+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Чаму моладзь не хоча заставацца працаваць у вёсцы?

Днямі адбылась калегія камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Магілёўскага аблвыканкама, якая разгледзела толькі адно пытанне, а менавіта – ход выканання рашэння Магілёўскага аблвыканкама “Аб абласной праграме “Кадры 2011-2015 года” і рашэння аблвыканкама “Аб комплексе мерапрыемстваў па закрапленню кадраў у сельскагаспадарчых арганізацыях вобласці на 2011-2015 гады”.

Па выніках паседжання калегіі работа упраўленняў сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкамаў у рэалізацыі кадравай палітыкі прызнана недастатковай. Абласныя чыноўнікі таксама паведамілі, што прыняты шэраг мер, накіраваных на паляпшэнне працы з кадрамі ўсіх узроўняў. Былі вызначаны таксама асноўныя чыннікі незамацавання маладых спецыялістаў у сельскагаспадарчых арганізацыях:

— нізкі ўзровень сярэдней заработнай платы ў разрэзе сярэдней па гаспадарцы;

— выдзяленне жылля ў неадпаведным стане;

— непрадастаўленне выхадных дзён;

— адсутнасць прамой зацікаўленасці ў маладым спецыялісце з боку кіраўнікоў гаспадарак.

Безумоўна, можна пагадзіцца з усімі гэтымі высновамі чыноўнікаў ад сельскай гаспадаркі Магілёўскай вобласці, аднак нельга не адзначыць, што і тут яны не абыйшліся без долі хітрасці – ну для каго ў нашай краіне з’яўляецца сакрэтам, што “нізкі ўзровень сярэдней заработнай платы ў разрэзе сярэдняй па гаспадарцы” не толькі ў маладых спецыялістаў, а наогул у абсалютнай большасці працаўнікоў вёскі. Працаўнікоў вёскі, нягледзячы на ўсе громкія словы з боку чыноўнікаў ад улады пра росквіт сельскай гаспадаркі ў нашай краіне, па-ранейшаму абдзіраюць, як ліпку, тыя ж перапрацоўшчыкі, ды і бюракраты таксама ў баку не застаюцца.

Калі хтосьці хоча са мной не пагадзіцца, параўнайце,калі ласка, якія заробкі ў працаўнікоў сельскай гаспадаркі і колькі атрымліваюць за сваю працу супрацоўнікі перапрацоўчай галіны і чыноўнікі ад улады. Прычым, думаю, для большасці жыхароў нашага сельскагаспадарчага Бялыніцкага раёна, ды і ўсёй краіны, не з’яўляецца сакрэтам, што праца ў сельскагаспадарчай вытворчасці даволі цяжкая, таму чаргі на працаўладкаванне нават у лепшыя гаспадаркі не назіраецца. Між тым, ужо больш за васямнаццаць гадоў нашы працавітыя ідэолагі распавядаюць байкі пра тое, як добра жывецца селяніну ў “квітнеючай” Беларусі…

Дарэчы, даволі добра распавёў пра тое, чаму адбываюцца ўсе гэтыя працэсы, мой сябар Рыгор Кастусёў у сваім артыкуле “Хто выгодна ўтрымліваць гэтую прорву?”:

“Дык у чым жа прычына? Чаму пры такой масіраванай фінансавай падтрымцы з боку дзяржавы сельская гаспадарка Беларусі па сваіх паказчыках у разы адстае ад еўрапейскіх краін? Чаму пры наяўнасці ў нашай краіне да 0,6 га ворыўных зямель на аднаго чалавека не горшай па якасці чым у астатняй Еўропе, мы ўсё яшчэ вырашаем праблему “харчовай бяспекі”? У той час як Заходняя Еўропа мае праблему збыту прадукцыі сельскай гаспадаркі па прычыне яе перавытворчасці пры наяўнасці ворыўных зямель каля 0,2 га на аднаго жыхара…

Асноўная прычына адсталасці сельскай гаспадаркі Беларусі крыецца ў адсутнасці на зямлі сапраўднага гаспадара, а дакладней — у адсутнасці прыватнай уласнасці на зямлю. За дваццаць год Незалежнасці Беларусі не змянілася сістэма карыстання асноўным нашым багаццем. Да гэтай пары ў нас захавалася ўродлівая савецкая форма гаспадарання на зямлі ў выглядзе “сталінскіх калгасаў”, створаных у 20-40-х гадах мінулага стагоддзя, нягледзячы на тое, якую назву яны маюць зараз і пад якой шыльдай знаходзяцца.

Да гэтай пары ўсімі працэсамі сельскагаспадарчай вытворчасці, ад апрацоўкі глебы да продажу прадукцыі, кіруюць разнастайныя чыноўнікі з кабінетаў рай- , аблупраўленняў, кабінетаў Міністэрства сельскай гаспадаркі. Агульная колькасць чынавенства з кожным годам павялічваецца, пры тым, што колькасць насельніцтва, занятага ў сельскай гаспадарцы Беларусі за апошнія 20 год скарацілася ў 3 разы. У краіне склалася сітуацыя, што нават ні адзін кіраўнік сельгаспрадпрыемства без дазволу “з верху” не мае права прыняць рашэнне аб збыце прадукцыі свайго прадпрыемства.

Гэтыя ж чыноўнікі распараджаюца і фінансавымі сродкамі, выдзяляемымі дзяржавай для інвеставання сяла. І калі ў заходнееўрапейскіх краінах сродкі даходзяць да гаспадара, да чалавека, які ўладарыць і працуе на зямлі, і ўжо ён прымае непасрэдны ўдзел у прыняцці рашэнняў аб іх выкарыстанні, то ў нашай краіне да сельгаспрадпрыемстваў фінансы праходзяць праз грамаднае сіта чынавенства і выкарыстоўваюцца пад кантролем і з дазволу гэтага чынавенства. Пры гэтым, часцей за ўсё, адказнасці за вынікі таго або іншага рашэння чыноўнікі не нясуць. А там, дзе няма адказнасці, узнікае карупцыя. Толькі на будаўніцтве аб’ектаў сельскагаспадарчай вытворчасці, жылля раскрадаецца да 30% фінансавых сродкаў, выдзяляемых з дзяржбюджэту. Гэта ўсё пачынаецца з размяшчэння заказаў на праектаванне аб’ектаў і працягваецца пры прыняцці рашэнняў аб прадастаўленні права на будаўніцтва аб’ектаў, закупцы матэрыялаў, абсталявання, закупцы пагалоўя для напаўнення комплексаў і т.д.

У выніку падобных безадказных рашэнняў мы маем нярэдка выпадкі, што да гэтай пары жыллё, пабудаванае колькі год таму на сяле, стаіць не заселеным. Ёсць прыклады, калі падобныя домікі былі знесены пасля ўвядзення іх у строй, але там ні дня не жылі людзі. Ёсць шмат пытанняў і па размеркаванні падобнага жылля, калі яно ператвараецца ў дачныя дамы для чыноўнікаў, пражываючых у гарадах.

Асноўнай “кармушкай” для чынавенства з’яўляецца магчымасць па размяшчэнню заказаў для закупкі абсталявання, матэрыялаў, семян, нецеляў (для запаўнення комплексаў буйной рагатай жывёлы) за мяжой з умовай разліку валютай”.

Калі сказаць прасцей, нашы паважаныя чыноўнікі прызвычаілісь “піліць бабло”, якое ідзе на падтрымку сельскай гаспадаркі, а іншыя пытанні іх не вельмі хвалююць. Таму і той факт, што цэны на сельгаспрадукцыю па дарозе ад поля да прылаўка ўзрастаюць у разы, камусьці вельмі выгодны. Не сакрэт, што ў шматлікіх беларускіх перапрацоўчых і тарговых прадпрыемствах працуе вельмі шмат дзетак нашых уладных чыноўнікаў, а ім жа трэба добра харчавацца, апранацца і адпачываць…

І моладзь усё гэта выдатна бачыць і разумее. Ну скажыце, навошта маладому чалавеку ісці працаваць у сельскую гаспадарку літаральна за капейкі, не маючы часцяком гарантаваных выхадных, добрых умоў для працы і адпачынку, калі можна з’ехаць у горад і жыць нашмат прасцей і цікавей? Больш за тое, многія бацькі вясковых хлопцаў і дзяўчат самі праўдамі і няпраўдамі выпраўляюць туды сваіх дзяцей, кажучы: “ Мы ўсё жыццё гарбелі ў сельскай гаспадарцы і нічога не нажылі, акрамя хваробаў, няхай хоць нашы дзеці пажывуць, як людзі”.

І, ці можна асуджаць за гэта бацькоў, калі ведаеш, што жыве сапраўды беларуская вёска зусім не так, як пішацца ў ружовых справаздачах чыноўнікаў ад сельскай гаспадаркі і ідэалогіі…

Магчыма, таму і з кожным годам працаваць у сельскай гаспадарцы застаецца ўсё менш людзей. Так, у Бялыніцкім раёне, які лічыцца сельскагаспадарчым, у сельскагаспадарчай галіне ў мінулым 2011 годзе працавала ўсяго 1613 чалавек пры агульнай колькасці насельніцтва ў 21 тысячу…

Яшчэ раз хачу падкрэсліць: навошта маладому чалавеку ісці працаваць у сельскую гаспадарку, калі сярэдні заробак за 9 месяцаў 2012 года ў працаўнікоў сельскагаспадарчай галіны Магілёўскай вобласці склаў толькі 2378,8 млн. рублёў, пры тым, што намінальная налічаная сярэднемесячная заработная плата па Магілёўскай вобласці за адпаведны перыяд склала 3223,5 млн. рублёў.  Як кажа народная мударасць, рыба шукае дзе глыбей, а чалавек – дзе лепш. І зразумела, што маладыя людзі не пойдуць працаваць у вёску толькі дзеля таго, каб паслухаць на “адзіных днях інфармавання насельніцтва” пра тое, як добра яны жывуць у “квінеючай Беларусі” і як клапоцяцца пра сельскую гаспадарку чыноўнікі ад улады. Дзіўна толькі, што, пры такім добрым жыцці працаўнікоў сельскай гаспадаркі, іх колькасць пастаянна зніжаецца, а колькасць “працалюбівых” бюракратаў расце шалёнымі тэмпамі, пра што ўжо загаварыў нават кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка.

Ды і, агітуючы ісці працаваць у сельгаспрадпрыемствы моладзь, штосьці нашы кіраўнікі і чыноўнікі сваіх дзетак на працу ў сельскую гаспадарку не адпраўляюць, усё больш прасоўваюць бліжэй да сябе…

Але чаму тут здзіўляцца, яны-то самі рэальны стан спраў у сельскай гаспадарцы нашай краіны ведаюць выдатна.

Барыс Вырвіч, zapraudu.info

7 декабря 2012

Теги:

Коментарии

  • Живсвет8 декабря 2012 #

    Люди не хотят рабиць — они хотят ТРУДИТЬСЯ! Попробуйте взять землю в частную собственность. Вам дадут самую худшую, самую неплодородную у черта на куличках в болотах и за дурные гроши. Кто же захочет на ней пахать. Знакомый фермер хотел купить остов фермы. Так остатки фермы бульдозерами за ночь с землей сравняли. А так она стояла лет пятнадцать и никому не нужна была. Вот вам и возрождение деревни.

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета