+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Чаму варта павучыцца ў Сьвятланы Алексіевіч

Сёння спаўняецца 70 гадоў нобэлеўскай ляўрэатцы ў галіне літаратуры Сьвятлане Алексіевіч. Старшыня «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч распавядае пра фэномэн вядомай беларускай пісьменніцы.

— Гэта чалавек, які чуе простага чалавека. Гэта вельмі адкрыты чалавек. Для мяне Сьвятлана Алексіевіч — гэта птушка, якая вельмі высока ляціць і ўсё бачыць.

Я думаю, што гэта чалавек-прыклад. Гэта зьява, якая вяртае нас у базавыя каштоўнасьці, якія павінныя спрацоўваць у нашым грамадзтве. Дабро азначае не ўзаемны абмен карыснымі рэчамі, дабро — тады дабро, калі робіцца не для далейшай падзякі, а проста таму, што ты ня можаш не зрабіць гэта.

І Сьвятлана Алексіевіч, як яркі прадстаўнік Беларусі, менавіта такая. Падтрымка часам патрэбная ня толькі ў матэрыяльным выглядзе. Гэта можа быць проста добрае слова, гэта можа быць проста позірк, пытаньне, знаходжаньне побач і салідарнасьць. Гэтага не хапае, хацелася, каб гэтага было больш.

Калісьці Святлана Алексіевіч публічна выказалася ў маю падтрымку як кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі, і гэта была вельмі добрая падтрымка. Калі мы даведаліся, што Сьвятлана стала ляўрэаткай, я была ў Гомельскай вобласьці на сустрэчы зь людзьмі, якія адразу ж вельмі пазытыўна адрэагавалі, бо для тых, хто перажыў Чарнобыльскую катастрофу, Сьвятлана Алексіевіч — знакавая асоба. Яны тут жа папрасілі зьвязацца, патэлефанаваць, перадаць прывітаньне. Памятаю, як я гэта спрабавала зрабіць, данесьці да Сьвятланы… Яна, сапраўды, такі чалавек, якім варта і трэба ганарыцца кожнаму беларусу.

Я прыходзіла да яе ў Інтэлектуальны клюб. Мы асабіста сустракаліся. Для мяне вельмі важна, што яна напісала, паразмаўляўшы з такім шырокім колам людзей… Непаўторнае адчуваньне, калі задаецца простае пытаньне, а на яго няма простых адказаў. І творы Сьвятланы Алексіевіч якраз апрацаваны такім чынам, калі ты задаеш простае пытаньне і атрымліваеш просты адказ. Палітыкі заўжды думаюць пра сьвет нейкімі плынямі, хвалямі, тэндэнцыямі і трэндамі, а на самай справе палітыка — гэта тое, як сябе адчувае просты чалавек тут і цяпер, гэта магчымасьць яго пачуць. І таму для мяне незабыўны досьвед — размовы са Сьвятланай Алексіевіч. Я спадзяюся, што мы і далей будзем падтрымліваць адносіны і мець магчымасьць размаўляць.

Слухаць адзін аднаго і слухаць людзей у першую чаргу — вось чаму трэба вучыцца палітыкам у Святланы Алексіевіч. Гэта майстэрства задаваць пытаньні (прыклад, які прывяла Юлія), якія дазваляюць пачуць разгорнуты адказ і даць магчымасьць чалавеку раскрыць свой пункт гледжаньня, ці праблему, ці пачуцьце. І гэта разуменьне, таму што за кожным словам яшчэ стаіць нейкае дзеяньне, гісторыя, пачуцьці. Калі ты можаш і ўмееш слухаць, ты гэта можаш адчуць. А калі ты знаходзісься ў сытуацыі суадчуваньня, ты больш разумееш сытуацыю і як палітык, больш разумееш, што ты можаш у дадзеным выпадку зрабіць, каб дапамагчы.

Яшчэ можна навучыцца таму, як не «зазьвязьдзіцца». Гэта таксама важна, таму што шмат хто не вытрымлівае выпрабаваньне ўладай, папулярнасьцю, вядомасьцю. Нягледзячы на свае дасягненьні, папулярнасьць і ўплывовасьць, трэба быць як Алексіевіч простымі і адкрытымі ў камунікацыі.

Я хачу пажадаць Сьвятлане Аляксандраўне моцнага-моцнага здароўя, натхненьня. Мне падаецца, што лепшым падарункам было б тое, каб яна змагла свой дзень народзінаў правесьці менавіта так, як яна хоча яго правесьці. І па-другое, я ведаю, што яна працуе над новай кнігай, і каб гэтая кніга пабачыла сьвет у гэты дзень, было б найлепшым падарункам.

«Радыё Свабода»

31 мая 2018

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Мы открыли горячую «антитунеядскую» линию помощи гражданам