+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Бялыніцкі райвыканкам указвае прадпрымальнікам, на колькі і калі ім рабіць зніжкі на тавары

Напачатку снежня бялыніцкія прыватныя прадпрымальнікі і кіраўнікі прыватных гандлёвых прадпрыемстваў атрымалі лісты з Бялыніцкага райвыканкама.

У атрыманых лістах намеснік начальніка аддзела эканомікі райвыканкама С. І. Шапыр дае ўказанне мясцовым прадпрымальнікам забяспечыць правядзенне 28 снежня 2014 года акцыі “Адзіны дзень зніжак” з прадастаўленнем пакупнікам зніжак на нехарчовыя тавары ў памеры не менш за 15-20% за кошт узгодненага зніжэння цэн арганізацыямі вырабнікамі і гандлёвых надбавак гандлёвымі арганізацыямі.

Таксама бялыніцкім прадпрымальнікам і прыватным прадпрыемствам патрэбна забяспечыць размяшчэнне інфармацыі аб правядзенні акцыі “Адзіны дзень зніжак” у СМІ, а таксама непасрэдна ў гандлёвых аб’ектах. Пасля гэтага індывідуальныя прадпрымальнікі і кіраўнікі прыватных крам у тэрмін да 16 снежня павінны прадаставіць у аддзел эканомікі Бялыніцкага райвыканкама інфармацыю аб намеры прыняць удзел у акцыі “Адзіны дзень зніжак” 28 снежня “з указаннем асартыменту і памеру прадастаўляемай зніжкі пакупнікам”.

unnamed-1

Многія бялыніцкія прадпрымальнікі абураныя такім стаўленнем Бялыніцкага райвыканкама, які толькі дае разнастайныя ўказанні, у тым ліку, калі і на колькі рабіць зніжкі, не прымаючы да ўвагі, у якім эканамічным стане знаходзяцца прадпрымальнікі і прыватныя прадпрыемствы зараз.

Па словах дырэктара аднаго з бялыніцкіх прыватных прадпрыемстваў, яго проста абурае тое, што бялыніцкія чыноўнікі імкнуцца кіраваць і даваць указанні тым, хто ніякім чынам ім не падпарадкоўваецца, сумленна аплочвае ўсе падаткі і яшчэ цэлых шэраг разнастайных дадатковых “добраахвотных ахвяраванняў” на розныя патрэбы.

Мы і самі пастаянна робім зніжкі на розныя тавары без усялякіх указанняў чыноўнікаў, бо інакш людзі іх проста не будуць купляць, у іх значна знізіліся даходы, — кажа кіраўнік прадпрыемства. – Выручка ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года ў бальшыні прадпрымальнікаў скарацілася працэнтаў на 20, бо ў працаўнікоў у Бялыніцкім раёне паменшыліся заробкі, значна менш грошай прывозяць зараз і тыя бялычане, якія працуюць у Расіі. Не разумею, ці ў аддзеле эканомікі Бялыніцкага райвыканкама наогул працуюць адэкватныя людзі – няўжо яны не разумеюць, што мы не можам дыктаваць цэны сваім пастаўшчыкам і працаваць стратна, бо нам таксама патрэбна аплочваць арэнду памяшкання, камунальныя паслугі, падаткі і плаціць заробкі прадаўцам”.

Згодна інфармацыі галоўнага статыстычнага ўпраўлення Магілёўскай вобласці, сярэдні налічаны заробак працаўнікоў Бялыніцкага раёна ў кастрычніку склаў 5 203 652 рублёў і знізіўся ў параўнанні з жнівеньскім на 497 292 рублёў. Рэальная заработная плата ў Бялыніцкім раёне ў кастрычніку 2014 г. склала 95,3% ад заробка ў кастрычніку 2013 года. У студзені-жніўні 2014 года ў эканоміцы Бялыніцкага раёна было занята на 4,9% людзей меней, чым у студзені-жніўні 2013 г.

Па звестках упраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны Бялыніцкага райвыканкама, у Бялыніцкім раёне на афіцыйным уліку знаходзяцца 33 беспрацоўныя. Пры гэтым на дадзены момант упраўленнем сабраная інфармацыя аб 1231 непрацуючым жыхары раёна, з якіх 150 так званых “дармаедаў” займаюцца вядзеннем дамашняй гаспадаркі, а 550 працуюць у Расійскай Федэрацыі.

Згодна дадзеных упраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны ў раёне існуе 108 вольных працоўных вакансій. Сайт Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ўдакладняе, што такіх вольных месцаў па стане на 3 снежня ў Бялыніцкім раёне толькі 63, і заробкі там прапануюцца ў асноўным ад 1,2 да 3 мільёнаў рублёў.

У мінулым годзе Бялыніцкі райвыканкам вызначыўся тым, што давёў заданне прадпрымальнікам і прыватным крамам, колькі набыць матэрыялаў для святочнага ўпрыгожвання напярэдадні Новага года. Вясной гэтага года чыноўнікі з райвыканкама прымушалі прыватных прадпрымальнікаў і ПУПы, якія адпрацавалі на суботніку, яшчэ і пералічваць за гэта грошы на адмысловы рахунак Бялыніцкага райвыканкама.

Іван Барысаў

www.zapraudu.info

4 декабря 2014

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Надо ли извиняться перед памятником? Андрей Дмитриев на ОНТ