Аўтобусны прыпынак стане… арт-аб’ектам памяці Адамовіча
Распачынаецца прыём заявак на конкурс па стварэнні арт-аб’екта «Прыпынак Адамовіча».
У роднай вёсцы пісьменніка Глуша, што пад Бабруйскам, дагэтуль няма ні помніка, ні нават памятнай шыльды, якая б нагадвала, што тут прайшлі дзяцінства і юнацтва славутага літаратара Алеся Адамовіча. Не адно дзесяцігоддзе вядуцца размовы пра адкрыццё музею, але на гэта няма грошай.
Актывіст з Бабруйску, сябра «Гавары праўду» Андрэй Архіпенка напачатку году сабраў больш за 600 подпісаў за стварэнне ў Глушы скверу Алеся Адамовіча разам з бюстам пісьменніка. Нядаўна ён атрымаў адказ з Міністэрства культуры з узгадненнем прапановы. Цяпер дапрацоўваецца макет будучага помніка.
А пакуль вырашаюцца ўсе гэтыя арганізацыйныя пытанні, Андрусь прапанаваў яшчэ адну, адносна простую і недарагую ідэю – прысвяціць Алесю Адамовічу самы звычайны аўтобусны прыпынак у Глушы. Дзеля гэтага прыпыначны пункт трэба перабудаваць ці проста аформіць так, каб ён распавядаў, што Глуша – гэта малая радзіма Адамовіча.
Да сябра «Гавары праўду» далучыліся іншыя неабыякавыя бабруйчане, і ў выніку паўстала ініцыятыва па стварэнні турыстычнай кропкі «Прыпынак Адамовіча». Падтрымлівае бабруйчанаў магілёўскі цэнтр гарадскіх ініцыятываў «Цяпліца».
Сябры ініцыятывы лічаць, што такім арт-аб’ектам атрымаецца прыцягнуць увагу як жыхароў вёскі, гэтак і гасцей, і тых, хто проста едзе міма па трасе, да асобы Адамовіча, да пакінутай ім спадчыны.
Аўтобусны прыпынак знаходзіцца каля ажыўленай трасы Бабруйск-Глуск-Слуцк. Яркі прывабны арт-аб’ект будзе добра бачны тым, хто будзе праязджаць праз Глушу. Нехта абавязкова затрымаецца, і даведаецца, што тут жыў Алесь Адамовіч.
Ідэю падтрымалі мясцовыя ўлады – Глушанскі сельсавет і Бабруйскі райвыканкам.
Але каб задума рэалізавалася, патрэбны цікавы праект ператварэння аўтобуснага прыпынку ў твор мастацтва, прысвечаны пісьменніку. Таму абвяшчаецца конкурс такіх праектаў.
19 апреля 2018
Теги: Адамович, Андрусь Архипенко, арт-объект, литература, памятник, память, Бобруйск
Коментарии
Добавить комментарий
Вы должны быть авторизованы для комментирования.