+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Бялыніцкія чыноўнікі абяцаюць павышэнне заробкаў

Сярэдні заробак у Бялыніцкім раёне перавысіў тры мільёны рублёў. Чыноўнікі абяцаюць, што ў хуткім часе ён павялічыцца значна больш.

Як паведамляе інтэрнэт-сайт Бялыніцкага райвыканкама, срэдняя заработная плата па народнай гаспадарцы Бялыніцкага раёна ў верасні 2012 года склалася на ўзроўні 3 125, 8 тысяч рублёў. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года тэмп росту заработнай платы склаў 202,8 %.

Яшчэ больш цікава, што згодна дадзеных ужо абласных статыстыкаў, змешчаным на іх афіцыйным інтэрнэт-сайце, намінальная налічаная заработная плата ў верасні ў Бялыніцкім раёне склала 3 496, 9 тысяч рублёў. Як кажуць класікі, статыстыкі ведаюць усё, таму няхай самі паміж сабой разбіраюцца, хто з іх даў больш дакладную лічбу нашых усё больш вялікіх заробкаў, бо простаму чалавеку ў іх паведамленнях цяжка разабрацца, а ім усё роўна справаздачыцца пра шалёны рост заробкаў патрэбна…

Праўда, абласныя статыстыкі ўсё ж крыху сапсавалі настрой, бо паведамілі, што ў верасні ў параўнані з жніўнем рэальны заробак у Бялыніцкім раёне склаў толькі  95,4 %. Але і гэта зразумела, выбары ў “палатку” прайшлі, так старанна вялікія лічбы росту заробкаў маляваць ужо не трэба…

Аднак, ня гледзячы на гэтыя “нязначныя” недарэчнасці, з паведамленняў нашых мудрых райвыканкамаўскіх чыноўнікаў і статыстыкаў вынікае, што бялынічанам застаецца толькі парадавацца за нашу “моцную квітнеючую Беларусь” і мудрае кіраўніцтва арганізацый і прадпрыемстваў Бялыніцкага раёна, якія забяспечваюць шалёны рост заробкаў у параўнанні з мінулым годам аж на 200 з нечым адсодкаў.

Тым больш, што, па меркаванню нашых райвыканкамаўскіх чыноўнікаў і ім падначаленых статыстыкаў, далей мы будзем “квітнець” усё больш і больш, бо заробкі будуць толькі расці і расці, пра што яны пастаянна гавораць у сваіх справаздачах і ў выступах у раённай газеце “Зара над Друццю”. Аднак у мяне асабіста радавацца чамусьці не вельмі атрымліваецца, бо праваламі ў памяці я пакуль не пакутую, таму добра памятаю, чым абярнулась гонка за 500 далярамі ў 2010 годзе напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Увесь мінулы год “вычухівалі” наступствы смелых эксперыментаў нашых мудрых кіраўнікоў. Зараз сітуацыя, на мой погляд, цалкам паўтараецца: напярэдадні выбараў у “Палатку” ізноў пачалі расці заробкі ў “любімага электарата” і ішоў расповед пра нечуванае шчасце, якое чакае нас наперадзе.

Я не з’яўляюсь вялікім эканамістам і прадказальнікам, аднак магу адназначна расказаць, чым уся гэтая перадвыбарчая эйфарыя скончыцца ўжо ў хуткім часе: чарговым шалёным ростам коштаў і новым абвалам беларускага рубля. І зноў будуць енчыць нашы адданыя прыхільнікі таго, хто “крыху вышэй за Бога”, што іх у чарговы раз падманулі. Ну а вінаватыя будуць ва ўсім, як гэта ў нас заўсёды бывае, праклятыя дэмакраты з “пятай калоны”. І гэта нічога, што менавіта яны пастаянна папярэджваюць, што ад накачкі эканомікі пустымі грашыма сітуацыя будзе толькі пагаршацца. Улада ж у нас ніколі не памыляецца, а гэтыя свалачугі з апазіцыі вінаваты ўжо тым, што не даюць нашым мудрым кіраўнікам пабудаваць цалкам квітнеючую краіну па ўзоры Паўночнай Карэі. Ня ўсе гэтыя адшчапенцы яшчэ ў нашых самых лепшых у свеце турмах сядзяць і не ўсе збеглі к сваім гаспадарам на загніваючы Захад, які, у адрозненне ад нашай квітнеючай краіны, вось-вось ляснецца ад крызісу. Праўда, дзеткі і блізкія сваякі нашых адданых патрыётаў-чыноўнікаў і начальнікаў з праваахоўных органаў чамусьці таксама рвуцца да гэтых “праклятых буржуінаў” на пастаяннае месца жыхарства і там пасля “пакутуюць”. Дарэчы, у тым ліку шмат там і сваякоў не апошніх людзей нашага квітнеючага Бялыніцкага раёна. Аднак гэта ўжо іншая тэма і я да яе абавязкова яшчэ вярнуся.

Ну а пакуль прывяду вам, паважаныя чытачы, яшчэ адну цытату з справаздач нашых мудрых магілёўскіх статыстыкаў: “Аб’ём валавага рэгіянальнага прадукта па Магілёўскай вобласці ў студзене-кастычніку 2012 г. склаў у бягучых коштах 29 422 млрд. рублёў і павялічыўся ў параўнанні са студзенем-кастрысчнікам 2011 г. у супастаўных коштах на 3,1 %. Прагнозам на 2012 год у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2011 г. № 1779 прадугледжаны яго рост на 5,1-5,6%”.

Як бачым, асабліва бурнага росту, калі не сказаць інакш, эканоміка Магілёўскай вобласці не дэманструе. Нагадаю яшчэ раз, што за дзесяць месяцаў валавы рэгіянальны прадукт па Магілёўскай вобласці павялічыўся толькі на 3,1 %, і гэта з усімі тымі хітрыкамі, якімі так добра валодаюць нашы чыноўнікі пры складанні справаздачаў. Таксама нагадаю старую ісціну, якую не змаглі пакуль абвергнуць нават самыя перадавыя ў свеце праўладныя ідэолагі і эканамісты нашай квітнеючай Беларусі: рост заработнай платы не павінен папераджаць рост вытворчасці працы. Інакш, як мы гэта ўжо неаднаразова праходзілі пад кіраўніцтвам нашага васямнаццацігадовага (па стажу) агульнага кіраўніка, калі коратка сказаць, – піпец без варыянтаў.

Пакуль жа будзем , шаноўныя чытачы, з слязьмі шчасця на вачах чакаць чарговага падвышэння заробкаў і пенсій, якое нам пастаянна абяцаюць нашы ўладныя чыноўнікі. На маю думку, нас чакае вельмі “вясёлы” наступаючы Новы 2013 год…

Хацеў ужо скончыць свае гэтыя нататкі, але чамусьці захацелась глянуць размешчаны на інтэрнэт-сайце міністэрства працы і сацыяльнай абароны спісак вакансій працоўных месцаў па Бялыніцкаму раёну. Падазраю, што там не ведаюць пра справаздачы мудрых бялыніцкіх і магілёўскіх статыстыкаў аб нашых сярэдніх заробках ў тры з гакам мільёны рублёў. Бо інакш бы яны не прапаноўвалі 34 працоўныя вакансіі па Бялыніцкаму раёну, дзе толькі ў трох месцах заробкі абяцаюць за два мільёны: Паўднёва-Усходняя прамысловая кампанія прапануе бухгалтару 2 500 000 рублёў,  а Бялыніцкія ПМК-241 і РУПМС абяцаюць плаціць майстрам адпаведна па 2 400 000 і 2 500 000 рублёў. Яшчэ тром сваім новым працаўнікам арганізацыі будуць плаціць па два мільёны рублёў, ну а ўсім астатнім наогул нашмат менш за два мільёны. Пра заробак у тры мільёны і вышэй ніхто з працадаўцаў нават не ўзгадвае…

Калі ж казаць сур’ёзна, паважаныя чытачы, то павышэнне сярэдняга заробку, можа, і адбудзецца, але хутчэй за ўсё – толькі на паперы, дзякуючы “чыстым аперацыям з лічбамі”. Бо ўжо зараз над намі навісла пагроза паўтарэння абвалу 2011 года. Думаю, што і чыноўнікі ад улады гэта выдатна разумеюць. І калі штучнае падвышэнне заробкаў працягнецца, наперадзе нас чакае той самы “піпец без варыянтаў”.

Барыс Вырвіч, zapraudu.info

29 ноября 2012

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета