+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Чаму Бяляцкі з першага “І” неўзлюбіў савецкую педагогіку

Алесь Бяляцкі пайшоў у школу №5 горада Светлагорску у 1969 годзе. З першага да апошняга класа адвучыўся там. Школа была зусім побач з домам, літаральна ў адной хвіліне хады, праз дарогу. 

З ранняга дзяцінства хлопчык быў вельмі самастойным. У кнізе Аляксандра Тамковіча «Шлях Алеся Бяляцкага» сам ён узгадвае: «У першы клас у школу пайшоў сам, без бацькоў, не хацеў, каб яны ішлі са мной. Вучняў было шмат, таму патрапіў я аж у першы «І». Клас у нас быў вельмі дружны. Ужо ў старэйшых класах ездзілі на бульбу, на буракі, самавольна хадзілі ў паходы. Не толькі ў школе, але і па-за ёй мы ўвесь час “тусаваліся” разам. Што толькі не рабілі!.. Напрыклад, разам выпілі шмат партвейну. Дарэчы, паступілі ў інстытуты і ўніверсітэты потым амаль усе, бо вучыліся добра.».

Алесь ад нараджэння быў ляўшой, як і ягоны бацька Віктар Усьцінавіч. У першым класе вельмі прыгожа і акуратна пісаў, почырк быў проста каліграфічны! Дзетак у тыя гады вучылі пісаць пер’евай асадкай, пяром «зорачка» і фіялетавым чарнілам. Але настаўнікі прымусілі хлопчыка перавучвацца, быць ляўшой тады проста забаранялася. І почырк адразу сапсаваўся. Алесю пастаянна заніжалі адзнакі менавіта за дрэнны почырк, за памаркі, за тое, што, да прыкладу, нахіл быў ня ў той бок.

Малодшая сястра Алеся Вольга ўзгадвае, што калі сама была школьніцай, любіла гартаць Алесевы сшыткі і дзёньнікі, якія захоўваліся на антрасолях. У хатнім заданні па матэматыцы ці фізіцы – ні адной памылкі, усе задачкі выкананыя правільна, а за почырк, нахіл ставілі чацвёркі. У той жа кнізе Тамковіча Бяляцкі заўважае: «З ляўшы зрабілі праўшой, прымусілі пісаць правай, таму на савецкую сістэму выхавання ў мяне крыўда (смяецца) з маленства». Дагэтуль ручную фізічную працу робіць левай рукой – трымае сякеру, малаток.

Школьныя канікулы звычайна праводзіў у вёсцы ў бабулі. «Як чалавек, які вырас не “на асфальце”, вельмі любіў збіраць грыбы. Асабліва калі быў у бабулі па маці, у Красноўскай Будзе. За Нароўляй такія лясы! Побач мяжа з Украінай і грыбнікі хадзілі туды-сюды. Больш за 200 баравікоў ніколі не браў — не данесці. Цяпер так рабіць немагчыма. Чарнобыль», — узгадвае Алесь.

Вельмі шмат чытаў. У пакоі жыў з братам старэйшым Валодзем. Ягоны пісьмовы стол заўсёды быў літаральна завалены кнігамі. А малодшая сястра Волечка са старэйшым братам Валодзем пастаянна перашкаджалі Алесю чытаць, падзужвалі… Алесь узгадвае: «У школьныя гады стаў чытаманам, якім з’яўляюся і па сёння. Пры гэтым ніхто мяне чытаць не вучыў. Асвоіў усё сам. У пяць гадоў па буквары пытаўся ў старэйшага брата: а што гэта за літара, а якая гэта? Потым пачаў чытаць, і бацькі здзівіліся. Да пятага класа любіў біцца, не ведаў страху і рабіў гэта паспяхова, бо ніхто не чакае ўдару ад ляўшы. А потым так захапіўся кнігамі, што стаў больш часу праводзіць у кватэры».

Класным кіраўніком у старэйшых класах была ў Бяляцкага настаўніца мовы і літаратуры па прозвішчы Падмяшальская. Ён у яе быў, натуральна, любімчыкам – настаўнікі любяць начытаных вучняў. Да таго ж, Алесь проста бліскуча пісаў сачыненні. У школе пачаў захапляцца гісторыяй, але сур’ёзна вывучаць і задумвацца пачаў ужо ва ўніверсітэце. Замежнай мовай у светлагорскай школе №5 была французская, і ёй Алесь авалодаў даволі добра. Французскую вывучаў і ва ўніверсітэце, здаваў кандыдацкі мінімум у аспірантуру такасма па французскай мове. Але пазней, калі стаў ужо праваабаронцам,  вымушаны быў авалодаць яшчэ і англійскай мовай.

У школе Алесь лічыўся гуманітарыем. Але яму вельмі лёгка давалася і матэматыка, дакладныя навукі таксама любіў. Настаўнік матэматыкі па прозьвішчы Аліферка спадзяваўся, што Алесь абярэ спэцыяльнасьць, звязаную з матэматыкай. Алесь жа збіраўся паступаць на філялёгію. І Аліферка, так бы мовіць, пакрыўдзіўся і паставіў Бяляцкаму ў атэстат за 10 класаў чацвёрку па матэматыцы. Але Алесь на яго не пакрыўдзіўся, ужо будучы дарослым, прыяжджаючы ў Светлагорск, пастаянна наведваў настаўніка матэматыкі.

А вось з паводзінамі ў Алеся былі праблемы. Сястра Вольга ўзгадвае, што амаль на кожнай старонцы дзённіка чырвонымі чарніламі былі напісаныя заўвагі, на якія класная кіраўніца не скупілася: то Алесь сарваў ўрок, то перашкаджаў праводзіць заняткі. А некалькі разоў наагул зводзіў увесь клас з урокаў, за што па паводзінах атрымліваў тлусты кол.

За правіннасці сына бацькоў пастаянна выклікалі ў школу — то да дырэктара, то да класнага кіраўніка. Звычайна «аддувацца» даводзілася бацьку Віктар Усьцінавічу. Яго абавязкам у сям’і было наведваць бацькоўскія сходы ўсіх траіх дзяцей. А паколькі бацька Бяляцкага быў добрым майстрам на ўсе рукі, ён прыбіваў палічкі у класе, рамантаваў паламаныя парты, устаўляў разбітае шкло.

У школьным атэстаце Алеся Бяляцкага было толькі тры чацвёркі, а ўсе астатнія – пяцёркі. Ён без праблем паступіў у Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт на гісторыка-філалагічны факультэт, дзе распачаў літаратузнаўчую і грамадскую дзейнасць. Алесь Бяляцкі ўзгадвае:

«Правучыўся там пяць гадоў. Кампанія ў нас была вельмі цікавая, бо разам са мной вучыліся Анатоль Сыс (на два гады старэйшы), Эдуард Акулін і Сяржук Сыс (аднагрупнікі), Анатоль Казлоў (маладзейшы на год), Вольга Куртаніч і Ліля Плыгаўка. Словам, дастаткова актыўная паэтычная беларуская сябрына.

Менавіта там мы пачалі задумвацца над пытаннямі беларускай мовы, развіцця гісторыі, культуры. Увогуле, над лёсам Беларусі. Аналізаваць, што з гэтага будзе і ў якім мы становішчы знаходзімся. Мяне ўжо тады пачалі хваляваць пытанні нацыянальнай адметнасці, беларушчыны. Я яшчэ пасля дзясятага класа хацеў напісаць ліст у “Известия” ці якую іншую цэнтральную газету пра несправядлівае становішча з беларускай мовай, зрабіў чарнавік на 5 старонак, але не перапісаў і не даслаў. Мо і добра, а то б не бачыць бы тады мне ўніверсітэта, прыйшлося б ісці на “хімдым” да бацькі, гайкі круціць…»

zapraudu.info

31 августа 2012

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета