+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Алег Мяцеліца: У Літве лягчэй выжываць, чым у Беларусі

Два гады таму, пасля прэзідэнцкіх выбараў, мы сустрэліся ў Вільні з Алегам Мяцеліцам, даверанай асобай Уладзіміра Някляева.

Ён запэўніў, што не збіраецца прасіць палітычнага прытулку. Але і па сённяшні дзень на радзіму Алег не вярнуўся.

У інтэрв’ю «Салідарнасці» Мяцеліца распавёў, на якіх умовах жыве ў Літве, што лічыць галоўнай памылкай 19 снежня, і чаму апазіцыйная дзейнасць, на яго думку, не праца.

 Алег, патлумач, чаму ты не вярнуўся на радзіму пасля таго, як прайшлі суды па “справе 19 снежня”?

– Першае – я не ведаю, ці зачынілі справу. Напэўна, лепш сказаць, што больш нікога не арыштоўваюць па гэтай справе.

Я размаўляў з юрыстамі і праваабаронцамі, якія сказалі, што па гэтай справе праходзіць каля 150 чалавек. Асуджана было нашмат меней. І невядома, хто ў ліку неасуджаных.

Па-другое, у Беларусі для таго, каб арыштаваць чалавека, не патрэбна ніякай крымінальнай справы. Яе ў любы момант можна завесці, і не абавязкова ў сувязі з падзеямі 19-га снежня. Калі чалавек лічыцца небяспечным для гэтага рэжыму, то яго вельмі лёгка схаваць за краты.

А па трэцяе, я збіраюся дадому ў любым выпадку.

…Знаходзячыся ў Вільні, мы на месцы не сядзелі, стварылі арганізацыю – Грамадзянскае і палітычнае прадстаўніцтва Беларусі (ці як мы яе называем Беларускі дом). Для мяне вельмі важна, каб пасля ад’езду яе дзейнасць працягвалася.

У мяне няма планаў заставацца за мяжой. Я аптыміст, і веру, што хутка ўсё зменіцца, і шмат людзей будуць вяртацца на Беларусь. Вясна ўсё роўна прыйдзе!

 Два гады таму ты гаварыў, што не збіраешся набываць статус палітуцекача. На якіх умовах ты жывеш у Вільні цягам двух год?

– У мяне няма статуса палітычнага ўцекача, а ёсць від на жыхарства. Падкрэслю, гэта не палітычны прытулак.

Нашай мэтай не было скарыстацца сітуацыяй і з’ехаць з Беларусі. Калі мы сюды прыехалі, ніхто не ведаў наколькі. Мы не прасілі палітычнага прытулку, бо нікога ў галаве не было заставацца тут надоўга.

Браць палітычны прытулак – гэта самы, напэўна, горшы варыянт. Таму што гэта цябе абмяжоўвае ў вяртанні на Беларусь, калі з’явіцца такая магчымасць. Ёсць шмат іншых спосабаў легальна знаходзіцца за мяжой. Калі скончыўся тэрмін дзеяння шэнгена, нам пайшлі насустрач і зрабілі нацыянальныя літоўскія візы. Атрымаць від на жыхарства няцяжка: проста трэба знайсці працу.

 Што ты лічыш галоўным дасягненнем вашай дзейнасці ў Вільні? Ты ж працуеш з людзьмі не толькі з кампаніі «Гавары праўду!».

– Беларускі дом мы стварылі супольнымі намаганнямі з людзьмі, якія працавалі ў камандах Саннікава, Міхалевіча, Рымашэўскага, Раманчука.

Мы – адна з арганізацый, якая займаецца беларускім пытаннем. Чым можам, стараемся дапамагаць беларускім структурам, арганізоўваючы мерапрыемствы, дзе могуць набыць веды прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці, дапамагаем наладзіць сустрэчы.

Арганізоўваючы летась беларускі тыдзень да Дня волі, мы запрасілі да сябе прадстаўнікоў усіх беларускіх арганізацый у Вільні, нават тых, хто паміж сабой няздольны быў дамаўляцца, і ніколі б не сеў разам за стол. Наша пляцоўка была нейтральнай. Мы прынцыпова не займалі нічыю пазіцыю, а казалі, што мусім нейкія рэчы рабіць разам.

У выніку мерапрыемства прайшло вельмі добра, дзякуючы супольнай працы ўсіх арганізацый.

 У цябе быў час пераасэнсаваць падзеі 19 снежня. Што ты лічыш асноўнай памылкай, якую апазіцыя зрабіла ў той час? Што стала для цябе ўрокам?

– Я не магу думаць пра нейкія памылкі, якія мы зрабілі. Усё як было, так і застаецца. І зараз ніхто не ведае, як дзейнічаць у сітуацыі 2015 года. Таму што, напэўна, ніхто так да канца і не зразумеў, якія былі зробленыя памылкі.

Шмат было спрэчных момантаў. Спачатку ўсе казалі пра адзінага кандыдата. Потым на нейкім этапе гаварылі: «Класна, што іх шмат».

Так, мы не маглі дамовіцца. А ці магчыма гэта было зрабіць? Хутчэй гэта была не памылка, а збег абставінаў на той момант. І зараз ніхто не можа сесці за адзін стол і сказаць, ці будзе адзіны кандыдат, ці выходзіць на Плошчу і як сябе на ёй паводзіць.

Я думаю, што ў 2010 годзе ўсе зрабілі роўна столькі, колькі магчыма. У нашай кампаніі «Гавары праўду!»мы выклаліся на сто адсоткаў. Гэта была напружаная праца. Мы яе рабілі шчыра і верылі ў тое, што робім, верылі ў змены.

…Жорсткі разгон Плошчы змяніў развіццё падзей, па-іншаму скіраваў адносіны паміж Еўрасаюзам і Беларуссю. І ўвогуле грамадства па-іншаму пачало глядзець на сітуацыю ў краіне.

Я ні пра што не шкадую, і калі б я апынуўся ў 2010-м, я быў бы ў кампаніі «Гавары праўду!», маім кандыдатам стаў бы Уладзімір Някляеў, і я рабіў бы тое ж, што і тады. Але наперадзе іншыя кампаніі. І як яны будуць развівацца – ніхто не можа сказаць.

 Ці салодкае жыццё палітэмігранта? Некаторыя лічаць, што вы як сыр у масле катаецеся за еўрасаюзаўскія грошы.

– Той, хто хацеў скарыстацца сітуацыяй, паехаў не ў Літву. Чалавек даведваецца, дзе ёсць ільготы, грошы на кватэру, дапамога. Таму едуць у Нямеччыну, Бельгію, Швецыю, Данію – у краіны з моцнай сацыяльнай падтрымкай.

Па-другое, калі б я хацеў скарыстацца сітуацыяй, не займаўся б беларускай справай. Я думаў бы, як вывучыць мову, адкрыць свой бізнес.

Мы не можам назваць тое, што мы робім у Беларускім доме, працай, – гэта дзейнасць. Гранты на нейкія праекты – гэта не тыя грошы, на якія можна бязбедна жыць. Трэба здымаць кватэру, набываць сабе рэчы, харчавацца – ніхто табе гэты грошы не прынясе як ахвяры рэжыма.Таму летам мы працавалі на будоўлі.

У любым выпадку жыццё ўва ўсіх, хто з’язджае, няпростае.

У Вільні добра хаця б з тае прычыны, што ты кожны дзень сустракаеш людзей з Беларусі і знаёмых, якія сюды прыязджаюць. Тут ёсць нашыя арганізацыі, і ты не адчуваеш сябе настолькі адарваным ад радзімы.

Родныя прыязджаюць раз на два месяцы. З жонкай мы больш за дваццаць гадоў ў шлюбе. Мы сапраўды родныя людзі і можам разлічваць на падтрымку адзін аднаго. Сын жыве з ёй, а дачка, якая вучыцца ў ЕГУ, разам са мной, у Вільні.

Прыязджалі да мяне і бацькі. За гэта трэба падзякаваць міністэрству замежных спраў Літвы і літоўскай амбасадзе ў Менску за візавую падтрымку. Бабуля – ёй 93 гады – кажа: «Не памру, пакуль не прыедзеш, унучак!». Размаўляем з ёй па скайпе.

 Пасля аперацыі на хрыбетніку ў цябе статус беспрацоўнага. Ці адпраўляюць у Вільні беспрацоўных працаваць на карысць дзяржавы, напрыклад, камяні збіраць?

– Я не валодаю ўсёй інфармацыяй, таму буду казаць толькі пра тое, што ведаю. Калі становішся на біржу, на працягу года цябе не могуць да такіх прац прыцягваць.

Беспрацоўны абавязаны раз на месяц прыходзіць да свайго агента. У адрозненне ад Беларусі, тут табе шчыра імкнуцца дапамагчы знайсці працу. Зразумела, як і ва ўсім свеце, некаторыя людзі хочуць мець грошы, а пры гэтым нічога не рабіць. Ёсць такія, каго задавальняе статус беспрацоўнага.

У параўнанні з Беларуссю, беспрацоўны атрымлівае большую дапамогу ад дзяржавы. Памер яе залежыць ад таго, ці працаваў ты раней. Я атрымліваю 350 літ (ці 100 еўра).

Разам з дапамогай міжнароднай каталіцкай арганізацыі Caritas мой штомесячны бюджэт складаецца з 900 літаў (260 еўра).

Каб мне працаваць па спецыяльнасці настаўнікам геаграфіі, трэба вывучыць мову, здаць на катэгорыю. Але паколькі, як я ўжо казаў, не збіраюся тут заставацца, мову я асабліва не вучу. Хіба што па зборніку 500 самых галоўных слоў. Ды слухаю літоўскае радыё ў машыне.

 Ты вывучыў 500 галоўных літоўскіх слоў?

– У параўнанні з Элачкай-людаедкай, я вундэркінд. Самае простае – павітацца, запытаць, як прайсці, колькі гэта каштуе, папрасіць рахунак, аглядзець у меню і адрозніць, дзе свініна, дзе ялавічына, я змагу.

 Ці хапае табе грошай на жыццё?

– Тут лягчэй выжываць, чым у Беларусі з фінансавага боку, у побытавым плане. За горадам можна танна зняць жыллё. Шмат кватэр, за якія не трэба плаціць арэнду, – толькі камунальныя.

Чалавек, які атрымлівае мінімальны заробак, можа набыць сабе машыну – хай сабе і калымагу – за 200-300 еўра.

Не сакрэт, што шмат якія прадукты ў Літве танней, чым у Беларусі. У сэкандах можна купіць вопратку – усё па тры літы. Дарэчы, сэканды адрозніваюцца ад беларускіх. Тут можна ўсё знайсці: добрае паліто, капялюш, пасцельную бялізну – шмат ёсць фірмовых рэчаў добрай якасці.

З харчовых запасаў у мяне дома амаль ўсё беларускае: бульба, буракі, цыбуля, варэнне, закаткі, нават тушонка з каніны, яблыкі, згушчонка. З радзімы, бывае, перадаюць хлеб і сала таксама.

Увогуле мне пашанцавала, і неабходнасці здымаць жыллё ў мяне няма. Маім домам у Вільні стала кватэра сябра-беларуса.

– Сутыкнуўшыся на ўласным вопыце з літоўскай медыцынай, што цябе ўразіла?

– Не ведаю, ці магу я быць аб’ектыўным, бо ў Беларусі ў мяне такіх сур’ёзных праблем са здароўем не было.

Выклік «хуткай», цяжкі стан, аперацыя… Я не мог хадзіць.

Аперацыю мне рабіў загадчык аддзялення – адзін з самых лепшых хірургаў у бальніцы. Я думаю, што ў Беларусі няпроста было б прабіцца да спецыяліста такога ўзроўню.

Як і ў нас, у Літве прынята аддзячыць доктара і медсястрычку. Заўважу, што ніхто гэтага не патрабуе.

Я ляжаў ў двухмясцовай палаце ў вельмі прыстойных умовах, з прыбіральняй і душам. Ад мяне ніхто не патрабаваў ваты, бінтоў, шпрыцоў, свайго мыла і ручніка. Кармілі добра. Тэмпературу мерылі лазерным прыстасаваннем, якое медсястрычка проста падносіла да ілба.

Пасля аперацыі тут абавязкова прадугледжана рэабілітацыя. Цябе адпраўляюць у санаторый за кошт медстрахоўкі. Я патрапіў на адзін з лепшых курортаў Літвы – Друскінінкай.

Пасля наглядаюся ў доктара ў паліклініцы. Чэргаў няма, запісацца на прыём можна па імэйлу.

 Чым ты плануеш заняцца па вяртанні ў Беларусь?

– Мая апазійная дзейнасць – гэта не праца, а тое, чаго патрабуе мае сумленне. Імкненне не прайсці міма несправядлівасці, спроба змяніць да лепшага свет для будучыні сваіх дзяцей, для краіны. Безумоўна, па вяртанні я буду праяўляць актыўную грамадзянскую пазіцыю. І тое, што магу, буду рабіць, каб Беларусь мянялася ў лепшы бок.

Я не кажу, што збіраюся рыхтаваць нейкае паўстанне альбо рэвалюцыю. Як і раней, буду на кожным кроку змагацца за праўду. Збіраюся ўдзельнічаць у мясцовых выбарах. На маю думку, не варта ісці на выбары толькі з лозунгам «Жыве Беларусь!». Я вылучуся, калі мне будзе што сказаць пра працоўныя месцы, пра бюджэт, пра паляпшэнне сітуацыі ў ахове здароўя, адукацыі –пра простыя рэчы, якія зразумелыя кожнаму.

Крыніца: Салідарнасць

25 апреля 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
“Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!” Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі