+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

#дмитриев2020: прэзыдэнцкія выбары могуць быць і ў 2018-м, і ў 2023 годзе

Карыстальнікі сацсетак пачалі зьвяртаць увагу на хэштэгі #дмитриев2020 і #dmitriev2020. Яго ў свае допісы дадае лідэр кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў.

Паводле цяперашняга заканадаўства, у 2020 годзе ў Беларусі маюць адбыцца прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары. Андрэй Дзьмітрыеў жа пачаў выкарыстоўваць хэштэг пасьля парлямэнцкіх выбараў 2016 году, на якіх кандыдатамі ў дэпутаты ішоў як ён, так і ягоная паплечніца, кандыдатка ў прэзыдэнты на выбарах 2015 году Тацяна Караткевіч. Але Караткевіч выкарыстоўвала адпаведны хэштэг толькі пару разоў, не карысталася ім з кастрычніка 2016 году.

Ці значыць гэта, што ад «Гавары праўду» ўжо выбраны кандыдат у прэзыдэнты?

«Гэта мая праца на будучыню, але ёсьць пляны наконт мяне ці няма, я пакуль не камэнтую, — кажа Дзьмітрыеў Свабодзе. — Безумоўна, кампанія „Гавары праўду“ зьбіраецца ўдзельнічаць у выбарах і выстаўляць свайго кандыдата.

Іншая справа, калі гэтыя выбары будуць: у 2018-м датэрміновыя, у 2020-м ці ў 2023-м… Паглядзім! Бо ёсьць вялікая верагоднасьць, што ў 2018 годзе будзе рэфэрэндум, які зьменіць Канстытуцыю (гэтага не выключала таксама старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. — РС.). Мы цяпер бачым шмат крокаў, якія дзеля гэтага робяцца.

І тая фраза пра „па пяцьсот“, што трэба наганяць заробак, і тое, што парлямэнцкія слуханьні пра сьмяротнае пакараньне хочуць правесьці ў студзені наступнага году… Усё да таго ідзе, каб потым сказаць: вось вам заробак палепшылі, усё зрабілі, і вось рэфэрэндум, дзе будзе новая рэдакцыя Канстытуцыі, дзе будуць падоўжаныя ў тым ліку паўнамоцтвы ўлады.

Пасьля гэтага ёсьць некалькі сцэнароў, якія сёньня, як мы ведаем, прапрацоўваюцца ва ўладзе. Першы — прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары адразу ў 2018 годзе з новай Канстытуцыяй, другі — аднясеньне выбараў да 2023 году, пачнуць тэрмін сем гадоў лічыць зь 2015 году. Таму мы рыхтуемся да ўдзелу, але паглядзім, бо істотна могуць быць зьмененыя ўмовы гэтага ўдзелу».

У Беларусі можна балятавацца ў прэзыдэнты ва ўзросьце ад 35 гадоў. Дзьмітрыеў дасягнуў такога ўзросту 12 траўня 2016 году — на прэзыдэнцкія выбары ў 2015-м ён яшчэ ня мог пайсьці.

«Радыё Свабода»

13 февраля 2017

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета