+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Арганізацыі падпісалі зварот наконт удасканаленьня прававых умоваў іх дзейнасьці

25 некамэрцыйных арганізацыяў прапанавалі правесьці парлямэнцкія слуханьні па пытаньні ўдасканаленьня заканадаўства аб НКА.

16 ліпеня ў парлямэнт і ўрад Беларусі быў накіраваны калектыўны зварот 25 некамэрцыйных арганізацыяў з прапановай правесьці парлямэнцкія слуханьні па пытаньні ўдасканаленьня заканадаўства аб некамэрцыйных арганізацыях.

Нагодай для зварота стала прыняцьцё Палатай прадстаўнікоў у першым чытаньні законапраекта “Аб унясеньні дапаўненьняў і зьменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаньнях дзейнасьці палітычных партыяў і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў”. Як адзначаецца ў звароце, гэты праект утрымлівае ў сабе пэўныя станоўчыя зьмены, але ён не вырашае самых істотных  прававых праблемаў, зь якімі сутыкаюцца арганізацыі грамадзянскай супольнасьці. У прыватнасьці, не была рэалізаваная першапачатковая прапанова суб’екта заканадаўчай ініцыятывы пра ўрэгуляваньне статусу аддзяленьняў міжнародных грамадзкіх аб’яднаньняў, захаваліся павышаныя патрабаваньні для колькасьці заснавальнікаў для рэспубліканскіх грамадзкіх аб’яднаньняў у параўнаньні з мясцовымі арганізацыямі.

“Практыка стварэньня і дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў у Беларусі мае шэраг іншых рознаскіраваных аспэктаў, у якіх сасьпела патрэба ўдасканаленьня заканадаўства. Сярод іх такія важныя тэмы, як забарона на дзейнасьць незарэгістраваных аб’яднаньняў і крымінальная адказнасьць за такую дзейнасьць, неурэгуляванасьць у заканадаўстве дабрачыннай дзейнасьці, прыраўноўваньне любых ананімных ахвяраваньняў да замежнай бязвыплатнай дапамогі са складаным парадкам яе рэгістрацыі і выкарыстаньня, неабходнасьць прававога ўрэгуляваньня валянтэрскай добраахвотнай працы ды іншыя” – адзначаецца ў звароце.

У якасьці сродка паляпшэньня прававога клімата для дзейнасьці грамадзянскай супольнасьці аўтары зварота прапануюць напярэдадні другога чытаньня законапраекта правесьці парлямэнцкія слуханьні па тэме: “Удасканаленьне прававых умоваў для стварэньня і дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў і іншых некамэрцыйных арганізацыяў”. Гэткая форма парлямэнцкай працы не выкарыстоўвалася беларускім парлямэнтам з лістапада 2010 году, калі адбыліся парлямэнцкія слуханьні па стратэгіі інавацыйнага разьвіцьця. Мэханізм парлямэнцкіх слуханьняў дазваляе ўлічыць меркаваньні шырокага кола дзяржаўных і недзяржаўных экспэртаў і зацікаўленых групаў. Гэта будзе карысна ня толькі дзеля падрыхтоўкі згаданага законапраекта да другога чытання, але і для абмеркаваньня інтарэсаў грамадзкіх аб’яднаньняў адносна зьменаў і дапаўненьняў у іншыя заканадаўчыя акты.

Са свайго боку НКА, якія падпісалі зварот, дэкляравалі гатоўнасьць зрабіць свой унёсак у распрацоўку праграмы такіх слуханьняў, у тым ліку зрабіць паведамленьні па канкрэтных аспэктах удасканаленьня заканадаўства аб грамадзкіх аб’яднаньнях.

Важнасьць уліку меркаваньняў грамадзкасьці пры рэфармаваньні заканадаўства пра грамадзкія аб’яднаньні павялічваецца ў сьвятле рэкамэндацыяў, атрыманых Рэспублікай Беларусь па выніках Унівэрсальнага пэрыядычнага агляду ААН па правах чалавека ў 2010 годзе. Менавіта ўдасканаленьне заканадаўства і практыкі ў гэтай галіне стала прадметам рэкамэндацыяў, выказаных на адрас Беларусі ў межах гэтай працэдуры ААН  з боку Бельгіі, Балівіі, Канады, Чэхіі, Францыі, Інданэзіі, Ірляндыі, Ізраіля, Літвы, Нідэрляндаў, Польшчы, Гішпаніі, Швэйцарыі.

Калектыўны зварот аба правядзеньня парлямэнцкіх слуханьняў быў ініцыяваны Цэнтрам прававой трансфармацыі і Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў. Зварот падпісалі 25 грамадзкіх аб’яднаньняў і іншых некамэрцыных аб’яднаньняў, у тым ліку Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускае таварыства інвалідаў, Беларускі ПЭН-цэнтар, дабрачынны фонд “Вяртаньне”, Цэнтар “Супольнасьць”, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, Фонд імя Льва Сапегі, Беларуская арганізацыя працоўных жанчынаў ды іншыя аўтарытэтныя арганізацыі грамадзянскай супольнасьці.

 

16 ліпеня 2013г. № 1                                        Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь

220010, Мінск, вул. Савецкая, 11

 

Савет Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

220010, Мінск, вул. Савецкая, 11

 

Старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі

220010, Мінск, вул. Савецкая, 11

 

 

Прапанова некамерцыйных арганізацый аб

ініцыяванні парламенцкіх слуханняў

 

30 мая 2013 года Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні праект Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях дзейнасці палітычных партыяў і іншых грамадскіх аб’яднанняў” (далей – праект Закона).  Паводле вынікаў пасяджэння Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі ад 27 чэрвеня, зараз адбываецца дапрацоўка праекта Закона і ягоная падрыхтоўка да другога чытання, у тым ліку з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі.

У сувязі з выкладзеным адзначаем наступнае:

 

1. Напярэдадні першага чытання праекта Закона зацікаўленыя арганізацыі грамадзянскай супольнасці накіровалі ў парламент свае прапановы што да зместу будучага Закона. У тым ліку свае прапановы накіроўваў Цэнтр прававой трансфармацыі, што было станоўча ацэненае адказам Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі (тэкст прапановаў дадаецца).

Прыняты ў першым чытанні праект Закона ўтрымлівае ў сабе пазітыўныя змены і дапаўненні, якія спрыяюць паляпшэнню прававых умоваў дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў. Вельмі важнай нормай з’яўляецца замацаванае ў праекце Закона палажэнне пра стварэнне дзяржаўнага інфармацыйнага рэсурсу для адзінай сістэмы ўліку палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў

Разам з тым, актуальны варыянт праекта Закона не вырашае шэраг важных праблемаў, якія стаяць перад грамадскімі аб’яднаннямі краіны. У прыватнасці, не была рэалізаваная першапачатковая прапанова суб’екта заканадаўчай ініцыятывы пра тое, каб аддзяленні міжнародных грамадскіх аб’яднанняў, створаных на тэрыторыі замежных дзяржаваў, ствараліся і дзейнічалі  ў Беларусі ў парадку, прадугледжаным для рэспубліканскіх грамадскіх аб’яднанняў. Па ранейшаму захаваліся павышаныя патрабаванні для колькасці заснавальнікаў для рэспубліканскіх грамадскіх аб’яднанняў у параўнанні з мясцовымі грамадскімі аб’яднаннямі.

Практыка стварэння і дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў у Беларусі мае шэраг іншых рознаскіраваных аспектаў, у якіх саспела патрэба ўдасканалення заканадаўства. Сярод іх такія важныя тэмы, як забарона на дзейнасць незарэгістраваных аб’яднанняў і крымінальная адказнасць за такую дзейнасць, неурэгуляванасьць у заканадаўстве дабрачыннай дзейнасці, прыраўніванне любых ананімных ахвяраванняў да замежнай бязвыплатнай дапамогі са складаным парадкам яе рэгістрацыі і выкарыстання, неабходнасць прававога ўрэгулявання валантэрскай добраахвотнай працы ды інш.

2. Згодна з Рэкамендацыямі па тэарэтыка-метадалагічным асновам удасканалення прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь (зацверджаныя рашэннем навуковага савета Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь 23 красавіка 2013 года № 5), распрацоўка любога праекта нарматыўнага прававога акта павінна пачынацца з аналізу грамадскіх адносін, пры гэтым аналіз мэтазгодна праводзіць некалькімі незалежнымі структурамі, у тым ліку шляхам прыцягнення структур грамадзянскай супольнасці, зацікаўленых у пэўным прававым рэгуляванні. У шэрагу выпадкаў неабходна арганізоўваць шырокія грамадскія дыскусіі, падчас якіх будуць вывучацца сацыяльныя патрэбы і выяўляцца найбольш складаныя праблемы, якія падлягаюць прававому рэгуляванню (пункт 26 Рэкамендацыяў).

Згаданыя Рэкамендацыі таксама адзначаюць, што далейшае ўдасканаленне на заканадаўчым узроўні механізму рэалізацыі міжнародна-прававых актаў Рэспублікі Беларусь павінна стаць асновай для прымянення агульнапрызнаных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права, выканання міжнародных дагаворных і іншых абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь» (п. 27).

3. Важнасць уліку меркаванняў грамадскасці пры падрыхтоўцы да другога чытання праекта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях дзейнасці палітычных партыяў і іншых грамадскіх аб’яднанняў” павялічваецца з улікам таго, што рэкамендацыя паляпшэння ўмоваў стварэння і дзейнасці некамерцыйных арганізацыяў утрымліваецца ў прынятых Рэспублікай Беларусь рэкамендацыях па выніках Універсальнага перыядычнага агляду ААН па правах чалавека ў 2010 годзе. Менавіта ўдасканаленне заканадаўства і практыкі ў гэтай галіне стала прадметам рэкамендацыяў, выказаных на адрас Беларусі ў межах Універсальнага перыядычнага агляду ААН па правах чалавека  з боку Бельгіі, Балівіі, Канады, Чэскай Рэспублікі, Францыі, Інданэзіі, Ірландыі, Ізраіля, Літвы, Нідэрландаў, Польшчы, Іспаніі, Швэйцарыі.

Наступны раунд Універсальнага перыядычнага агляду ААН па правах чалавека Рэспубліка Беларусь будзе праходзіць у маі 2015 года. У святле гэтага падрыхтоўка да другога чытання згаданага праекта Закона з’яўляецца добрай нагодай для абмеркавання шляхоў рэалізацыі ўказаных прызнаных Рэспублікай Беларусь рэкамендацыяў. Гэта будзе спрыяць пазытыўнай рэакцыі Савета ААН па правах чалавека што да імпліментацыі Рэспублікай Беларусь вынікаў першага раўнду Універсальнага перыядычнага агляду ААН па правах чалавека і значна палепшыць імідж Рэспублікі Беларусь як адказнага ўдзельніка механізмаў Аб’яднаных Нацыяў.

 

4. Мы лічым, што падрыхтоўка да другога чытання праекта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях дзейнасці палітычных партыяў і іншых грамадскіх аб’яднанняў” вымагае правядзення парламенцкіх слуханняў па тэме “Удасканаленне прававых умоваў для стварэння і дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў і іншых некамерцыйных арганізацыяў”.

Правядзенне слуханняў па гэтай тэме дазволіць заслухаць паведамленні і меркаванні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і грамадскіх аб’яднанняў, экспертаў і спецыялістаў па гэтай праблеме. Гэта будзе карысна не толькі дзеля падрыхтоўкі згаданага праекта Закона да другога чытання, але і для абмеркавання інтарэсаў грамадскіх аб’яднанняў што да зменаў і дапаўненняў у іншыя заканадаўцыя акты дзеля паляпшэння рамкавых умоваў дзейнасці арганізацыяў грамадзянскай супольнасці.

Са сваяго боку мы гатовыя зрабіць свой унёсак у распрацоўку праграмы такіх слуханняў, у тым ліку зрабіць паведамленні па канкрэтных аспектах удасканалення заканадаўства пра грамадскія аб’яднанні. Мы перакананыя, што прыцягненьне да грамадскіх слуханняў прадстаўнікоў шматлікіх беларускіх грамадскіх аб’яднанняў, Міністэрства юстыцыі, Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці, ураду дазволіць стварыць усебаковае бачанне праблемы і вызначыць прыярытэтныя накірункі ўдасканаленьня заканадаўства у гэтай галіне.

Адзначым, што да гэтага часу Палата прадстаўнікоў пятага склікання не выкарыстоўвала ў сваёй дзейнасці механізм парламенцкіх слуханняў (апошнія парламенцкія слуханні ў Беларусі адбыліся у лістападзе 2010 года), што не спрыяе поўнаму ўліку меркаванняў грамадскасці ў заканатворчым працэсе.

 

З улікам выкладзенага і на падставе артыкула 82 Рэгламента Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

         ПРОСІМ ВАС

Ініцыяваць правядзенне адкрытых парламенцкіх слуханняў па тэме “Удасканаленне прававых умоваў для стварэння і дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў і іншых некамерцыйных арганізацыяў” і вынесці адпаведную прапанову пра правядзенне слуханняў на разгляд Палаты прадстаўнікоў у межах восеньскай сэсіі 2013 года.

Просім даць адказ на гэтую прапанову ў парадку і ў тэрміны, што прадугледжаныя Законам Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў”.

 

Дадатак:    прапановы Цэнтра прававой трансфармацыі да праекта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях дзейнасці палітычных партыяў і іншых грамадскіх аб’яднанняў”.

 

З павагай,

кіраўнікі беларускіх некамерцыйных арганізацыяў:

 

  1. Асветніцкая ўстанова “Цэнтр прававой трансфармацыі”
  2. Грамадскае аб’яднанне “Беларуская арганізацыя працоўных жанчын”
  3. Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Беларускі ПЭН-цэнтр”
  4. Мясцовы дабрачынны фонд “Вяртанне”
  5. Публічная ўстанова “Ліга развіцця дэмакратыі “Грамадзянскі вердыкт”
  6. Грамадскае аб’яднанне “Адукацыйны цэнтр “Пост”
  7. Грамадскае аб’яднанне “Цэнтр па правах чалавека”
  8. Грамадскае аб’яднанне “Беларускае таварыства інвалідаў”
  9. Асветніцкая праваабарончая ўстанова “Офіс па правах людзей з інваліднасцю”
  10. Навукова даследчая ўстанова “Аналітычная група ЦЕТ”
  11. Грамадскае аб’яднанне БНФ “Адраджэньне”
  12. Гарадское грамадскае аб’яднанне “Цэнтр Супольнасьць”
  13. Міжнароднае асветніцкае грамадскае аб’яднанне “АКТ”
  14. Грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў”
  15. Рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб’яднанне “Беларускі Хельсінкскі камітэт”
  16. Грамадскае аб’яднанне “Цэнтр сацыяльных інавацыяў”
  17. РМОО “Встреча”
  18. Грамадскае аб’яднанне “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”
  19. Грамадскае аб’яднанне “Фонд імя Льва Сапегі”
  20. Маладзёжнае грамадскае аб’яднанне “Фаланстэр”
  21. Грамадскае аб’яднанне “Абарона правоў бацькоў і дзяцей”
  22. Грамадскае аб’яднанне садзейнічання беларуска-расійскай інтэграцыі “Разам”
  23. Грамадскае аб’яднанне “Зямельная рэформа”
  24. Мясцовы культурны фонд “Традыцыя”
  25. Установа “Цэнтр маладзёжнай інфармацыі і камунікацыі”

 

 

 

 

17 июля 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі