+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Беларускім гарадам — беларускамоўныя вуліцы

Калі гаварыць, што мова – душа народа, то беларуская душа горада Слуцка амаль што вынішчана.

Зараз, як у далёкія 20-я гады пасля распаду расійскай імперыі, зноў патрэбна праводзіць палітыку беларусізацыі, каб зрабіць горад беларускім.

Візуальнае асяроддзе старажытнага беларускага горада Слуцка з кожным годам ўсё больш нагадвае звычайны правінцыйны расійскі гарадок.

Калі праходзіш па вуліцах горада, паўсюдна чуеш расійскую мову, большасць рэкламных шыльдаў гандлёвых крамаў таксама выканана на расійскай мове. Ніхто не сочыць за выкананнем дзяржаўнага двухмоўя.

Так, гуляючы па цэнтральнай вуліцы Леніна 25 кастрычніка 2014 года, на невялікай адлегласці я налічыла 30 рускамоўных і толькі 4 беларускамоўных рэкламных шыльд.

Па цікавай выпадковасці сама вуліца Леніна пішацца па-беларуску. Бадай, гэта адна беларускамоўная назва вуліцы.

Русіфікацыя горада падвоілася ў мінулым 2013 годзе ў сувязі з правядзеннем абласнога свята, прысвечанага рэстаўрацыі слуцкай фабрыкі мастацкіх вырабаў “Слуцкія паясы”.

Здавался б, самыя назвы “слуцкія паясы”, “слуцкія ткачыхі” павінны атаясамлівацца з роднай мовай, мовай Максіма Багдановіча і Янкі Купалы. Аднак, спачатку паблізу ад вызначанага месца свята з’явіліся новыя шыльды з расійскамоўнымі назвамі вуліц, а пасля яны распаўсюдзіліся і на ўскраіны.

Так, непадалёку ад фабрыкі слуцкіх паясоў красуецца свежая шыльда з назвай вуліцы “Большая горка”. Гэта, бадай, адзіная старажытная назва вуліцы, якая дайшла да нас з мінулых стагоддзяў, правільная назва якой – “Вялікая горка”.

Самыя назвы вуліц сведчаць пра тое, што Слуцк яшчэ жыве ў мінулым савецкім часе.

Паўсюдна натыкаешся на гістарычныя асколкі кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года і грамадзянскай вайны ў Расіі.

Так, у Слуцку маем у наяўнасці вуліцы “Баумана, Чапаева, Леніна, Кирова, Либкнехта, Калинина, Социалистическую, Краснормейскую і Красногвардейскую”. Шмат вуліц носяць імёны расійскіх літаратараў: “Жуковского, Лермонтова, Тургенева, Гончарова, Горького, Пушкина, Островского, Некрасава” і іньшых. Ёсць вуліцы “1-го Августа”, “8-е Марта”, «Парижской Коммуны».

Часам ствараецца ўражанне, што мы жывём не ў Слуцку, а ў нейкім расійскім правінцыйным гарадку – пабраціму беларускага гарадка. І таму, аддаючы даніну сяброўству, у гэтым расійскім горадзе ёсць некалькіх беларускіх прозвішчаў.

Сапраўды, на мапе горада Слуцка я знайшла ўсяго 5 імёнаў беларускіх славутасцяў: Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Скарыны, Я. Коласа, Абуховіча.

Пры гэтым шыльды з іх прозвішчамі таксама выкананы на расійскай мове.

Самі вуліцы з назвамі імёнаў беларускіх пісьменнікаў выглядзяць знешне не лепшым чынам і падобны на здзек з памяці аб выбітных беларускіх пісьменніках. Асабліва мяне ўразіла вуліца Якуба Коласа.

Якуб Колас, у адрозненне ад Леніна, Пушкіна і Лермантава, наведваў Слуцк не адзін раз. Нават выкладаў беларускую мову і методыку на мясцовых курсах беларусазнаўства ў 1923 годзе.

І калі нельга было назваць яго іменем якую-небудзь вуліцу ў цэнтры горада, мясцовыя органы ўлады проста абавязаны ўтрымліваць вуліцу дастойна для памяці аб нашым славутым пісьменніку.

Дарэчы, паэт-дэмакрат Альгерд Абуховіч, быў актыўным удзельнікам антырасійскага паўстання 1863 года, 10 гадоў правёў у Сібіры. Апошнія гады жыцця жыў у Слуцку, тут месціцца і яго магіла. Свае творы “беларускі Крылоў” напісаў на яркай і сакавітай беларускай мове. У цэнтры горада таксама не знайшлося ніводнай вуліцы для ўшанавання яго памяці, яго іменем названа адна з ускраінных вуліц у вёсцы Навадворцы, прыгарадзе Слуцка. Знайсці яе цяжка нават случчаніну, не гаворачы пра гасцей горада.

Зразумела, што надпісы на сценах дамоў зноў жа зроблены па-руску.

Максіму Багдановічу пашанцавала лепей, бо вуліца з яго іменем знаходзіцца ў цэнтры горада, пачынаецца каля жывапіснай Случы. Выглядае больш прыстойна і цывілізавана знешне, асабліва пасля рэканструкцыі фабрыкі Слуцкіх паясоў.

Ды толькі імя паэта, які з такой любоў пісаў вершы па- беларуску, зноў жа пададзена на шыльдзе мовай усходняга суседа.

Да таго ж гадоў з дзесяць таму назад вуліца Багдановіча насіла імя расійскага рэвалюцыянера – ката Валадарскага. Камунальнікі дзе-нідзе пашкадавалі грошай на ўстановку новых шыльд, цяпер Валадарскі нахабна пануе над прозвішчам “Багдановіч”. Вуліца М. Багдановіча такім чынам мае яшчэ адну назву: вуліца М. Валадарскага.

Ці не здзек над памяццю?

На гэтыя пытанні адказалі некалькі выпадковых случчан:

Аляксандр, малады хлопец, прадпрымальнік. Імя Максіма Багдановіча адразу звязаў з вершам “Зорка Венера”.

— Канешне, здзек. Ён жа свядома пісаў па-беларуску. Быў патрыётам нашай краіны. Я не ведаю рускіх вершаў Максіма Багдановіча.

Алена, маладая дзяўчына, студэнтка з Мінска, аказалася яшчэ большай інтэлектуалкай.

Ведае Багдановіча як аўтара знакамітай “Пагоні”.

— Мне падабаюццы вершы Багдановіча, а постаць паэта для мяне як сімвал беларускасці. Ён жа аўтар знакамітай “Пагоні”. А герб “Пагоня” зараз забаронены. Думаю, Максіму б не спадабалася, што яго прозвішча пішацца праз рускія “и” і “о” і знаходзіцца ў такім дурным суседстве.

Кажуць, што зараз на фоне новых грамадска-палітычных выклікаў, звязаных з гаспадарскімі паводзінамі Расіі ва Украіне, нашы ўладныя структуры ўсур’ёз пачалі задумвацца пра тое, як супрацьстаяць “расійскаму свету”.

Без націску знізу ўсе гэтыя планы застануцца пустымі паперкамі.

А пачынаць станавіцца беларусамі трэба з вуліц, на якіх мы жывём.

Мясцовыя актывісты нядаўна ўзнікшай ініцыятывы “Утульны край” плануюць у бліжэйшыя месяцы пачаць кампанію за зварот беларускіх шыльдаў і імёнаў у беларускі горад Слуцк.

Зінаіда Цімошак

 

 

 

 

8 ноября 2014

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі