+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Чыноўнікаў пагналі на палі

Еўрарадыё даведалася, што атрымліваюць за сваю працу на палях выканкамаўскія чыноўнікі і якія ў іх нормы “адпрацоўкі”.

Уборачная — справа не толькі найпершай дзяржаўнай важнасці, але і агульнанародная. Дапамагаць гаспадаркам збіраць ураджай выязджаюць школьнікі, настаўнікі, і нават чыноўнікі райвыканкамаў.

Вось толькі ўмовы, на якіх чыноўнікі аказваюць шэфскую дапамогу калгаснікам, у кожным выканкаме розныя. Супрацоўнікі Круглянскага райвыканкама, паводле слоў першага намесніка старшыні Анатоля Шчуплянкова, працавалі бясплатна. Дахаты нават бульбы ці морквы не прывезлі.

Анатоль Шчуплянкоў: “Гэта шэфская дапамога. Тым больш, мы ўбіралі кармавыя карняплоды. Калі б бульбу ці моркву, то пытання няма — імі б аддавалі. А так — кармавых карняплодаў праводзілі ўборку. Але не было такога, каб недзе нехта: “Мы працуем, а вы нам не плаціце”. Такога не было!”

Супрацоўнікі Чавускага райвыканкама, як адзначае намеснік старшыні Анатоль Вінкевіч, зарабілі 40 тысяч рублёў за дзень!

Анатоль Вінкевіч: “Мы аб’яўляем суботнік альбо кажам, што заўтра — на сельгаспрацы. І там: хочаш — грашыма, хочаш… Ну, людзі ў асноўным бралі моркву, буракі, капусту, цыбулю. Хто — бульбу. А вось нашы ўбіралі ў “Светлым шляху” — яны атрымалі за дзень па 40 тысяч. Прычым, з захаваннем, праўда, не 100%, а, здаецца, 75% акладу”.

Некаторыя райвыканкамаўскія супрацоўнікі па сваёй ініцыятыве запісваліся і ездзілі ў выходныя дні на працы па ўборцы льну. Атрымлівалі па 100-120 тысяч.

Чыноўнікі даказваюць Еўрарадыё, што працуюць на свежым паветры з ахвотай.

“Мы людзі гасударавы —нічога страшнага, калі тыдзень-другі паходзяць, свежым паветрам падыхаюць. Ды і фізічныя нагрузкі павінны прысутнічаць”, — смяецца Анатоль Шчуплянкоў. Яго калега з Чавускага райвыканкама гаворыць, што калі ўхіляцца ад працы на свежым паветры, можна застацца без пасады.

Анатоль Вінкевіч: “Хто слаба працуе ці пайшоў у кусты і прагуляў, то ён заўтра можа тут і не працаваць ужо! Калі ён у суботу-нядзелю пайшоў, у свой асабісты час, то гэта яго заробак. А калі мы яго накіравалі, то ён павінен працаваць на полі так, як і тут (у выканкаме — Еўрарадыё) — у поце чала”.

Абодва чыноўнікі ўпэўніваюць, што праца выканкама ад выездаў у палі не церпіць — у кожным аддзеле застаецца хаця б адзін супрацоўнік, які вырашае ўсе пытанні.
Што тычыцца працоўнага імпэта чыноўнікаў, то, па словах бухгалтаркі СВК “Калгас “Антонаўскі”, некаторыя з іх працуюць значна лепш за тых, каго прысылае Цэнтр занятасці на заробкі. Вось толькі, прызнаецца, узровень заробкаў калгаснікаў не ўражвае.

Бухгалтар: “Налічаюць так, як яны напрацавалі — па аб’ёме выкананай працы. Вельмі мала. Нашы людзі, якія працуюць у брыгадзе, яны на пражытачны мінімум не зарабляюць — ім потым далічваюць да пражытачнага мінімума”.

На пытанне Еўрарадыё, ці не варта, каб кожны займаўся сваімі непасрэднымі абавязкамі, чыноўнікі крыўдзяцца. У калгасах пуста, людзей не хапае, узрушана звярнуўся да журналіста Анатоль Вінкевіч. І прыгразіў: “Калі не дапаможам калгаснікам сабраць ураджай, то ў гарадах не будзе чаго есці, а прадпрыемствы стануць”.

28 октября 2011

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі