+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

«АХЛАМОНСКІ» КАНЦЭРТ. Музыка і паэт Алесь Камоцкі адзначыў 55-гадовы юбілей

Вядомы беларускі бард Алесь Камоцкі даў канцэрт, прысьвечаны сваім народзінам, у Тэатры беларускай драматургіі.

Канцэрт працягваўся больш як 2 гадзіны без антракту. Праўда, ня ўвесь час Камоцкі сьпяваў сам: яго сябры-музыкі, якія акампанавалі на канцэрце, таксама выходзілі да мікрафону, віншавалі Алеся і выконвалі яго песьні.

«Гэта апошні мой такі “ахламонскі” канцэрт. Надалей я буду больш сур’ёзным», — сказаў Алесь Камоцкі напачатку. Насамрэч, калі ўсур’ёз, дык ніякім чынам канцэрт гэткага эпітэту не заслугоўвае. Проста за гэтыя дзьве гадзіны бард правыявіў бадай усю шматграннасьць сваёй творчасьці. Гучалі тонкая лірыка і «жорсткі раманс», ірландская балада і цыганская народная песьня, песьня на музыку Гершвіна і альбом «Бацькоўская кружэлка» («шлягеры» савецкай часіны), «Разьвітаньне славянкі» і «Мурка». Усё гэта ды іншае – або на вершы, або ў перакладзе Алеся Камоцкага на беларускую мову.

«Мурку», дарэчы, Камоцкаму прапанаваў перакласьці нейкі з беларускіх тэлеканалаў. Па словах Алеся, ён не памятае, менавіта які, бо ў яго ужо 14 гадоў як няма тэлевізара. «Не таму, што я супраць тэлебачаньня; я ня супраць, але для мяне тэлевізар — гэта проста непатэбная рэч», — кажа бард.

Алесь Камоцкі выканаў некалькі са сваіх шматлікіх песьняў на вершы Рыгора Барадуліна. Дарэчы, падчас канцэрту Алесь папрасіў усіх гледачоў павітаць паэта і пазычыць яму здароўя (сам Рыгор Іванавіч па стане здароўя на канцэрце прысутнічаць ня змог).

Напрыканцы канцэрта Алесь Камоцкі выконваў песьні па замове з залы («Як у рэстаране», — жартаваў ён). Адной з апошніх сталася «Зорка босая», ізноў жа на вершы Барадуліна.

Зорка босая йшла па зямлі.
Я хацеў ёй купіць чаравічкі.
Толькі як згаварыцца, калі
У яе незямныя прывычкі.
…………
Зорка босая йшла ў тумане
Кладкай зыбкай над хітрай вадою,
Зорка босая йшла да мяне,
Каб аднойчы назвацца табою…

Мы далучаемся да віншаваньняў з юбілеем, зычым Алесю Камоцкаму моцнага здароўя, творчых ды ўвогуле жыцьцёвых посьпехаў, дый проста чалавецкага шчасьця.
zapraudu.info

18 июня 2013

Теги: ,

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі