+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Ці лічыцца беларуская мова на Берасцейшчыне дзяржаўнай?

13 сакавіка на сайце “Нашай Нівы” з’явіўся даволі цікавы дакумент. Гэта дакладная запіска за подпісам намесніцы кіраўніка ўпраўлення справамі аблвыканкама, загадчыцы аддзела па арганізацыйна-метадычнай працы і справаводстве Клімаховіч. Але, адрэсаваная яна не абы каму, а непасрэдна старшыні Брэсцкага аблвыканкама Канстанціну Сумару.

На першы погляд можа падацца, што гэта шэрагавая паперка, якіх у нашым аблвыканкаме кожны дзень пішуцца дзясяткі. Аднак некаторыя радкі з дадзенага афіцыйнага дакумента выклікаюць вялікія пытанні. У прыватнасці, гэта тычыцца статусу беларускай мовы ў нашай дзяржаве, а менавіта: «…принять конкретные меры по недопущению проведения руководителями государственных органов, иных организаций политики принудительной белорусификации и искусственного сокращения использования русского языка в их деятельности», – гаворыцца ў тэксце, які спасылаецца гэтаксама не абы на каго, а на самога “Первого заместителя Главы Администрации Президента Республики Беларусь» А. М.Радзькова.


Даволі цікава, што ж тут маецца на ўвазе. Няўжо на Берасцейшчыне, ды яшчэ ва ўладных кабінетах, нехта асмеліцца па асабістай ініцыятыве прымушаць падначаленых размаўляць па-беларуску? Ці ёсць нейкія канкрэтныя факты “прымусовай беларусіфікацыі”?

Адзінае, што можна ўспомніць адносна такога “прымусу” на Берасцейшчыне, дык гэта тое, што некалькі гадоў таму ў Брэсцкім аблвыканкаме былы кіраўнік аддзела ідэалогіі Аляксандр Рагачук прапаноўваў чыноўнікам раз на тыдзень размаўляць на працы і з наведвальнікамі па-беларуску. Цяпер Рагачук у аблвыканкаме ўжо не працуе, яго прызначылі кіраўніком Адміністрацыі Маскоўскага раёна горада Брэста. Аднак гэта не самае галоўнае.

Адразу пасля азнаямлення з сутнасцю напісанага ў “дакладной” асабіста ў мяне ўзнікла пытанне адносна таго, ці з’яўляецца беларуская мова ў нашай краіне дзяржаўнай?

Як вядома, карані самасвядомасці асобы закладаюцца ў дзяцінстве. І ад таго, на якой мове дзіця пачынае вучыцца размаўляць, у шмат чым залежыць і фармаванне ўсведамлення прыналежнасці асобы да той ці іншай нацыі і нацыянальнай культуры. Сітэмны ж базіс гэтага грунтуецца на традыцыях нацыянальнай педагогікі і, зразумела ж, на мове не толькі як сродку камунікацыі, але і культуры.

Рэтранслятарам апошняга, здавалася б, павінна стаць нацыянальная сістэма адукацыі, аднак ці адпавядае яна дадзеным крытэрыям – мяркуйце самі.

У вобласці ў 2010-2011 гг. на беларускай мове навучалася 39 577 вучняў 1-11класаў, што складае 24,5 адсоткаў ад агульнай колькасці навучэнцаў агульнаадукацыйных школ і школ-інтэрнатаў. Агулам у вобласці з 607 агульнаадукацыйных устаноў навучальны матэр’ял на роднай мове выкладаюць у 334, а гэта складае 55 адсоткаў.

Аднак дадзеную “карціну” псуе той факт, што большасць беларускамоўных вучняў на Берасцейшчыне з’яўляюцца навучэнцамі вясковых, малакамплектных школ, якія да таго ж кожны год яшчэ і скарачаюцца. Прынамсі, у самым абласным цэнтры да нядаўняга часу існавала толькі адзіная навучальная ўстанова з беларускай мовай выкладання – гімназія № 3. А ў мінулым навучальным годзе ў Брэсце з’явіўся толькі адзін беларускамоўны клас на базе пачатковай агульнаадукацыйнай школы № 34.


Не ведаю, можа менавіта тое, што ў Брэсце з’яўляюцца новыя класы з беларускай мовай выкладання, і мелася на ўвазе ў дадзенай афіцыйнай паперы пад «политикой принудительной белорусификации»?

Вось як каментуе гэтую сітуацыю кандыдат педагагічных навук, былы першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, давераная асоба Уладзіміра Някляева на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года Мікалай Коўш:

– У пісьме, якое было надрукавана, нічога дзіўнага ці нечаканага няма. Кіруючы рэжым на практыцы ажыццяўляе палітыку русіфікацыі грамадскага жыцця. Аснова развіцця роднай мовы і культуры – сістэма адукацыі. Ад дзіцячага садка да вышэйшых навучальных устаноў, аспірантуры і дактурантуры. У дзіцячым садку і агульнаадукацыйнай школе павінны закладвацца асновы роднай мовы і культуры. Калі справы з беларускамоўнымі класамі так пойдуць і далей, то гадоў праз 15 мы занясём апошняга вучня беларускамоўнай школы у «Чырвоную кнігу». Па вышэйшым навучальным установам гэта ўжо дасягнута. Што тут казаць, калі ў прынятым нашым «парламентам» Кодэксе аб адукацыі адсутнічае дэклараваная ў раней дзеючым Законе аб адукацыі палажэнне аб нацыянальна-культурнай аснове адукацыйнай палітыкі?

Нельга не пагадзіцца з Мікалаем Канстанцінавічам. У рэшце рэшт, менавіта толькі мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а не чыноўнікі (няважна якой велічыні ці рангу), маем права вырашаць – ці будзе калі-небудзь занесена ў так званую “Чырвоную Кнігу” імя апошняга беларускамоўнага навучэнца агульнаадукацыйных школ Беларусі.

І, цалкам верагодна, што гэта будзе нехта з нашых дзяцей…

Аляксандр Ахмач (інфаграфіка TUT.by)

14 марта 2012

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі