+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Чым займаліся вядомыя беларусы, калі ім было 25?

Артыкулы такога зместу я сам люблю прачытаць на «Форбсе» — мільярдэры, якія сталі багатымі пасля 30.

Ці знакамітасці, якія ў 25 былі нікому невядомыя. Дае надзею і аптымізм. Мне толькі 24 ж, і ўсё яшчэ наперадзе, вунь, маўляў, колькі прыкладаў.

А ці ёсць такія прыклады ў нас? Калі вядомыя беларусы сталі паспяховымі? Чым яны займаліся ў свае 25, напрыклад?

Зміцер Дашкевіч, самы вядомы малады палітык (а цяпер яшчэ і бізнэсовец) краіны, у свае 25 сядзеў у турме.

Зрэшты, ён сядзеў і ў 23 і ў 30. У Беларусі біяграфіі палітычных актывістаў заўжды ўтрымоўваюць радок пра адседкі і арышты. У нас не Аўстрыя, дзе б журналісты зараз маглі лёгка прыводзіць прыклад самага маладога міністра замежных справаў — Себастыяна Курца, якому толькі 26.

А чалавек, які ў значнай ступені стварыў сітуацыю, у якой людзі сядзяць за палітычныя погляды, у свае 25 далучыўся да КПСС, быў адказным сакратаром усесаюзнага аб’яднання «Веды». Праўда, толькі шклоўскага філіяла.

Сяргей Міхалок у свае 24 ужо меў беларускую «Рок-карону» (у 1996 гурт Ляпіс Трубецкі ўзяў тры ўзнагароды з чатырох) і быў папулярны на Радзіме. А ў 25 ён разам з калектывам запісвае альбом «Ты кінула», які прыносіць музыку вядомасць на тэрыторыі ўсяго былога СССР.

Сённяшняя жонка Міхалка, Святлана Зелянкоўская, у 25 была вядомая на ўсю краіну — год таму яна сыграла Настассю Слуцкую ў аднайменным фільме. І ўжо чатыры гады была на сцэне Купалаўскага тэатра, Акадэмію мастацтваў яна скончыла у 21.

У свае 25 год Аляксандр Глеб правёў, бадай, найлепшы сезон у кар’еры. Ён замацаваўся ў складзе лонданскага «Арсенала», выйшаў на поле каля 40 разоў, Адсвяткаваўшы дзень народзінаў у пачатку мая, пры канцы месяца ўпершыню ў гісторыі беларускі паўабаронца бярэ ўдзел у фінале Лігі Чэмпіёнаў. Наступны сезон для Глеба не менш удалы — у складзе адной з найлепшых камандаў свету ён 48 разоў з’яўляецца на полі, забівае і аддае галявыя перадачы.

Беларускі рэпер Сярога ў 25, напэўна, яшчэ і не думаў, што неўзабаве стане мільянерам і нават напіша пра гэта песню. Першы ўдалы трэк у яго выйдзе толькі праз год, а ў 2001 музыка вяртаецца з Нямеччыны ў Беларусь, дзе правёў пяць год у якасці студэнта, і мае цвёрды намер стаць зоркай рэп-музыкі. Адбудзецца гэта праз тры гады, у 2004. Менавіта тады ён выдае альбом, дзе сярод іншага, заспявае пра «Чорны бумер»

У 25 Вітаўта яшчэ не называюць «Вялікім», хоць ён ужо паспеў паваяваць супраць Масковіі і Тэўтонскага ордэна і год паваладарыць на гарадзенскай зямлі. Ягоныя прыгоды з уцёкамі і барацьба за высокія дзяржаўныя пасады пачнецца толькі за сем год.

Барбара Радзівіл у 25 пачала адкрыта сустракацца з Жыгімонтам. У 1545 памерла яго жонка. Яны сустракаліся і раней, адразу пасля знаёмства. Вялікі князь тады зрабіў яе фрэйлінай сваёй жонкі.

Праз два гады, нягледзячы на пярэчанні сваякоў, яны возьмуць шлюб. Скасавання шлюбу будзе дамагацца Сойм, але беспаспяхова. Каранацыя Барбары адбудзецца ў Кракаве, у 1550 годзе.

Далей гісторыя сумная — яна памрэ ўжо наступнай вясною, у страшных пакутах, якія цягнуліся некалькі месяцаў. Кажуць, свякроўка…

Самы вядомы сучасны беларускі паэт ды і палітык Уладзімір Някляеў у 25 вырашае звязаць жыццё з літаратурай. Перад гэтым ён працаваў, скончыў тэхнікум і працаваў сувязістам то ў Сібіры, то на Далёкім Усходзе, то ў мінскім тэлевізійным атэлье. А менавіта ў 1971 ён апынаецца ў Маскве, дзе цэлы год займаецца на аддзяленні паэзіі ў Літаратурным інстытуце.

Пражыўшы два пасляваенныя гады ў Гродне, Быкаў у 25 зноў у шэрагах савецкай арміі, дэмабілізуецца ён толькі праз шэсць год, маючы званне маёра. У 1949 годзе Васіль Быкаў друкуе ў «Гродзенскай праўдзе» адно з сваіх першых апавяданняў, «У баі». Першая публікацыя адбылася, калі Быкаву было 23. Але пра вядомасць казаць зарана, дый сам Васіль Уладзіміравіч адлічвае пачатак сваёй літаратурнай дзейнасці толькі з 1951.

Уладзімір Караткевіч напісаў першы варыянт «Дзікага палявання караля Стаха» у 22. Але канчаткова стаў літаратарам менавіта ў 25. У 1954—56 гг. працуе настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў вёсцы Лесавічы Тарашчанскага раёна Кіеўскай вобласці. Восенню 1955 г. прымае ўдзел у рэспубліканскай нарадзе маладых літаратараў у Мінску, дзе яго вершы атрымліваюць высокую ацэнку. З гэтага ж года пачынаецца перапіска з галоўным рэдактарам часопіса «Полымя», будучым народным паэтам Максімам Танкам.

Віктар Кіслы заснаваў Wargaming яшчэ ў 22. Праўда рэальны поспех анлайн-гульняў, выпусканых кампаніяй, прыйдзе праз дзесяць год, у 2008—2009. А ў 2001, у 25 ён распрацаваў сістэму аптымізацыі паказу рэкламы AdRevolver. Яе прададуць рэкламнай сетцы BlueLithium, а наступны ўладальнік, Yahoo, заплаціць ажно 300 млн $.

Яўген Марозаў, які нарадзіўся ў Салігорску, у свае 25 ужо быў адным з самых запатрабаваных публіцыстаў у ЗША.

На той момант ён паспеў павучыцца ў Баўгарыі і Нямеччыне, быў запрошаным навукоўцам у Стэнфардзе і Джорджтаўне, спікерам канферэнцыі TED.

Юры Зісер у 25 год быў супрацоўнікам заводу «Біяфізпрыбор». Працаваў інжынерам-праграмістам, жыў ва украінскім Львове.

Юрыю Зісеру (справа) тут 25 гадоў.

Вікторыі Азаранка толькі ў гэтым годзе споўнілася 25.

Цяперашні прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч пасля войска працаваў у Мінскводаканале. Туды ён прыйшоў у 23 і затрымаўся на цэлых дзесяць год.

Для параўнання, Джордж Сорас у 25 скончыў вучыцца ў Лонданскай школе эканомікі. А Стыў Джобс распачаў працу ў «Эпле». А Ангела Меркель выйшла на працу ў НДІ хіміі. Але заходнікі вартыя асобнай гаворкі…

Янка Купала да 26 працаваў памочнікам вінакура на бровары — тагачасным гарэлачным заводзіку.

А Кастусь Каліноўскі ў 25 распачаў справу свайго жыцця…

Іван Шыла, «Наша Нiва»

13 ноября 2014

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі