+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Чорныя і белыя

На одным з форумаў вочы зачапіліся за тэму пад назвай «Моладзь не слухае беларускіх выканаўцаў». Прачытаў амаль дзве старонкі самых розных меркаванняў. І прыйшоў да высновы: такі слухае моладзь сваё. Адно што многія назвы ці прозвішчы, якія сустрэліся ў тых форумных допісах, не вельмі знаёмыя шырокім колам аматараў музыкі.

Не буду ўжо ў які раз тлумачыць такое становішча існаваннем «чорных спісаў» асобных выканаўцаў. Па вялікаму рахунку, не ў іх нават справа, бо самі спісы — гэта, як ні круці, але ж дадатковая і бясплатная рэклама. Вырашыла ўлада займацца дабрачыннай прамоцыяй — «дзякуй» ёй скажам.

Не буду тлумачыць малую вядомасць многіх айчынных калектываў і выканаўцаў зашоранасцю пераважнай большасці СМІ, найперш эфірных: яны, часта з усяе сілы баронячыся паняткам «фармат» ад усяго новага, арыгінальнага і нечаканага, усяго толькі лішні раз сведчаць уласныя несамастойнасць і залежнасць у выбары ад ідэалагічных, а зусім не мастацкіх установак.

Не буду звяртацца і да свядомасці цяперашняй сістэмы ўлады: зрэшты, яна сама зрабіла ўсё магчымае, каб прыватны бізнэс, у тым ліку і ў галіне музыкі, так і не здолеў цвёрда стаць на ногі, а ў шэрагу выпадкаў набыў такія формы, што іх самы час выстаўляць у якой кунст-камеры на агульную пацеху ўсяго свету.

Прапаную зайсці з іншага боку. А менавіта: паразважаць, а што ж самі тыя з беларускага музычнага андэграўнду выканаўцы зрабілі дзеля таго, каб пра іх ведалі значна больш? І вось тут мы сустракаемся з сістэмай, якая ва ўмовах нашага андэграўнду працуе няхай і не вельмі зладжана, затое дастаткова падобна на тое, як яна працуе ў краінах з развітым і структураваным музычным рынкам. Іншымі словамі, прадукт на выйсці маецца. Які — іншая тэма…

Уявім сабе: некалькі маладых людзей утвараюць калектыў, які пачынае выконваць музыку, далёкую ад канонаў шлягернасці. Робяць некалькі дэма-запісаў, разносяць іх па радыёстанцыях і клубах. Ад першых чуюць знаёмае і чаканае «не фармат», у той час як нейкі клуб (а іх у Мінску наогул адзінкі!) ставіць канцэрт каманды ў расклад. Наступная праблема: як сабраць публіку? На друкаваную рэкламу, радыё грошай у музыкаў, зразумела, няма. Дый часы крыху іншыя: распаўсюд атрымала рэклама праз Інтэрнэт. І публіка прыйшла на канцэрт, пасля заканчэння якога, калі музыка сапраўды захапіла аўдыторыю, да выканаўцаў можа падыйсці чалавек і сказаць нешта такое: «А давайце я папрацую з вамі як дырэктар». Уявім сабе, што справы пайшлі няблага, і неўзабаве шэраг клубных канцэртаў з зусім умоўнымі заробкамі прыводзіць да дэбюту групы на сапраўднай сцэне. У зале месцаў на 300-500. Тут ужо і прэс-канферэнцыю маем напярэдадні, дзве-тры неарганізаваныя нататкі ў не надта тыражных выданнях. І — дзіва! — аншлаг, з паўсотні прададзеных дэбютных дыскаў, запрашэнне на радыёстанцыі, дзе на пытанне музыкаў «Вы ж казалі раней — нефармат» ім могуць адказаць прыблізна так: «Час мінае, мяняюцца і фарматы». Нарэшце, паказ канцэрта па ТБ, тур па абласных гарадах, намінацыя на Нацыянальную музычную прэмію, заяўка на ўдзел у адборы на «Еўрабачанне».

Гэта, зразумела, схема, згодна з якой прабілася «ў людзі» дастаткова шмат айчынных калектываў. Тыя ж, што разваліліся на адной са згаданых стадый, тым не менш утвараюць той «гумус», на якім будзе расці новы музычны «ўраджай». А як жа працуе сістэма ў адносінах да тых, хто і творыць сёння той самы абавязковы 75-працэнтны эфір?

Уявім сабе дзевачку, якая скончыла музшколу па фартэпіяна і якой пашэнціла з пачатковым капіталам (бацькі, спонсар, аматар прыгажосці — назаву яго так). Купляецца некалькі пустых песенек, аплачваецца студыя гуказапісу і рэжысёр кліпаў, пасля намёкаў на зацікаўленасць з боку «сами понимаете каких людей» песенькі тыя ставяцца ў ратацыі на радыё, вялікія інтэрв’ю праплачваюцца ў глянцавых часопісах, дзевачка пачынае з’яўляцца на экране ў якасці вядучай нейкай зноў жа пустой, але зробленай менавіта пад яе тэлепраграмы і — маем новую зорку айчыннай эстрады! Магчыма, да гэтага можна дадаць нават выдадзены альбом, удзел у некалькіх выключна незразумелых канцэртах, сайт, на якім фотаздымкаў больш, чым музыкі, — усё! Больш нічога не патрэбна. І гэта нічога, што такая «зорка» больш не выдасць аніводнага альбому, не ў стане адпрацаваць жыўцом паўтары гадзіны на сольным канцэрце. Яна — зорка, такія дробязі яе не хвалююць!

І вось калі спытацца ў яе бліжэйшага атачэння: а ці ведаюць яе людзі, адказ будзе больш чым упэўнены: канешне. Але, падазраю, калі спытацца мінакоў на вуліцы, вынік будзе куды менш радасны. Чаму?

Той, хто не змагаўся з абставінамі, той, хто не мае патэнцыялу зрабіць сябе самому, той амаль ніколі не будзе мець што сказаць іным. «Артысты», зробленыя шляхам штучнага асемянення, так і застануцца артыстамі з прабіркі, падобнымі да безлічы такіх жа самых інкубатарскіх пеўняў. Затое, яны — у «белых» спісах, аднак гэта не гонар, а сапраўднае кляймо. Яны — у друкаваных і эфірных СМІ, але чытаюць іх і слухаюць толькі там, дзе няма альтэрнатывы ў выглядзе безлімітнага тарыфу. Яны выступаюць у залах для публікі, якая пазяхае, таму прыйшла на канцэрт па квітках, навязаных дзяржаўнаму прадпрыемству «сами знаете кем». Іх мара — пара-тройка фанаграмных карпаратываў штомесяц ды «Славянский базар», дзе яны здолеюць паказацца па дэмпінгавых ганарарах на фоне дакладна такіх жа, але куды больш дарагіх расійскіх «зорак».

Усё гэта я распісаў з адзінай мэтай: паспрабаваць давесці наступнае. Калі б у Беларусі існавалі сапраўдныя ўмовы для вядзення музычнага бізнэсу, калі б у ім маглі працаваць не дырэктары і нават не «сами знаете кто», а прадзюсары, калі б эфірныя СМІ маглі самі вырашаць, каму даваць эфір, а публіка ўласным рублём галасаваць за таго, хто сапраўды варты ўвагі, на нашым музычным рынку шмат бы што змянілася. І моладзь тады б слухала не тых беларускіх выканаўцаў, якіх ёй слухаць дазволілі, а тых, хто насамрэч цікавы і арыгінальны. Але да гэтага Новага году, здаецца, яшчэ далёка…

Музыка: песня «FM» групы «N.R.M.» з альбому «Дом культуры» (2002)

7 января 2012

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Мы открыли горячую «антитунеядскую» линию помощи гражданам