+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Блізкі юбілей віртуальнага праекту

12 красавіка 2002 году ў Інтэрнэце адчыніўся новы арыгінальны рэсурс, прысвечаны спадчыне ансамбля “Песняры”. Неафіцыйны сайт калектыву pesnyary.com меў надзвычай амбіцыёзныя планы, якія пацвердзіліся нечакана хутка. На цяперашні час гэта сапраўдны найбуйнейшы ў сусветным Сеціве віртуальны музей, прысвечаны айчыннаму музычнаму калектыву. Дзверы ў яго адчыненыя ўсім ахвочым і праз круглыя суткі.

Пэўным чынам да стварэння сайту спрычыніўся і я. Неяк да мяне завітаў раней не знаёмы мне чалавек, які прапанаваў напісаць уступны артыкул да новага сайту. Калі ўлічыць, што адбывалася тое дзесяць гадоў таму, калі Інтэрнэт для многіх, у тым ліку й для мяне, быў з’явай амаль невядомай, я мала што зразумеў з той гутаркі, аднак праз пэўны час, пасля чарговага нагадвання, быў вымушаны трымаць дадзенае слова. Але на той час сайт ужо рэгістраваў першых удзельнікаў, а ініцыятар ягонага стварэння, як аказалася, быў далёка не апошнім чалавекам у беларускай віртуальнай прасторы. Дастаткова сказаць, што Фёдар Караленка — аўтар вядомай лічыльнай сістэмы “Akavita” і многіх іншых распрацовак. А сайт pesnyary.com ён вырашыў зрабіць як знак пашаны да спадчыны калектыву.

Цягам дзесяці гадоў чаго толькі не здаралася з гэтым сайтам! Ды найперш адзначу тое, што ён быў першы ў Інтэрнэце ў сваім родзе. Ужо пазней узніклі іншыя праекты, у той ці іншай меры прысвечаныя “Песнярам”. Даволі хутка на віртуальных старонках сайту сабралася шмат самых розных людзей, прафесіяналаў ад музыкі і проста шараговых яе аматараў. Аб’ядноўвала іх магчымасць не толькі падыскутаваць на розныя звязаныя з “Песнярамі” тэмы, даведацца пра любімы калектыў нешта новае, але і магчмасць падзяліцца з аднадумцамі тым, што яны маюць ва ўласных, прысвечаных “Песнярам”, зборах.

Вось, дарэчы, адно з даволі тыповых выказванняў навічкоў: “Для меня за почти 3,5 месяца, которыя я “обитаю” на сайте, он стал родным. За короткий срок я узнала о любимых “Песнярах” столько, сколько не узнала бы, наверное, за всю жизнь. На этом сайте я нашла людей, которых долго искала своими силами, но безуспешно, — единомышленников, тех, кто понимает меня, болеет (“Песнярами”) вместе со мной… тех, к кому в любую минуту я могла обратиться за помощью…”

Адзначу і такую цікавую дэталь: ад самага пачатку ў форуме я рабіў запісы выключна на беларускай мове. І па першым часе існавання сайту некалькі разоў асобныя ягоныя наведвальнікі з-за межаў Беларусі ледзь не ў катэгарычнай форме патрабавалі ад мяне пісаць на “чалавечаскім языке”. Былі, праўда, і такія з ліку расіян, якія мяне ў гэтай справе ўсяляк падтрымлівалі. А калі выходзіць на абагульненне, дык аказалася, што зарэгістраваных наведвальнікаў сайту з Беларусі нашмат менш, чым з па-за яе межаў. Даволі цікавы факт, ці не так?

Фёдар Караленка вызначальна вырашыў не звязваць сябе статусам афіцыйнага інфармацыйнага органа “Песняроў”, хоць пры гэтым дастаткова цвёрда трымаў у руках тыя дыскусіі, якія часам перахлёствамі краі дапушчальнага. Аднак пры гэтым сайт выконваў яшчэ й выразныя, уласцівыя СМІ функцыі. Тут змяшчаліся асобныя мемуарнага кшталту матэрыялы, напісаныя былымі ўдзельнікамі калектыву. На старонках сайту адбылося некалькі прэс-канферэнцый з былымі “песнярамі”, тут можна азнаёміцца і са “службовага” характару газетай “Ведомость”, якую ў свой час выдавалі музыкі калектыву. Я ўжо не кажу пра дзесяткі, калі не сотні фотаздымкаў, біяграфіі музыкаў, відэфрагменты, тэксты песень і многае іншае.

Актыўнасць удзельнікаў сайту, ягонае хуткае развіццё прывяло да таго, што па выніках 2002 году на цырымоніі “Рок-каранацыі” сайт pesnyary.com быў адзначаны спецыяльным прызам як лепшы музычны сайт году. А вось пазней сайт чакала незвычайная прыгода.

Вясной 2004 году Фёдар Караленка атрымаў позву ў суд. Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства інтэлектуальнай уласнасці палічыла парушэннем аўтарскіх правоў з боку Ф. Караленкі размяшчэнне на сейце МР3 версій песень з рэпертуару “Песняроў”. Шчыра кажучы, інцыдэнт гэты мог быць звязаны з тым, што на той час у РУПІУ працаваў сын Ігара Лучанка. І гэтая акцыя магла выглядаць як цалкам слушны захад, калі б не наступныя абставіны: на сайце pesnyary.com самой музыкі не было, а знаходзіліся толькі спасылкі на тое, дзе можна пазнаёміцца з той ці іншай песняй. Па-другое, сам сайт аніякіх платных паслуг не рабіў. Ды гэта не спыніла ініцыятараў судовага разбіральніцтва.

Падчас разгляду справы ў судзе было відаць, што суддзя вельмі цмяна ўяўляла сабе, што такое Інтэрнэт. Да таго ж, цікавасць да працэсу з боку журналістаў таксама была, відаць, для яе сюрпрызам. А калі запрошаны ў якасці кансультанта Юрый Зісер заявіў, што магчымае пакаранне за размяшчэнне на сайце спасылак будзе адзначаць пераварот у сустветным Сеціве, якое і базуецца якраз на спасылках, суддзя насамрэч апынулася перад няпростым выбарам. З аднаго боку, супраць індывідуала-аматара выступіла дзяржаўная структура. З іншага, факт парушэння аўтарскіх правоў выглядаў неяк занадта ўжо сумніўна.

І суддзя адшукала саламонава рашэнне. Было аб’яўлена, што факт парушэння аўтарскіх правоў меў месца, але вельмі нязначны. Памерам усяго ў 3 базавыя велічыні. Як у тым анекдоце пра кракадзілаў. Яны, аказваецца, могуць лётаць, але “нызэнько”…

Праўда, з РУПІУ праз некаторы час здарылася прыгода, на якую Феміда чамусьці аніякай увагі не звярнула. Гэтая дзяржаўная ўстанова, якая займаецца абаронай інтэлектуальнай уласнасці, выдала двайны альбом з песнямі Ігара Лучанка ў выкананні ансамблю “Песняры”. Сярод фанаграм былі і тыя, што ў свой час запісваліся Ўсесаюзнай фірмай “Мелодия”. Аказалася, што аніякага дазволу “Мелодии” на выкарыстанне фанаграм у камерцыйных мэтах (альбом трапіў у музычныя крамы) наш “справядлівы” РУПІУ не меў, парушыўшы, такім чынам, сумежныя правы ўладальніка фанаграм.
Вось якая музыка ў нашай прававой дзяржаве…

Музыка: “На тэму крытыкі”. Музыка У. Мулявіна, словы Я. Купалы. Ансамбль “Песняры” (канцэртны запіс).

Дзмітрый Падбярэзскі

15 января 2012

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета