка: майстэрства магчымага

Афіцыйныя вынікі парламенцкіх выбараў 2012 замацавалі тэндэнцыю апошніх дванаццаці год, згодна з якой электаральныя кампаніі не выклікаюць зменаў у палітычнай сістэме краіны.

Выбары адбыліся на 109 з 110 выбарчых акругах, на якіх пераканаўчую перамогу ўжо ў першым туры атрымалі праўладныя кандыдаты. Пры гэтым паводле звестак незалежных назіральнікаў значная колькасць беларускага насельніцтва праігнаравала выбары і на шэрагу акругах яны не адбыліся. Аднак рэкордна нізкая яўка за апошні дзясятак гадоў не з`яўляецца выключнай заслугай апазіцыі. Да асноўнага дня галасавання дэмакратычныя сілы падышлі дзвюма калонамі. Частка апазіцыйных структур, выкарыстаўшы розныя стратэгіі паводзінаў падчас парламенцкай кампаніі, байкатавала выбары. У бюлетэнях для галасавання засталіся прадстаўнікі ад асобных дэмакратычных структур.

Выбары 2012 года паказалі, што ні вядучыя апазіцыйныя сілы, ні незалежная грамадзянская супольнасць пакуль не дэманструюць здольнасці мабілізаваць насельніцтва да актыўных дзеянняў. Як вынік адсутнасці адзінага падыходу да ўдзелу ў парламенцкай кампаніі апазіцыі не атрымалася кансалідаваць пратэстныя групы грамадства і стварыць полюс прыцягнення для прыхільнікаў перамен, якія ў апошні час пераважаюць у беларускім грамадстве.

Апазіцыя. Канкурэнцыя за лідарства

Паводле чэрвеньскага апытання НІСЭПД 77,3% грамадзян зазначылі, што Беларусі патрэбны перамены. Аднак высокі адсотак запатрабавання на альтэрнатыву не прыводзіць да росту рэйтынгаў апазіцыйных палітыкаў. Да апазіцыі адносяць сябе 19,2% грамадзян, але ж за найбольш папулярных альтэрнатыўных лідараў Уладзіміра Някляева і Андрэя Санікава гатовыя галасаваць толькі 6.1% і 5.1% грамадзян адпаведна [2]. Асноўнымі прычынамі гэтай сітуацыі з’яўляецца раз`яднанасць апазіцыйных сіл і адсутнасць адзінага яскравага лідара, з якім у насельніцтва атаесамляецца альтэрнатыва дзейснаму прэзідэнту.

Лідары дэмакратычнай апазіцыі, сярод якіх ёсць дастаткова харызматычныя асобы, як падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, так і асабліва падчас парламенцкай кампаніі 2012 года у пераважнай большасці не мелі надзеяў на рэальную перамогу, якая прадугледжвае кардынальную змену існуючай палітычнай сістэмы ў краіне. У выніку падчас апошніх двух выбарчых кампаній кожная апазіцыйная партыя канцэнтравалася перадусім на сваіх карпаратыўных інтарэсах і мэтах, скіраваных у першую чаргу на выжыванне асабістых структураў. Безнадзейнасць і адсутнасць агульнай стратэгіі павялічвалі ўзровень унутранай канкурэнцыі за лідарства ў апазіцыйным асяродку і абмежаваныя рэсурсы.

Пры гэтым магчымасць уплыву як канфрантацыйнай, так і канструктыўнай часткі апазіцыі з мэтай дэмакратызацыі/лібералізацыі палітычнай сістэмы магчымае толькі ў выпадку масавай мабілізацыі хаця б той часткі грамадства, якая дэкларуе сваю апазіцыйнасць. Аднак аб’яднанне апазіцыйнага электарату немагчымае ва ўмовах вялікай колькасці амаль роўназначных апазіцыйных цэнтраў з розным пасылам да насельніцтва і лідарамі, якія большую частку свайго часу прысвячаюць высвятленнем адносінаў паміж сабою.

Цэнтраімклівыя і цэнтрабежныя сілы ў апазіцыі

Варта зазначыць, што жорсткія дзеянні ўладаў па сканчэнню прэзідэнцкай кампаніі 2010, якія ўвогуле паставілі пад сумнеў існаванне апазіцыі ў краіне, паўплывалі на цэнтраімклівыя тэндэнцыі ў дэмакратычным асяродку. На працягу 2011 году аформілася кааліцыя шасці вядучых апазіцыйных сіл, якая складалася з Аб`яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай партыі аб`яднаных левых “Справядлівы свет”, партыі БНФ, партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя, кампаніі “Гавары праўду” і Руху “За Свабоду”. У чэрвені 2011 года ўсімі суб`ектамі кааліцыі была ўзгоднена агульная пазіцыя ў дачыненні да ўдзелу ў наступных выбарчых кампаніях, якая прадугледжвала выкананне ўладамі шэрагу ўмоваў для паўнавартаснага ўдзелу апазіцыі ў выбарах: а) спыненне крымінальнага пераследу апазіцыі, вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў, б) спрашчэнне працэдур рэгістрацыі партый і НДА, в) забеспячэнне гарантый для дзейнасці незалежных СМІ, г) змяненне выбарчага заканадаўства і практыкі яго прымянення.

Аднак напярэдадні парламенцкай кампаніі, не дамовіўшыся наконт адзінага падыходу, апазіцыйныя структуры акрэслілі некалькі магчымых стратэгій сваіх паводзінаў: абумоўлены ўдзел (ПБНФ, “Гавары Праўду”, “За свабоду”, АГП, БСДП (Грамада), паўнавартасны ўдзел (“Справядлівы свет”), абумоўлены байкот (БХД, “Беларускі Рух”) і безумоўны байкот (КХП БНФ). 2 лютага гэтага года прадстаўнікі чатырох структур – БНФ, БСДП (Грамада), “Гавары Праўду” і “За свабоду”, якія стаялі на пазіцыях абумоўленага ўдзелу, – падпісалі Дэкларацыю “Аб грамадскай дыскусіі пра мэты і формы ўдзелу беларускай апазыцыі ў парламенцкай кампаніі 2012”.

Фактычна жа разыходжанне паміж апазіцыйнымі сіламі наконт ўдзелу ў выбарах 2012 года было выклікана галоўным чынам розным бачаннем варыянтаў трансфармацыі беларускага рэжыму. Парламенцкая кампанія 2012, якая першапачаткова сталася яблыкам разладу для апазіцыі, у выніку выступіла каталізатарам цэнтраімклівых тэндэнцый па фармаванню двух апазіцыйных блокаў, якія можна акрэсліць як канструктыўны і канфрантацыйны. Структуры канфрантацыйнай плыні настойваюць на павелічэнні ціску на беларускае кіраўніцтва і не бачаць магчымасцяў дыялогу з беларускімі ўладамі пры дзеючым прэзідэнце. У адрозненне ад першых памяркоўная або канструктыўная апазіцыя хацела бы навязаць дыялог з беларускімі ўладамі, разглядаючы як вычарпаную парадыгму “Плошчы” у супрацьстаянні з аўтарытарным рэжымам. Іх падыход прадугледжвае адсутнасць празмернага вонкавага ціску з боку Захаду, што стварае пагрозу страты Беларуссю незалежнасці, і працяг еўрапейцамі палітыкі ўцягвання.

Аднак сярод уладных эліт пакуль адсутнічаюць хоць нейкія прыкметы расколу і адпаведна зацікаўленасці ў перамовах з апазіцыяй, рэйтынгі лідараў якой вагаюцца на ўзроўні 5-6%. У дадатак парламенцкія выбары 2012 не разглядаліся гэтым разам аўтарытарным кіраўніцтвам як інструмент аднаўлення беларуска-еўрапейскага дыялогу. Еўрасаюз не змог прапанаваць сур`ёзную альтэрнатыву расійскай фінансавай і эканамічнай дапамогі, а мяккая палітыка Масквы ў перадвыбарчы перыяд заспакоіла беларускае кіраўніцтва і дазволіла праігнараваць заходні вектар знешняй палітыкі.

У беларускіх уладаў не было нават мінімальнага запатрабавання, каб прапусціць у Палату прадстаўнікоў адзінкі лаяльных сістэме апазіцыянераў, кшталту былога лідара БСДП (Грамада) А. Ляўковіча ці кагосці з ЛДПБ. Парламенцкія выбары 2012 таксама не сталі інструментам кааптацыі тых апазіцыйных палітыкаў, якія за мінімальную магчымасць адстойваць свае інтарэсы і каштоўнасці маглі адмовіцца ад прэтэнзій на вышэйшую ўладу. Тым не менш беларускае кіраўніцтва пакінула адно вакантнае месца ў Палаце прадстаўнікоў, якое яшчэ можа стаць прадметам гандлю пры спрыяльных для апазіцыі умовах.

Адначасова нельга сказаць, што лідары адной з двух парадыгмаў дэмакратызацыі ў пэўны момант не могуць змяніць сваіх прыхільнасцяў. Напрыклад, кіраўніцтва АГП і БХД, якое выкарыстоўвала падчас апошняй выбарчай кампаніі радыкальную рыторыку, неаднаразова падкрэслівалі магчымасць дыялогу з беларускімі ўладамі пры ўмове выканання апошнімі базавых умоваў. У той жа час лідары канструктыўнай плыні апазіцыі маюць досвед удзелу ў масавых акцыях пратэсту ў 2006 і 2010 г.г.

Дзеянні апазіцыйных лідараў шмат у чым абумоўліваюцца аб`ектыўнымі чыннікамі, якія з’яўляюцца спрыяльнымі для дэмакратычнай трансфармацыі. Адной з найбольш пашыраных перадумоў дэмакратычнага транзіту з’яўляецца выразны раскол сярод кіроўных эліт, узмацненнем сярод іх ролі рэфарматараў і значным павелічэннем патэнцыялу грамадзянскай супольнасці, здольнай да шырокай мабілізацыі насельніцтва. Такому развіццю падзей пакуль перашкаджае персаналісцкі характар цяперашняга беларускага рэжыму. Беларускаму прэзідэнту на працягу ўсяго тэрміну кіравання атрымліваецца прадухіляць умацаванне наменклатурных / алігархічных груповак са сваімі карпаратыўнымі інтарэсамі і захоўваць маналітнасць кіроўных эліт.

Трансфармацыя беларускага аўтарытарызму

У апошнія гады назіраецца якасная трансфармацыя беларускага аўтарытарызму, які на працягу многіх гадоў базаваўся на высокім рэйтынгу дзеючага прэзідэнта [5]. А. Лукашэнка губляе падтрымку шырокай сацыяльнай кааліцыі ў выніку правалу папуліскай палітыкі папярэдніх гадоў, якая забяспечвалася дзякуючы расейскай нафта-газавай рэнце і неабмежаванаму доступу на расейскі рынак беларускіх тавараў [7]. З мінулага году рэйтынг прэзідэнта не ўздымаецца вышэй за 34,5 % і рэсурсаў для яго росту ў бліжэйшы час не прадбачыцца. Як вынік беларускае кіраўніцтва вымушанае пераглядаць сваю сацыяльную апору і пераразмяркоўваць усё болей мізэрныя рэсурсы на падтрыманне лаяльнасці “сілавікоў”, чыноўнікаў і “прыдворнага бізнэсу”.

З 2011 году ў краіне значна ўзмацняецца роля сілавых органаў, якім пакуль атрымліваецца трымаць пад кантролем рост пратэстных настрояў у грамадстве. Разам з прыняццём адпаведнай заканадаўчай базы ў 2011-2012 г.г., якая значна павялічвае кампетэнцыі сілавых органаў, прадугледжваецца істотны рост выдаткаў дзяржбюджэту на іх утрыманне.

Адначасова беларуская наменклатура ўсё болей настойліва заяўляе пра неабходнасць трансфармацыі палітычнай сістэмы, пад якой разумеецца развіццё праўладных палітычных партый. Сістэмныя палітычныя партыі павінны кампенсаваць беларускаму кіраўніцтву страту шырокай сацыяльнай падтрымкі. На працягу апошніх гадоў неаднаразова агучвалася імкненне функцыянераў праўладнай грамадскай арганізацыі “Белая Русь” ператварыць гэтую палітызаваную структуру ў палітычную партыю [6]. Адпаведны законапраект, дзе прадугледжваецца магчымасць пераўтварэння грамадзкага аб`яднання ў палітычную партыю, падрыхтаваны адразу пасля выбараў 2012 [1]. Пасля парламенцкай кампаніі зноўку аднавіліся размовы наконт неабходнасці ўзмацнення ролі партый у палітычнай сістэме Беларусі [4]. У выніку нават дзеючы прэзідэнт быў вымушаны пачаць размовы аб магчымасці палітычнай мадэрнізацыі ў краіне [3].

За апошнія гады шэраг беларускіх прота-алігархаў здолелі скарыстацца сваёй набліжанасцю да ўладных структур і назапасіць першапачатковы капітал. Гэтым бізнэсоўцам ужо не хапае існучых магчымасцяў у Беларусі, якія абмяжоўваюцца папуліскай палітыкай прэзідэнта. У выніку некаторыя з іх распачалі экспансію за межы краіны, аднак беларускім уладам самым неабходна прыцягненне прыватных інвестыцый у эканоміку краіны. Адначасова беларускія прота-алігархі не зацікаўлены як у радыкальнай змене існуючай сістэмы ўлады, так і яе празмернай рэпрэсіўнасці і міжнароднай ізаляцыі.

Пад ціскам розных чыннікаў беларускае кіраўніцтва вымушана ісці на канфлікт з рознымі групамі беларускага грамадства для забеспячення інтарэсаў замежных інвестараў, у першую чаргу расейскіх, кітайскіх і арабскіх.

У прэзідэнта, які ўжо не ў стане забяспечыць шырокую народную падтрымку, застаюцца толькі негатыўныя механізмы прадухілення грамадскага ціску. Беларускія ўлады падтрымліваюць высокі ўзровень дэпалітызаванасці грамадства, якое не здольнае да мабілізацыі па адстойванню сваіх супольных інтарэсаў. У дадатак раз’яднанасць дэмакратычных сіл без адзінага выразнага лідара прадухіляе кансалідацыю апазіцыйнага электарата, які можа стаць новым полюсам прыцягнення для прыхільнікаў перамен.

Пры гэтым у выніку звужэння сацыяльнага базісу стабільнасць палітычнай сістэмы, якая будавалася з улікам высокага рэйтынгу прэзідэнта, з’яўляецца зараз значна больш уразлівай. Прыхільнікі перамен пераважаюць у беларускім грамадстве, што прадастаўляе апазіцыі новыя магчымасці для павелічэння сваёй ролі ў палітычных працэсах.

Міжвыбарчы перыяд, калі ўлады змяншаюць сваю рэпрэсіўнасць, стварае спрыяльныя ўмовы для актыўнасці апазіцыі на полі грамадзянскай супольнасці ў стварэнні своеасаблівых цэнтраў прыцягнення актыўных грамадзян [9]. Адным са шляхоў узмацнення патэнцыялу апазіцыі і прыцягнення новых прыхільнікаў могуць стаць непалітычныя грамадскія ініцыятывы, якія за кошт змяншэння платы за перакананні ствараюць перадумовы для мабілізацыі грамадства ў будучым [10;409]. У гэтай сітуацыі найбольшую перавагу маюць грамадскія рухі ці палітычныя партыі, якія дзейнічаюць як грамадскія рухі.

Пры гэтым, як адзначае Адам Пшэворскі, “аўтарытарным рэжымам пагражае не падрыў іх легітымнасці, а арганізацыя контргегемоніі: калектыўныя праекты альтэрнатыўнай будучыні” [8;96]. Праграмы па мадэрнізацыі палітычнай, сацыяльна-эканамічнай і іншых сфераў, якія ствараюцца экспертнымі групамі і апазіцыйнымі партыямі ў апошні час, рэзануюць з грамадскімі настроямі ў краіне. Ініцыятыва “Еўрапейскі дыялог для мадэрнізацыі Беларусі” можа стаць адной з найбольш удалых памкненняў Еўрасаюза ў адносінах да трансфармацыі беларускага рэжыму. Гэта пачало адчуваць і дзеючае кіраўніцтва дзяржавы, якое таксама падхапіла мадэрнізацыйную рыторыку. Аднак ці будуць здольныя апазіцыйныя сілы і незалежная грамадзянская супольнасць захаваць лідарства па мадэрнізацыйнай тэматыцы і, болей за тое, ахапіць сваім бачаннем мадэрнізацыі краіны 77,3% прыхільнікаў перамен, залежыць ад калектыўных дзеянняў як апазіцыйных партый, так і незалежнай грамадзянскай супольнасці.

Адзінства апазіцыі праз пераструктураванне

Аб’яднанне ўсіх апазіцыйных сіл з вылучэннем і папулярызацыяй адзінага лідара ў бліжэйшай і сярэднетэрміновай перспектыве з’яўляецца малаверагодным. На сённяшні час цяжка ўявіць магчымасць супрацоўніцтва паміж асобнымі апазіцыйнымі палітыкамі, што выклікана нізкім узроўнем даверу паміж імі. У дадатак беларускія ўлады накіроўваюць свае намаганні на максімальнае аслабленне патэнцыялу сваіх апанентаў шляхам іх драблення. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 году беларускае кіраўніцтва забяспечыла спрыяльныя ўмовы для рэгістрацыі максімальнай колькасці альтэрнатыўных кандыдатаў. За паўгады да пачатку выбараў 2012 беларуская апазіцыя мела не менш за чатыры стратэгіі паводзінаў падчас парламенцкай кампаніі, большасць якіх па сутнасці мала чым адрозніваліся адна ад другой. Тым не менш супольнага звароту дэмакратычных сіл да электарату так і не атрымалася.

Пры гэтым нягледзячы на адсутнасць фармальных кааліцый падчас парламенцкай кампаніі з`явілася некалькі станоўчых прыкладаў сумесных дзеянняў апазіцыйных структураў. Адначасова назіраецца паглыбленне супрацоўніцтва паміж нефармальнымі блокамі беларускай апазіцыі: памяркоўна-канструктыўным і канфрантацыйным.

Нягледзячы на асобныя станоўчыя выпадкі супрацоўніцтва паміж “За свабоду” і “Гавары праўду” ў далейшым павялічваецца верагоднасць узнікнення паміж імі канфліктаў з-за канкурэнцыі Народнай праграмы і Грамадзянскай дамовы, якія кожнай структурай бачацца як стратэгічныя ініцыятывы на прэзідэнцкія выбары. Для пераадлення непаразуменняў паміж імі неабходна ўзаемная інтэграцыя гэтых дзвюх кампаній і фармаванне супольнай доўгатэрміновай стратэгіі.

У сваю чаргу прыхільнікі канфрантацыйнай плыні таксама пакуль не маюць агульнага бачання свайго супрацоўніцтва па-за электаральным цыклам. Кампанія “За сумленныя выбары без Лукашэнкі” абмяжоўваецца толькі асобнымі ініцыятывамі АГП. Акрамя таго пакуль існуе дастаткова сырая канцэпцыя агульнанацыянальнага байкоту рэжыму, які павінен прывесці да адстаўкі дзеючага прэзідэнта. Па-асобку гэтую ідэю агучваюць прадстаўнікі розных арганізацый канфрантацыйнага кірунку – “Беларускі рух”, КХП БНФ і БХД.

Пры гэтым, кожны з двух умоўных блокаў беларускай апазіцыі можа выконваць сваю ролю ў “гульні” з беларускім рэжымам і праводзіць паралельныя кампаніі, паслабляючы апору беларускага кіраўніцтва ў грамадстве або пашыраючы пазітыўную альтэрнатыву сярод “новай большасці”.

—————

Спіс выкарыстанай літаратуры і крыніц

1. О внесении дополнений и изменений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам деятельности политических партий и других общественных объединений: проект Закона Республики Беларусь. уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Нацыянальна-прававы інтэрнет партал Рэспублікі Беларусь. — Рэжым доступу: http://pravo.by/main.aspx?guid=3941&p0=2012085001.

2. Важнейшие результаты национального опроса. уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнет-сайт Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў. – Рэжым доступу:  http://www.iiseps.org/

3. Законодательная эстафета продолжается и: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнет партал газеты «СБ-Беларусь Сегодня»– Рэжым доступу:http://sb.by/post/137752/

4. Лукашенко готов финансово поддержать провластные партии: : уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнэт-газета Naviny.by. – Рэжым доступу:http://naviny.by/rubrics/politic/2012/10/08/ic_news_112_403085/

5. Кухлей З. Беларускі аўтарытарызм: паміж папулізмам і мадэрнізацыяй : уэб-сайт: [Электронны рэсурс] / Наша меркаванне: сайт беларускай экспертнай супольнасці «Наша меркаванне».- Рэжым доступу:http://nmnby.eu/news/analytics/4496.html

6. Кухлей З.Белая Русь: тры сцэнары развіцця: уэб-сайт: [Электронны рэсурс] / Наша меркаванне: сайт беларускай экспертнай супольнасці «Наша меркаванне».- Рэжым доступу:http://nmnby.eu/news/analytics/3094.html

7. Пикулик, Алексей. Беларусь как государство-рантье (І). От плана к плану : уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Сайт экспертнай супольнасці Беларусі «Наше мнение». – Рэжым доступу:http://nmnby.eu/news/analytics/1018.html

8. Пшеворски А. Демократия и рынок. Политические и экономические реформы в Восточной Европе и Латинской Америке: пер. с англ. / Под ред. В.А. Бажанова. — М.: РОССПЭН, 2000. – 320 с.

9. Рыженков С. Перспективы демократизации в России: «стратегический» подход (первое приближение) / С. И. Рыженков // Неприкосновенный запас: дебаты о политике и культуре. — 2011. — N 1 (75). — С. 87-105.

10. Marks G. Rational Sources of Chaos in Democratic Transition // American Behavioral Scientist. 1992. Vol. 35. № 4-5. P. 397-421

Зміцер Кухлей, Агентство политической экспертизы, сайт «Наше мнение»

15 октября 2012

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета