+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Праграма "Гавары праўду "
«За мірныя перамены»

Прэзідэнт павінен накіраваць сваю дзейнасць у першую чаргу на стварэнне ўмоў для павышэння ўзроўню і якасці жыцця грамадзян Беларусі, што можа быць ажыццёўлена толькі на аснове развітай эфектыўнай эканомікі. І ўсе гэтыя пазітыўныя перамены немагчымыя без правядзення глыбокіх палітычных рэформаў.

Сацыяльная палітыка
клопат пра людзей і сацыяльная справядлівасць
Галоўным прынцыпам сацыяльнай палітыкі павінен стаць прынцып роўных магчымасцяў, заснаваны на сацыяльнай справядлівасці і сацыяльнай салідарнасці моцных і слабых.
У сацыяльнай сферы неабходна вярнуцца да ўжо прадэклараваных ў Канстытуцыі гарантый і ажыццявіць шэраг рэформаў:
  • Бясплатная дзяржаўная медыцына

    – забяспечыць доступ усіх грамадзян да якаснага медыцынскага абслугоўвання пры паралельным развіцці сістэмы страхавой і прыватнай медыцыны.

  • Адукацыя

    — павялічыць інвестыцыі ў эфектыўную і сучасную адукацыю. Выключыць непрадуманыя і безадказныя рэформы школьнай адукацыі. Забяспечыць пераемнасць паміж рознымі ўзроўнямі адукацыі і звязаць яе з рынкам працы, каб адукацыя давала не «корачку», а запатрабаваную прафесію. Палепшыць матэрыяльнае становішча і павысіць сацыяльны статус выкладчыкаў. Адмяніць плату за вучобу ў дзяржаўных навучальных установах: яна супярэчыць Канстытуцыі. Стварыць адмысловы фонд для стажыроўкі і навучання студэнтаў за мяжой.

  • Пенсійнае забеспячэнне

    – правесці пенсійную рэформу без павышэння пенсійнага ўзросту. Плаціць поўныя пенсіі працуючым пенсіянерам. Распрацаваць сістэму накапляльных пенсій, дадатковага пенсійнага страхавання, спрыяць стварэнню прыватных незалежных пенсійных фондаў разам з дзяржаўнымі.

  • Адрасная сацыяльная дапамога

    – распрацаваць эфектыўную сістэму сацыяльнай дапамогі ў выглядзе адрасных грашовых выплат: шматдзетным сем'ям, беспрацоўным, грамадзянам з абмежаванымі магчымасцямі; у тым ліку на праезд у грамадскім транспарце і камунальныя плацяжы. Пашырыць удзел грамадскіх арганізацый у сацыяльнай дапамозе насельніцтву праз дзяржаўную сацыяльную замову.

  • Рэформа працоўных узаемаадносін

    – gерагледзець кабальную кантрактную сістэму найму на працу, адмяніць паборы дзяржавы з грамадзян, якія страцілі працу ў выніку эканамічнага крызісу. Аказаць эфектыўную дапамогу ў набыцці новай спецыяльнасці і ў адкрыцці ўласнага бізнэсу. Абарона правоў работнікаў павінна ажыццяўляцца не бутафорскімі, а незалежнымі прафсаюзамі на аснове эфектыўна дзеючых калектыўных дамоваў.

  • Пераадоленне наступстваў Чарнобыльскай катастрофы

    – аднавіць «чарнобыльскія праграмы»: у поўным аб'ёме вярнуць льготы пацярпелым грамадзянам і забяспечыць безумоўнае выкананне мер па пераадоленні наступстваў катастрофы. Стварыць не фармальную, а сапраўды эфектыўную сістэму медыцынскага абследавання пацярпелага насельніцтва - абследавацца павінны ўсе жыхары, на рэгулярнай аснове і з ужываннем сучасных методык, абсталявання.

  • Экалагічная бяспека

    — забяспечыць гарантыі права грамадзян на спрыяльнае навакольнае асяроддзе – гэта адно з найважнейшых напрамкаў дзейнасці сучаснай дзяржавы. Мы зробім яго прыярытэтным.

  • Дапамога сем'ям

    - аказваць актыўную падтрымку сем'ям з дзецьмі, стварыць сістэму падатковых ільгот у інтарэсах сям'і, садзейнічаць усім формам прадпрымальніцкай дзейнасці сем'яў. Распрацаваць праграму будаўніцтва з дзяржаўнай падтрымкай індывідуальных жылых дамоў на ўласным зямельным участку.

  • Маладзёжная палітыка

    – распрацаваць і рэалізаваць праграму маладзёжнай палітыкі, якая ўключае дзяржаўную падтрымку грамадскай і прыватнай ініцыятывы моладзі. Садзейнічаць атрыманню адукацыі за мяжой.

  • Бізнэс на службе сацыяльнай палітыкі

    – распрацаваць сістэму падтрымкі сацыяльна адказнага бізнесу, стымуляваць інвестыцыі працадаўцы ў сістэму сацыяльнай абароны работнікаў свайго прадпрыемства.

  • Даступнае жыллё

    – распрацаваць доўгатэрміновыя горадабудаўнічыя планы кожнага населенага пункта з улікам натуральных дэмаграфічных працэсаў. Аптымізаваць усе этапы будаўнічага працэсу, каб зрабіць кошт стандартнага метра даступным для сям'і з сярэднім дастаткам. Падтрымаць будаўніцтва жылля ў рэгіёнах для маладых сем'яў і маладых спецыялістаў.

Эканамічнае абнаўленне
развіццё дзелавой ініцыятывы і прыцягненне інвестыцый
Асновай павышэння ўзроўню і якасці жыцця грамадзян можа стаць толькі эфектыўная эканоміка, якая развіваецца на аснове прынцыпаў і падыходаў, ужо рэалізаваных у паспяховых краінах.
  • Дзяржаўныя фінансы

    – забяспечыць незалежнасць Нацыянальнага банка, дамагчыся стабільнасці валюты і абароны ўкладаў, утаймаваць інфляцыю, дасягнуць абсалютнай захаванасці і таямніцы прыватных укладаў, зрабіць даступнымі банкаўскія крэдыты, спыніць растрату дзяржаўных сродкаў па запытах галіновых лабістаў.

  • Прыцягненне інвестыцый

    – спрасціць падаткаабкладанне, прыняць Інвестыцыйны кодэкс, які будзе гарантаваць сталасць умоў працы. Адмяніць выключныя правы Прэзідэнта вырашаць, які праект добры, а які не, і даваць асаблівыя льготы закрытымі ўказамі.

  • Больш свабоды, менш кантролю

    – адмяніць канфіскацыйныя меры, празмерныя штрафныя санкцыі ў дачыненні да бізнэсу і сакрэтныя распараджэнні выканаўчых органаў. Выключыць з заканадаўства паняцце «незаконнае прадпрымальніцтва», правесці дэкрыміналізацыю эканамічных злачынстваў. Перайсці ад дазвольнага прынцыпу да заяўляльнага. Прыбраць большасць непатрэбных бюракратычных узгадненняў і працэдур, а тыя, што застануцца, перавесці ў інтэрнэт.

  • Мадэрнізацыя заводаў і прадпрыемстваў

    - стварыць антыкрызісныя праграмы для заводаў і прадыпрыемстваў, прыцягнуць да іх інвестыцыі. Закрыць нежыццяздольныя прадпрыемствы. Тым, хто трапіць пад скарачэнне, забяспечыць атрыманне новай запатрабаванай прафесіі і выплачваць 75% заробку на працягу 6 месяцаў у якасці дапамогі па беспрацоўі або забяспечыць ільготным крэдытам для адкрыцця сваёй справы.

  • Развіццё новых сектараў эканомікі

    - дзяржава будзе садзейнічаць развіццю найбольш канкурэнтаздольных галін: інфармацыйных тэхналогій, экалагічнага турызму, транзіту і лагістыкі, ваенна-прамысловага комплексу, альтэрнатыўнай энергетыкі, інжынірынгу, банкаўскіх паслуг. Беларусь павінна стаць цэнтрам банкаўскіх паслуг, інжынерна-тэхналагічных, дызайнерскіх і праграмных распрацовак для сусветных вытворцаў.

  • Самастойнасць прадпрыемстваў

    – даць права на рызыку і дзелавую ініцыятыву кіраўніцтву прадпрыемстваў, вызваліць іх ад выканання заданняў міністэрстваў і ведамстваў па нарошчванні выпуску неканкурэнтаздольнай прадукцыі і нямэтавага ўкладання сродкаў.

  • Развіццё энергетычнага сектара

    – рэалізаваць агульнаеўрапейскі падыход, які прадугледжвае ўкараненне энергазберагальных тэхналогій і выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі без экстэнсіўнага нарошчвання генеруючых магутнасцяў. Правесці мадэрнізацыю існуючых энергетычных магутнасцяў. Перагледзець рашэнні па АЭС аб неабходнасці яе будаўніцтва.

  • Развіццё канкурэнцыі

    – забяспечыць роўную канкурэнцыю прадпрыемстваў усіх формаў уласнасці, што пацягне за сабой зніжэнне коштаў на тавары і паслугі.

  • Стварэнне працоўных месцаў, стымуляванне самазанятасці

    – прыцягваць інвестыцыі і стымуляваць развіццё нацыянальнага бізнесу, які будзе ствараць новыя працоўныя месцы. Грамадзяне Беларусі не павінны бадзяцца ў пошуках годнага заробку па суседніх краінах.

  • Сельская гаспадарка

    – прыняць і рэалізаваць праграму рэфармавання сельскай гаспадаркі на аснове шматукладнасці, свабоднага развіцця ўсіх формаў уласнасці і стварэння рынку зямлі, з захаваннем эфектыўных калектыўных гаспадарак і падтрымкай фермераў.

  • Развіццё навукі

    – аднавіць згубленыя пазіцыі праз стымуляванне ўцягнутасці ў сусветную навуковую кааперацыю і аказанне мэтавай дзяржаўнай падтрымкі эфектыўным распрацоўкам. Павялічыць дзяржаўнае фінансаванне навукі, прыцягнуць да падтрымкі даследаванняў зацікаўленыя прыватныя структуры.

  • Свабодны фінансавы рынак

    – выпусціць у свабоднае абарачэнне акцыі. Стварыць новыя магчымасці для зберажэнняў, крэдытавання, інвестыцый для грамадзян і прадпрыемстваў, садзейнічаць зніжэнню крэдытнай працэнтнай стаўкі.

  • Развіццё малых і сярэдніх гарадоў

    – забяспечыць будаўніцтва новых прадпрыемстваў, ствараць працоўныя месцы і забяспечваць крыніцы заробку. Павышэнне узроўню даходаў і развіццё іпатэкі павінны дазволіць сем'ям набываць уласнае жыллё ў сярэднім за пяць-шэсць гадоў.

  • Развіццё бізнес-асяроддзя

    – забяспечыць дынамічнае развіццё бізнэс-асяроддзя праз стабільнасць валюты і падатковай сістэмы, абарону укладаў, празрыстасць дзяржаўнай эканамічнай палітыкі, развіццё фінансавага рынку, зніжэнне дыктату дзяржавы ў дачыненні да дзейнасці прадпрыемстваў усіх формаў уласнасці.

Сучасная, моцная і эфектыўная дзяржава
Закон стане падмуркам беларускай дзяржавы. Беспярэчнае выкананне разумных прававых актаў зробіць Беларусь багатай і стабільнай краінай. Але закон запрацуе толькі тады, калі мы створым баланс уладаў.
  • Правы чалавека

    - гарантаваць безумоўнае захаванне правоў чалавека ў спалучэнні з абаронай інтарэсаў грамадства і бяспекі дзяржавы, рэальна забяспечыць роўнасць грамадзян перад законам. Разам са змяненнем прававых нормаў дзеючага Заканадаўства і прывядзеннем правапрымяняльнай практыкі ў поўную адпаведнасць з імі неабходна ўвядзенне інстытута Упаўнаважанага па правах чалавека - амбудсмэна.

  • Канстытуцыйная рэформа

    – замацаваць у Асноўным Законе палажэнне аб тым, што Беларусь павінна быць парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікай. Адзін чалавек не можа вечна кіраваць дзяржавай. Прэзідэнт будзе абірацца на 5 гадоў і не больш чым на два тэрміны. У сучаснай краіне ўлада калектыўная, а не аднаасобная. Парламент павінен стаць на абарону інтарэсаў усіх беларусаў. Дэпутаты будуць мець рэальную ўладу і ўплыў на прыняцце рашэнняў.

  • Рэформа сістэмы мясцовага самакіравання

    – падпісаць Еўрапейскую Хартыю мясцовага самакіравання і прытрымлівацца яе асноўных палажэнняў. У новай Беларусі жыхары самі пачнуць выбіраць мясцовых кіраўнікоў. Прамыя лакальныя выбары зробяць чыноўнікаў залежнымі ад людзей. Мясцовыя лідэры, якія прыйдуць па ініцыятыве знізу, будуць разумець і вырашаць праблемы тых грамадзян, хто прагаласаваў за іх, а не выконваць жаданні чыноўнікаў з цэнтра.

  • Незалежнасць судовай улады

    – прыняць рашэнне аб тым, што суддзі будуць адказваць толькі перад органамі судовага самакіравання, забяспечыць ім годны заробак і сапраўдны імунітэт. Вяршэнства права хутчэй зробіць Беларусь багацейшай, чым любая эканамічная рэформа.

  • Эфектыўны дзяржапарат

    – аптымізаваць колькасць чыноўнікаў, прыбраць ад іх непатрэбныя функцыі і павысіць зарплаты. Ператварыць адкрыты конкурс у адзіную форму найму на дзяржаўныя пасады. Правесці для вывучэння перадавога вопыту на працягу двух гадоў профільныя стажыроўкі за мяжой чыноўнікаў, якія займаюць адказныя пасады. Таленавітыя кіраўнікі будуць мець магчымасць атрымаць адукацыю або павысіць кваліфікацыю ў лепшых сусветных універсітэтах.

  • Электронны ўрад

    – публікаваць у Інтэрнэце бюджэты ўсіх узроўняў, уключаючы зарплаты службоўцаў, рашэнні судоў, інфармацыю аб тэндэрах, конкурсах на дзяржаўныя пасады і ўсю іншую цікавую для грамадзян інфармацыю. Закрытай можа быць толькі інфармацыя, якая знаходзіцца ў строга абмежаваным Заканадаўствам вузкім спісе. Пазбавіць грамадзян ад бясконцых даведак, пячатак, ліцэнзій. Перайсці ад дазвольнага прынцыпу працы да заяўляльнага, як у бізнэсе, так і ў іншых сферах. У новай Беларусі прадпрымальнікі змогуць рэгістраваць бізнэс праз Інтэрнэт, у выніку кожны беларус будзе атрымліваць пашпарт і іншыя дакументы за 15 хвілін.

  • Грамадзянская супольнасць

    – стварыць спрыяльныя ўмовы для развіцця некамерцыйных арганізацый, забяспечыць роўны доступ да дзяржаўнага фінансавання праз удзел у тэндэрах і конкурсах нароўні з дзяржаўнымі.

Знешняя палітыка. Мірная Беларусь
ответственное соседство и нейтралитет
Беларусь павінна будаваць раўнапраўныя і ўзаемавыгадныя адносіны як са сваімі суседзямі, так і з астатнімі краінамі свету. Знешняя палітыка павінна грунтавацца на нацыянальных інтарэсах і садзейнічаць міру і бяспецы ў нашым рэгіёне.
  • Сапраўдны нейтралітэт

    – рэалізаваць па-сапраўднаму шматвектарную знешнюю палітыку без непатрэбных перакосаў ва ўсходні ці заходні бок. Вывесці з краіны замежныя вайсковыя базы. Беларусь не будзе ўваходзіць ні ў якія ваенныя блокі, якія могуць уцягнуць яе ва ўзброены канфлікт.

  • Адказнае суседства

    – выбудоўваць аднолькава добрыя і ўзаемавыгадныя адносіны як з Захадам, так і з Усходам, няўхільна выконваючы ўзятыя на сябе міжнародныя абавязальніцтвы і патрабуючы гэтага ад нашых партнёраў. Заключыць з Еўрасаюзам дамову аб супрацоўніцтве і партнёрстве і дамагчыся бязвізавага рэжыму як мінімум з усімі суседзямі Беларусі. Настойваць на адмене абмежаванняў у гандлі ў рамках Еўрапейскага саюза, каб не дапусціць больш «мясных» або «малочных» войнаў.

  • Рэгіянальная бяспека

    – садзейнічаць міру і бяспецы ў рэгіёне, у тым ліку праз удзел у мірным урэгуляванні канфлікту ва Украіне. Заняцца адначасова мадэрнізацыяй і ўмацаваннем ўзброеных сілаў, якія павінны стаць гарантам бяспекі краіны ва ўмовах нарастання міжнароднай нестабільнасці.

  • Развіццё знешніх эканамічных адносін

    – уступіць у Сусветную гандлёвую арганізацыю, вярнуцца ў рэжым абагульненых прэферэнцый з ЕС, каб забяспечыць бесперашкодную рэалізацыю нашай прадукцыі, дамагчыся ў адносінах з Расіяй зняцця ўсіх абмежаванняў на яе ўнутраным рынку для беларускіх тавараў. Пабудаваць гандлёвы шлях не толькі паміж Усходам і Захадам, але і «ад мора да мора» - паміж поўначчу і поўднем.

Адраджэнне нацыянальнай культуры
– аснова беларускай дзяржаўнасці
Наша краіна не стане стабільнай дзяржавай, калі не будзе абапірацца на гістарычныя і культурныя традыцыі беларускага народа. Палітыка ўлады будзе скіравана на адраджэнне беларускай культуры і ўмацаванне нацыянальнай самасвядомасці як асновы беларускай дзяржаўнасці і фактара нацыянальнай бяспекі.
  • Прыярытэтная падтрымка сферы культуры

    – устанавіць падатковыя льготы і стварыць умовы для свабоднай рэалізацыі ініцыятыў грамадзянскай супольнасці і бізнесу, накіраваных на развіццё беларускай культуры і гістарычнай спадчыны, мовы і нацыянальных каштоўнасцяў, духоўных традыцый. Распрацаваць з удзелам беларусаў замежжа праграму вяртання на радзіму нашых культурных каштоўнасцяў, якія знаходзяцца за мяжой. Настаўнік і работнік культуры ў дзяржаўнай ці прыватнай установе будуць мець заробак не ніжэй за сярэдні па краіне.

  • Падтрымка беларускай мовы

    – гарантаваць ён асаблівае стаўленне дзяржавы і годнае месца ў жыцці грамадства, у тым ліку ў галіне вышэйшай, сярэдняй і дашкольнай адукацыі, для чаго прыняць Закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы, адкрыць у сталіцы Нацыянальны універсітэт імя Францішка Багушэвіча з выкладаннем усіх прадметаў на беларускай мове, а ў кожным райцэнтры - школу альбо гімназію з беларускамоўнымі выкладчыкамі; выкладаць гісторыю і геаграфію ва ўсіх школах на беларускай мове. Чыноўнік, дэпутат або кіраўнік дзяржавы абавязаны валодаць абедзвюма дзяржаўнымі мовамі.

  • Свабода слова і друку

    – няць існуючыя бар'еры для стварэння і свабоднай дзейнасці СМІ і журналістаў. Прыбраць практыку, калі друкаваныя выданні і Інтэрнэт-сайты асцерагаюцца крытыкаваць уладу, выяўляць карупцыю і фіксаваць парушэнні правоў грамадзян. Стварыць умовы для свабоднай канкурэнцыі айчынных СМІ, стымулюючы пры гэтым развіццё нацыянальнага інфармацыйнага рынку. Дзяржаўныя датацыі будуць абмежаваныя сферамі вучэбнай, краязнаўчай, навуковай, гістарычнай, культурна-асветніцкай і дзіцяча-юнацкай літаратуры.

  • Свабода веравызнання

    – забяспечыць рэальнае раўнапраўе для ўсіх канфесій і нацыянальна-культурных меншасцяў. Кожны жыхар краіны зможа ганарыцца тым, што жыве ў вольнай, дэмакратычнай, незалежнай беларускай дзяржаве, якая паважае годнасць кожнага грамадзяніна.

Распавесці сябрам

Наша каманда

Татьяна КороткевичЯрослав ЖурикКомаровский НиколайАлександр СнаровИнна КушнерСергей ДвуреченскийАндрей АрхипенкоЕгор ЛевачёвЛеонид Дубоносов