+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Дастукацца да еўрапейцаў

«Еўрапейская салідарнасць з Беларуссю» – такі дзесяцідзённы візіт па гарадах Еўропы здзейснілі каардынатар кампаніі «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч і музыка Зміцер Вайцюшкевіч. 9-19 мая палітык і бард праехаліся па васьмі гарадах Еўропы, каб проста расказаць і еўрапейцам, і беларусам у выгнанні пра тое, што сёння робіцца на Беларусі.

Расказвае Зміцер Вайцюшкевіч:

– Гэты праект задумваўся яшчэ ў мінулым годзе на фоне ўсіх рэпрэсіўных падзеяў. Але і дагэтуль не страціў сваю актуальнасць: «чорныя спісы» музыкаў, палітвязні, грамадзянскія і палітычныя акцыі падаўляюцца. Трэба знайсці спосаб увесці ў вушы людзей, якіям неабыякавая Беларусь, усю праўду пра краіну. Мы хацелі, каб Еўропа не забывалася на Беларусь. Штодня затрымліваюць дэмакратычных актывістаў і кожную хвіліну актывісты пад пагрозай у любы момант апынуцца за кратамі. І гэты праект арыентаваўся на простых еўрапейскіх грамадзян – не на палітыкаў, якія даўно займаюцца беларускай праблемай, за што ім вялікі дзякуй, што падтрымліваюць грамадзянскія палітычныя ініцыятывы. Але мы хацелі дастукацца да простых еўрапейскіх грамадзян, якія, магчыма, не ведаюць, што ў іх ёсць такі сусед. Ці, наадварот, ведаюць, але думаюць, што беларусы нявартыя іхняй увагі.
Таццяна Караткевіч і Зміцер Вайцюшкевіч правялі восем сустрэч: у Вільнюсе, Варшаве, Кракаве, Берліне, Амстэрдаме, Вене, Брно і Празе.

– Кальцом салідарнасці мы праехаліся цягам 10 дзён. Мы ехалі на машыне з лозунгам «Еўрапейская салідарнасць з Беларуссю», нашай сімволікай, з партрэтамі палітвязняў – былых і цяперашніх. Каб не толькі на сустрэчах гаварыць пар Беларусь – каб вока еўрапейцаў чаплялі беларускія праблемы нават візуальна, – кажа Таццяна Караткевіч.

Зміцер Вайцюшкевіч выступаў у звыкала-нязвыклай іпастасі спікера:

– З другога боку, усе ведаюць, што людзей б’юць, людзей садзяць, людзей не выпускаюць, іхнія сем’і галадаюць, ці няма чалавека, які б прыносіў зарплату… Да «чорнага спісу» прывыкаеш. Таму канцэнтруешся на творчых момантах, на заканчэнні польскага альбому, на іншых запісах, на глабальных праектах, звязаных з наступным годам, паўстаннем Каліноўскага – тое, што не дае заганяцца. Падпольнымі, непадпольнымі канцэртамі… Непадпольныя можна праводзіць толькі вакол Беларусі. Па суседзях, у прынцыпе, я ездзіў ва ўсе часы, таму ў мяне няма патрэбы шукаць нейкіх партнёраў. Я не суперзорка, не Эрык Клэптан, але на мае канцэрты прыходзілі тысячы…

– У часе гэтай паездкі я выступаў у якасці не толькі музыкі – а спікера, грамадскага дзеяча, палітыка. Для нашых рэаліяў гэта звыкла – музыка ў ролі палітыка. Хочаш дзіця аддаць у беларускамоўны садок – цябе адразу пераводзяць у разрад палітыкаў, запісваюць у бэнээфаўцы. Хочаш нармальнай каўбасы – гэта палітыка. І цябе адразу пазбаўляюць права на прафесію, – адзначае бард.

Па словах музыкі, «асноўная задача наша была – інфармаванне людзей, якія не толькі жывуць у Еўропе, але і беларусаў, якія былі на сустрэчах, на канцэртах, на дыскусіях».

– Мой асабісты здабытак – я зразумеў, шо такое Еўропа, што такое дарогі, што такое людзі. Адзін з вынікаў нашай пездкі – мы нагадалі ім: тое, што яны маюць, гэта вялікая каштоўнасць. А мы да гэтага яшчэ павінны прыйсці. Хоць у еўрапейцаў многа сваіх праблем – ім таксама цікавая Беларусь. Мы размаўлялі з «Міжнароднай амністыяй» і прыйшлі да высновы: дэмакратыя і парвы чалавека – гэта вельмі проста, іх проста трэба выконваць, – кажа Зміцер Вайцюшкевіч.

Сустрэчы арганізоўваліся на партнёрскім узроўні – у кожным горадзе ўдзельнікі паездкі шукалі партнёраў, якія былі б зацікаўлены ў парвядзенні такіх сустрэч, а з другога боку, каб было ненакладна ў фінансавым плане.

Таццяна Караткевіч:

– Безумоўна, мы карысталіся і сувязямі з беларусамі ў эміграцыі. У Вільнюсе сустрэча праходзіла ў Аб’яднаным беларускім доме, кіраўніком якога з’яўляецца Алег Мяцеліца. На кожнай сустрэчы прысутнічалі як літоўцы, так і беларусы ў выгнанні. І гэта было вельмі сімвалічна. Прыехалі два чалавекі, якія былі на Плошчы, сёння актыўна дзейнічаюць у Беларусі, займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, якія абмежаваныя ў сваіх правах. Жывая гісторыя, што называецца. І ў той жа час – беларусы, якія крыху адарваліся ад беларускай рэчаіснасці, – для іх наш прыезд стаўся яшчэ адным стымулам акрыяць крыху, весці дыялогі пра Беларусь са сваімі заходнімік калегамі.

У Варшаве сустрэча праходзіла ў клубе сацыял-дэмакратычнай моладзі пры сацыял-дэмакратычным універсітэце.

– Мы паўсюль расказвалі пра палітвязняў, пра “чорныя спісы” музыкаў, што беларускай культуры сёння не даюць развівацца, – кажа Таццяна. – Калі ты размаўляеш па-беларуску, носіш беларускую сімволіку, спяваеш па-беларуску – за гэта цябе выкідваюць за рысу публічнасці, актыўнасці. У нас з сабой быў яшчэ відэафільм – інтэрв’ю з цяперашнімі актывістамі, палітыкамі, якія таксма гаварылі пра еўрапейскую салідарнасць. Якая нам патрэбна салідарнасць? У цябе ёсць сусед, які дрэнна жыве, дрэнна працуе, не глядзіць за сваімі дзецьмі. Калі яго не чапаць – ён і далей будзе гэтак існаваць. Але нармальны сусед абавязкова абурыцца: як ты жывеш? І такім чынам мы спрабавалі абудзіць інтарэс у звычайных еўрапейцаў да Беларусі.

На кожную сустрэчу прыходзілі ад 20 да 100 чалавек.

– У горадзе Брно мы ўвогуле патрапілі на фестываль. Там было многа чэшскай моладзі, якая праяўляла досыць вялікі інтарэс да беларускай культуры. Яны чыталі вядомых беларускіх сцэнарыстаў самі, перакладалі на чэшскую мову і чыталі, – адзначае Таццяна Караткевіч. – У Берліне мы таксама патрапілі на фестываль палітычнага арту «Біенале».

Таццяна Караткевіч і Зміцер Вайцюшкевіч запісвалі свае сустрэчы, размовы на відэа, прасілі еўрайпецаў выказацца пра тое, што яны думаюць пра Беларусь, чаго яны жадаюць беларусам.

Сяргей Белагорцаў

14 июня 2012

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета