+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Бялынічы: актывісты “Гавары праўду” дапамаглі адстаяць справядлівасць

Суд Бялыніцкага раёна 16 верасня пастанавіў спыніць адміністрацыйную справу ў адносінах грамадскага актывіста з вёскі Лебедзянка Валерыя Вусіка.

Па выніках разгляду справы суддзя Аксана Загорская пастанавіла спыніць адміністрацыйную справу, адхіліўшы складзеныя яшчэ ў лютым гэтага года ўчастковым інспектарам Сяргеем Карыткіным міліцэйскія пратаколы.

Адміністрацыйныя пратаколы былі складзены нібыта за паклёп з боку Валерыя Вусіка на былога старшыню СВК “Лебедзянка” Пятра Бялова ў змешчаным у газеце “Магілёўскі Выбар” і на інтэрнэт-сайце Zapraudu.info артыкуле “Што змянілась за апошнія некалькі год у СВК “Лебедзянка”, а таксама за парушэнне артыкула 17 Закона аб СМІ пры распаўсюдзе газеты “Магілёўскі Выбар”.

Грамадскаму актывісту давялось прайсці праз цэлы шэраг судовых інстанцый, пакуль ён здолеў адхіліць абвінавачванні на свой адрас і дамогся справядлівага рашэння суда.

Пры ранейшым разглядзе адміністрацыйнай справы 29 сакавіка 2013 года былы старшыня суда Бялыніцкага раёна Уладзімір Гуз пакараў Валерыя Вусіка штрафам у памеры 30 базавых велічынь нібыта за паклёп у адрас старшыні СВК “Лебедзянка” Пятра Бялова у артыкуле “Што змянілась за апошнія некалькі гадоў у СВК “Лебедзянка” і штрафам у памеры 20 базавых велічынь за парушэнне артыкула 17 Закона аб СМІ пры распаўсюдзе газеты “Магілёўскі Выбар”. Па сукупнасці канчатковы памер штрафу быў вызначаны ў памеры 50 базавых велічынь, альбо 5 мільёнаў рублёў.

25 красавіка Магілёўскі абласны суд, які разглядаў касацыйную скаргу Валерыя Вусіка, прыняў рашэнне пакінуць пастанову суда Бялыніцкага раёна без зменаў, а касацыйную скаргу Валерыя Вусіка без задавальнення.

І толькі старшыня Магілёўскага абласнога суда Ігар Прашко 1 жніўня пастанавіў адмяніць рашэнне суда Бялыніцкага раёна ад 29 сакавіка 2013 года і рашэнне Магілёўскага абласнога суда ад 25 красавіка 2013 года, і накіраваць справу на новы разгляд у суд Бялыніцкага раёна да другога суддзі.

У судзе Бялыніцкага раёна адміністрацыйная справа Валерыя Вусіка разглядалась на працягу трох дзён – 26 жніўня, 11 і 16 верасня, – пакуль суддзя Аксана Загорская не пастанавіла спыніць справу, не знайшоўшы у дзеяннях грамадскага актывіста складу правапарушэння.

На працягу шматмесячнага змагання жыхара вёскі Лебедзянка за справядлівасць неабходную юрыдычную дапамогу і інфармацыйную падтрымку Валерыю Вусіку аказвалі магілёўскія праваабаронцы і бялыніцкія актывісты “Гавары праўду”.

Пасля завяршэння судовага паседжання Валерый Вусік выказаў падзяку ўсім, хто на працягу некалькіх месяцаў дапамагаў яму адстойваць справядлівасць.

Ірына Беганкіна (фота з сайта ПЦ «Вясна»)

19 сентября 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета