+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Брэсцкія трэшчыны: іх знайшлося больш. Ёсць і крытычныя

Пра першыя вынікі праекта «Трэшчыны Брэста», які зладзілі актывісты кампаніі «Гавары праўду», у сваім матэрыяле распавядае журналіст Яўген Бяласін.

З часу прэзентацыі першых фота “Трэшчыны Брэста” чытачы даслалі на сайт “Гавары праўду” яшчэ некалькі.  У прыватнасці, стала вядома, што разбураецца мост над галоўнай чыгункай краіны на 2-м кіламетры ад Брэсцкага чыгуначнага вакзала і што асколкі бетона, якія валяцца на рэйкі, могуць  стаць прычынай чыгуначнай  катастрофы.

Папоўнілася і наша ўласная база інфармацыі пра трэшчыны Брэста. Назавем найбольш яскравыя выпадкі, у парадку адваротнага рэйтынгу.

Трышынскія могілкі 

Мёртвым памерці другі раз не выпадзе: іх адно што можна зняславіць. Але калі ўпадзе цагляны плот, а гэта, відавочна, можа здарыцца  пры першай лепшай залеве, – ён упадзе часткай на асфальтаваную аўтадарогу побач.

Плот з тыльнага боку Трышынскіх могілак на мяжы абрушвання

Плот насупраць ЦМТ

Аднатыповы з магільным, але вышэйшы  плот насупраць Цэнтра маладзёвай творчасці па вуліцы Маскоўскай (былая тэрыторыя аўтапарка) мае значную расколіну ў тарцы бакавой секцыі  і моцна нахілены ўсім левым бокам. Плот стаіць воддаль ад камунікацый, так што яго ахвярай могуць стаць хіба мальцы, якіх многа ў суседніх нестарых, разам са сваімі насельнікамі,   шматпавярховіках і якім летам часта не надта ёсць куды падзявацца – яны банальна лазяць па платах.

Яшчэ адзін цагляны крывабокі плот

Балкон першага паверха дзевяціпавярховага дома

Гэтае дзіва пайшло ў самастойнае плаванне ад дзевяціпавярховіка па вуліцы Кірава, насупраць абласной бібліятэкі. На яго нам паказаў адзін з удзельнікаў першай прэзентацыі, за што выносім яму падзяку. Шчыліны ў бетонных канструкцыях дасягаюць 5 сантыметраў.  Ёсць трэшчыны і ў бакавой сцяне дзевяціпавярховіка, аднак меншыя. Гэта мала суцяшае: адна справа гэта “самастойнасць” балкона, другая гэта свістапляска панэляў нясучай тарцавой сцяны гмаху, у змове з часткай фасада.

Трэшчыны дома па Кірава

Дом на Будзённага, 24 – трэшчыны выраслі ўдвая

Бачна, што пасля нашых публікацый адказныя нешта зрабілі. З’явіліся маячкі на  самай вялікай расколіне, падмазалі трэшчыну з тылу дома… Шкляны маячок, аднак, ужо не першы са свежых. Папярэдні трэснуў, ад яго ў бетоне гнязда застаўся толькі блішчасты серп.  Праз пройму вакна бачна, што ў перакрыцці над другім паверхам адкрылася клінавідная трэшчына сантыметраў у 8 – 10. Гэта значыць, што сцяна можа спаўзці долу пры малейшай правакацыі і без.

Адкрылася і яшчэ адна цікавая асаблівасць. Характэрна растрэскаўся гараж цераз праход ад дома ўнутры двара. Ён тарцом нібы завальваецца ў нейкую гіпатэтычную яму, у якую спаўзае тылам сам дом… А можа, і праўда якраз тут нарэшце не вытрымаў і абсыпаецца нейкі падземны ход? З тых, пра якія піша і якія даследуе аўтар у другой серыі, “Падземны Брэст”? Спадзяемся, штатным будаўнікам не будзе праблемай гэта ўведаць – бо гэта ўваходзіць у кола іх абавязкаў.

Дом па Будзённага, 24 яшчэ абсеў. Разам з суседнім гаражом

Паліклініка №2 па Бялова – трэснула нясучая сцяна. Едзе лесвіца.

Вісіць тут у холе сакраментальны плакат “Здоровье нации это здоровье страны”.  Нас больш турбуе, аднак, сакавітая трэшчына паміж сцяной і галоўнай лесвіцай. Вытрымае лесвіца? Ці спусціцца ўніз, абганяючы ў сваім падзенні ідучых па ёй людзей?

Яшчэ больш жахлівы прамы разрыў нясучай канструкцыі  на фасадзе. Яна трэснула каля саменькай зямлі. Бачна, што фундамент спаўзае ў нейкую халепу…яміну… Найхутчэй, ён падмываецца дажджавым водаадводам, які выведзены з даху непадалёку.

Мушу падзякаваць за падказку пра паліклініку Л.Д. з партыі левых  “Справядлівы свет”. Гэта, дарэчы, адзіная пакуль “партыйная” нізка трэшчын сярод дзясятка выпадкаў, падказаных беспартыйнымі грамадзянамі.

“Раны боскія” паліклінікі №2

  1. Слупы з голай арматурай

Мне асабістане падабаецца, калі суцэльны круглы тоўсты бетонны слуп  знізу быццам ліпціць на нейкіх іржавых макаронінах. Як правіла, гэта адбываецца, калі насупраць слупа няроўная дарога,  і пасля дажджу збіраецца вада, якую коламі выбівае на слуп. Гэта надзейны такі гідраўлічны інструмент. Вада за кароткі тэрмін вымывае вялізныя калдобіны ў асфальце, а ў слупах выпалосквае  бетон. Пакідае толькі арматуру. Як вядома, каверны ў метале  коштам карозіі, або папросту іржы,  паглыбляюцца на 1 міліметр у год. Слупы гэтыя стаяць з “адкрытымі касцямі ног” па многа гадоў ужо. І такіх слупоў не адзін.  Гэты, на фота, узвышаецца над пешаходным пераходам з мікрараёна “Усход-6” на вуліцу Гаўрылава. Такі сама па канструкцыі слуп, вымыты менш, але з трэшчынамі па ўсім “целе” стаіць побач з Палацам водных відаў спорту.

Слуп  з “гнільцой” на выхадзе з вуліцы Гаўрылава

Майстэрня па вуліцы 17-га верасня

Аб’ект знаходзіцца ў дварах старых дамоў польскай забудовы. Насупраць ідзе новабудоўля, што, натуральна, павялічвае імавернасць разбурэння.

Тут, як кажуць, наогул без каментароў – дастаткова глянуць на фота. І – за гэтымі гатовымі праваліцца, як вачніцы памёрлага чалавека,  ваканніцамі ПРАЦУЮЦЬ ЛЮДЗІ! Нешта точаць на наждаках, нібыта, па нечым стукаюць малаткамі.

А вы наважыліся б ступіць нагой  пад такую трэшчыну?

Ёсць яшчэ аб’екты, якія з тых ці іншых падставаў трывожаць нас менш. Гэта правае крыло старога будынка ўніверсітэта імя Пушкіна, якое пайшло трэшчынамі знізу даверху па лесвічных маршах,  а  болей па прыбіральнях,  зусім нестары стадыён “Брэсцкі”, бетонныя канструкцыі трыбун якога даюць трэшчынаватую ўсадку… Названыя і іншыя аб’екты таксама ўвайшлі ў банк дадзеных і патрабуюць увагі ды абмеркавання.

Усцешна, што журналісты скрозь па Беларусі заўважна больш пачалі пісаць пра трэшчыны і расколіны. Пішуць, прыкладам, пра хабары ў будаўніцтве і напрамую звязваюць іх з трэснутым станам новых канструкцый…А як жа, прамая логіка!

http://euroradio.fm/report/z-za-habarau-byaspeka-nekatoryh-budaunichyh-kanstrukcyy-pad-sumnennem

І яшчэ адно добра: што жывем мы, збольшага, не ў зоне землятрусаў (у месцы, дзе будуецца Беларуская атамная, сур’ёзны землятрус  на 7 балаў па шкале Рыхтэра быў напачатку мінулага стагоддзя). А каб нашу нерухомасць перамясціць, скажам, у Італію – гэты спіс напэўна даў мы адны руіны.

Яўген Бяласін, zapraudu.info

30 мая 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі