+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Астап Бендэр адпачывае…

У Бялыніцкім раёне ўзяліся за прымусовую працу ў пашыраным рэжыме.

Спачатку Бялыніцкі раённы выканаўчы камітэт, быццам бы па хадайніцтву працоўных калектываў БУКП“Жылкамгас”, ПМК-241, аддзела адукацыі спорту і турызму райвыканкама, устаноў адукацыі Бялыніцкага раёна, разгледзеў прапанову аб правядзенні агульнараённага суботніка і вырашыў яе падтрымаць, абвесціўшы правядзенне суботніка 5 красавіка.

Безадмоўныя, як аўтамат Калашнікава, працаўнікі Бялыніцкага раёна дружна адпрацавалі на суботніку, а пасля яшчэ і заплацілі свае сумленна заробленыя грошы са сваёй зарплаты за гэта сумнеўнае задавальненне.

Аднак нашы слаўныя раённыя ўлады вырашылі не спыняцца на дасягнутым і 12 красавіка зладзілі правядзенне яшчэ аднаго суботніка, на гэты раз рэспубліканскага.

Палымяныя бялыніцкія прыхільнікі папрацаваць бясплатна з вялікім задавальненнем (ва ўсялякім выпадку, так пішуць нашы “чэсныя” газеты) прынялі ўдзел у чарговым суботніку і з не меншым шчасцем зноў пералічылі грошы з заробкаў на невядома якую хрэнь.

Чэсна кажучы, у мяне ўжо з’явілася ўражанне, што ў родным Бялыніцкім раёне жывуць спрэч паслядоўнікі Паўла Карчагіна альбо барона Леапольда фон Захер-Мазоха. Як вядома, першы быў палымяным камуністам і не ўяўляў жыцця без дармавой працы на карысць радзімы, ну а другі атрымліваў задавальненне, калі яго дубасілі і прыніжалі.

Ну а як яшчэ можна падумаць, калі людзі добраахвотна пагаджаюцца працаваць задарма, а  пасля яшчэ і пералічваюць за гэта “задавальненне” грошы? Тым больш, што ўжо амаль два месяцы супрацоўнікі самых розных арганізацый Бялыніцкага раёна літаральна вылізваюць раён, фактычна працуючы дворнікамі і прыбіральшчыкамі  “згодна складзенаму графіку”.

Аднак пасля я высветліў, што ўсё ж у родным раёне “мазахізм” пакуль не перамог. Паразмаўляў з цэлым шэрагам працаўнікоў ПМК-241, камунгаса, школ раёна і нават супрацоўнікаў райвыканкама і не знайшоў ніводнага, хто б ініцыяваў правядзенне гэтых “добраахвотных” суботнікаў па навядзенні парадку на зямлі з дадатковым да гэтага “добраахвотным” пералічэннем грошай за гэтае сумнеўнае задавальненне. Больш за тое, мае суразмоўнікі з бюджэтных і іншых арганізацый Бялыніцкага раёна як адзін абураліся, што з наступленнем цёплых дзён літаральна кожны тыдзень яны наводзяць “парадак на зямлі” ў працоўны час, і не толькі, высякаючы хмызняк, прыбіраючы фермы, дарогі, вуліцы і г. д. Што датычыцца супрацоўнікаў устаноў культуры і адукацыі раёна, дык тыя пад час гутарак сумна жартавалі, што іх установы ўжо патрэбна зачыніць, а іх саміх перавесці штатнымі прыбіральшчыкамі, бо апошнія месяцы яны толькі тэрыторыю Бялыніцкага раёна і прыбіраюць.

Мне нават патэлефанавалі некалькі асабліва мужных бялынічан і паскардзіліся на тое, як іх прыніжаюць, прымушаючы працаваць задарма на брудных працах і “здзіраючы” грошы за ўдзел у суботніках.

Праўда, гэтыя “мужныя” людзі вельмі прасілі не ўказваць іх прозвішчы і чамусьці не рэагавалі на парады невыконваць не адпавядаючыя закону загады. Бо нават тыя ж самыя суботнікі – справа абсалютна добраахвотная, і вы можаце ў іх не ўдзельнічаць, калі не хочаце, пасылаючы пры гэтым аддаючае нейкія незаконныя загады кіраўніцтва вельмі далёка. Я ўжо не кажу пра тое, калі вас адпраўляюць на нейкую, не прадугледжаную працоўнай дамовай, працу – проста паглядзіце Працоўны кодэкс, і вам усё стане зразумелым.

Таксама заўсёды ёсць магчымасць звярнуцца ў пракуратуру Бялыніцкага раёна, якая павінна адсочваць выкананне беларускага заканадаўства аб працы ў нашым раёне.

Ну а калі вы кажаце “мы баімся”, то тут мая парада – тады ўступайце ў шэрагі прыхільнікаў барона фон Захер-Мазоха і атрымлівайце задавальненне ад таго, што вас “дручаць”. Ці можа вы ведаеце нейкі іншы варыянт?

Тым больш, што бялыніцкія ўлады, як верныя паслядоўнікі “вялікага камбінатара” Астапа Бэндэра, які, як вядома, ведаў трыста спосабаў параўнальна чэснага ад’ёму грошай у людзей, плануюць і далей шырока выкарыстоўваць безаплатную працу бялынічан, калі-нікалі яшчэ і здзіраючы за яе з людзей грошы ў бюджэт на “добраўпарадкаванне”. Па чутках, ужо рыхтуецца чарговы суботнік…

Але чаму тут здзіўляцца, яшчэ падчас працы ў Чэрыкаўскім раёне наш старшыня райвыканкама Мікалай Міхайлавіч Кадаценка вызначаўся пастаяным навядзеннем парадку і чысціні на тэрыторыі раёна з выкарыстаннем прымусовай працы. Чаму ж не перанесці “станоўчы” вопыт у Бялыніцкі раён, бялынічане ж маўчаць. Тым больш, што зараз патрэбна стварыць прыгожы малюнак “квітнеючай Беларусі” для замежных турыстаў, якія вырашаць наведаць чэмпіянат света па хакеі і захочуць праехаць праз тэрыторыю нашага раёна.

Іван Барысаў

www.zapraudu.info

 

23 апреля 2014

Теги:

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі