+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Ці проста звычайнаму чалавеку знайсці праўду?

У грамадскую прыёмную «Гавары праўду» звярнулася жыхарка Шаркаўшчыны Анфія Далецкая, якая  каторы год запар не можа знайсці справядлівасці у зямельнай спрэчцы з суседам Яўгенам Лысёнкам.

На першы погляд, нічога складанага і вартага ўвагі ў той справе няма. Людзі, як гэта часта бывае, не могуць падзяліць уласнасць. Ёсць тэхпашпарт, дзе ўказаныя межы ўчастка, з аднаго боку ўчастка пракапаны роў, бяры ад яго і мерай… Тут і школьнік бы справіўся…

Але не ўсё так проста. Справа ў тым, што сусед Яўген Фёдаравіч працуе дырэктарам Шаркаўшчынскай аўтабазы.  Начальнік у наш час амаль заўсёды мае рацыю… А што рабіць простаму чалавеку, да каго звяртацца – трэба яшчэ і падумаць. Вось Анфія Далецкая і вырашыла  нарэшце звярнуцца ў грамадскую прыёмную, пасля доўгіх “разборак” з удзелам дзяржаўных структур.

Пачатак канфлікту сягае ў 2001 год, калі Анфія Далецкая набыла ў Клаўдзіі Табола дом з зямельным участкам 0,179 га ў пасёлку Шаркаўшчына па вуліцы Гагарына, 3. І калі з суседам дома № 5, з якім яе ўчасткак дзеліць роў, у Анфіі Нікандраўны канфліктаў няма, то адносіны з суседам дома № 1 добрасуседскімі ніяк не назавеш.

Як распавядае спадарыня Далецкая, у папярэдняй гаспадыні спачатку не было плата з боку ўчастка Лысёнка. Потым, калі яна заўважыла, што сусед з кожным годам прыворвае сабе зямлі, яна паставіла плот. Плот яна паставіла на вока.

Новую ж гаспадыню Яўген Лысёнак прымусіў прыбраць пладова-ягадныя насаджэнні з межаў участка, пасля запатрабаваў прыбраць і альтанку. Калі ж гаспадыня згодна з тэхпашпартам перамерыла свой участак, яна ўбачыла, што сусед перасунуў граніцу на некалькі метраў. Паколькі вырашыць пытанне мірным шляхам не ўдалося, Анфія Далецкая падала матэрыялы ў суд.

Спачатку суд прыняў рашэнне на карысць Яўгена Лысёнка. Адвакат Далецкай гэта рашэнне абскардзіла, але скаргу падала са спазненнем. Як лічыць спадарыня Далецкая, зрабіла яна гэта адмыслова. “Я не юрыст, усіх гэтых тонкасцей не ведаю, я ж наняла адваката, заплаціла ёй грошы, даверылася ёй, а яна не падала гэту скаргу ў тэрмін,” – кажа жанчына. Праўда, тэрмін абскарджвання ёй прадоўжылі і наступны суд, што праходзіў у Паставах, прыняў рашэнне на карысць Далецкай. Яўген Лысёнак у сваю чаргу з яго рашэннем не пагадзіўся і аспрэчыў яго  з прычыны таго, што Далецкая не выканала тэрміны абскарджвання. І новы, ужо трэці па ліку, суд ён выйграў.

Дарэчы, у ходзе судовых разборак высветлілася, што суседу ў свой час выдзелелі 8 сотак зямлі, падаткі ж ён плаціў за дзесяць. Карыстаўся ж сямнаццаццю…

Апошні суд вырашыў, што граніцу ўчастка трэба праводзіць па мяжы, якая фактычна склалася. Больш за тое, камісія з райвыканкама вызначыла, што гэта сусед з другога боку “адхапіў” у Далецкай амаль 6 метраў зямлі. Гэта вельмі недарэчна, бо паміж імі больш за сорак гадоў пракапаны роў, які і служыць мяжой участка.

Анфія Нікандраўна паказвае ёмістую тэчку перапіскі з чыноўнікамі рознага ўзроўню. «Якія адказы пішуць?! Дзе простаму чалавеку знайсці праўду? Усё за грошы, усё па сувязях! Нас проста затопчуць!» – усклікае жанчына. «Цяпер мне не працягваюць тэрмін абскарджвання суда, яны пішуць, што я згубіла месячны тэрмін. Але мне ж у рашэнні суда не былі ўказаныя тэрміны абскарджвання, а я ж не юрыст. А мой адвакат прыняў бок адказчыка, і, думаю, спецыяльна тэрміны абскарджвання былі ўпушчаныя. Атрымліваецца, калі ты хоць трохі нейкі начальнік, то і закон табе не пісаны», – кажа жанчына.

Жанчына кажа, што паказала суседу свой тэхпашпарт і папрасіла яго паказаць у сваю чаргу свой. Ён гэта зрабіць адмовіўся. Ёй удалося ў судзе ўзяць копію, але Пастаўскі раённы суд, які пасля прымаў рашэнне па гэтай справе, даў заключэнне, што копія з копіі дакумента не з’яўляецца доказам. Прадаставіць жа арыгінал спадарыні Далецкай у зямельнай службе Шаркаўшчынскага раёна адмаўляюць, матывуючы гэта тым, што гэта сакрэтныя звесткі. І гэта ў век Інтэрнэту, калі на Гугле можна знайсці здымак любога ўчастка планеты!

Далей у вырашэнні суда напісана, што «Лысенак з 18 сакавіка 1976 года, гэта значыць больш за 15 гадоў, добрасумленна, адкрыта і бесперапынна валодае сваім зямельным участкам у межах, што фактычна склаліся і вызначаныя ў працэсе карыстання…» Спадарыня Далецкая вельмі абураная такой фармулёўкай, бо сусед жа не плаціў падатку за ўсю плошчу, якой карыстаўся. Дык якое ж гэта добрасумленнае валоданне! Фактычна за спрэчную тэрыторыю падатак плаціла яна.

У свой час яна дамаглася прыёму ў кіраўніка вобласці Аляксандра Косінца. Ён загадаў падначаленым вырашыць яе пытанне. Але яму далі адпіску, быццам бы Далецкая згодная з высновамі камісіі. Па словах жанчыны, Косінца падначаленыя проста падманулі. «А больш ужо мяне да Косінца не дапускаюць, кажуць, раз трапіла і досыць, іншага разу не будзе, – скардзіцца Анфія Нікандраўна, – ды і ў судзе пытанні задавалі толькі мне, у Лысёнка суддзя толькі спытала, чаму вы за столькі гадоў не знайшлі магчымасці ўзаконіць свой участак?»

Па словах Далецкай, пасля прыезду абласнога начальства сусед прапаноўваў купіць у яе спрэчную тэрыторыю, але яна адмовілася. «Значыць, закон на маім баку, але вось толькі як дамагчыся яго выканання?»

Зараз спадарыня Далецкая дабіваецца, каб ёй прадоўжылі тэрмін абскарджвання, але пакуль безвынікова. Нядаўна Анфія Нікандраўна атрымала чарговую адпіску з абласной пракуратуры. Па яе словах, напісаная яна як пад капірку з папярэдніх. Яна ўжо амаль не спадзяецца знайсці праўду, але здавацца пакуль не збіраецца. “У свой час кіраўнік краіны прыйшоў да ўлады як абаронца правоў простых грамадзян, няўжо зараз ён пра нас забыўся”, – з горыччу ўсклікае жанчына.

На дадзены момант жанчына спадзяецца на шырокую агалоску гэтай справы, можа толькі пры такіх умовах ёй будзе лягчэй дабівацца праўды пры размовах і перапісцы з чыноўнікамі, а таксама ў судзе.

zapraudu.info

21 мая 2012

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі