+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

ДЗЕНЬ БЫКАВА. У.Някляеў: «Мы жывем не ў час Лукашэнкі, а ў Быкаўскі час»

19 чэрвеня – 89 гадоў са дня нараджэння Васіля Быкава, нашага класіка і сучасніка.

На ўсю Беларусь – адна вуліца ў пасёлку
«Сёння — Дзень Быкава, — нагадвае “Наша ніва”. — Творца, якога называлі “сумленнем нацыі”, рэзка выступаў супраць узмацнення аўтарытарызму ў краіне і за гэта яго шальмавала афіцыйная прапаганда. Апошнія гады жыцця Васіль Быкаў пражыў у Фінляндыі і Чэхіі, і толькі перад самым сконам вярнуўся ў Беларусь. Памёр пісьменнік у 2003 годзе ў анкалагічнай больніцы ў Бараўлянах.

Сімвалічна, што Быкаў, які найлепшыя свае творы прысвяціў тэме Другой сусветнай вайны, адышоў з гэтага свету 22 чэрвеня — у дзень, калі немцы напалі на Савецкі Саюз.

Васіль Быкаў пахаваны на Ўсходніх могілках Мінска. Пахаванне Народнага пісьменіка ператварылася ў шматтысячнае жалобнае шэсце па праспекце Незалежнасці.

Дагэтуль у Беларусі імем Васіля Быкава названая толькі адна вуліца — у пасёлку Ждановічы пад Мінскам. Хоць грамадскасць Мінска, Гродна, Салігорска і іншых гарадоў не раз звярталася да гарадскіх уладаў з прапановай ушанаваць памяць пісьменніка».

«Нам пашчасціла жыць у Быкаўскія часы»
Зараз усе кажуць: кепскі час – час Лукашэнкі. Няпраўда! Гэта Быкаўскі час. Таму што, як Быкаў — праз драмы свае, трагедыі, праз вайну, праз перашкоды, праз спакусы (славай, дарэчы, не меншае выпрабаванне, чым выпрабаванне пакутамі) — ішоў доўгай-доўгай дарогай да самога сябе. І дайшоў. Гэтак і Беларусь у гэтым часе ідзе не лукашэнкаўскай дарогай, а насуперак Лукашэнку і створанаму ім часу, яна ідзе дарогай Быкава да самой сябе, — сказаў лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», паэт Уладзімір Някляеў у інтэрв’ю радыё «Рацыя».


 Беларусь, насуперак усім выпрабаванням, ідзе шляхам, які паказаў менавіта Васіль Быкаў. Асноўная частка гэтага шляху ўжо пройдзена. Як у герояў Васіля Быкава, застаюцца апошнія тры крокі перад рашучай атакай.

Нам усім пашчасціла жыць у Быкаўскія часы. І так яны і будуць узгадвацца ў гісторыі.

«Ганарымся быць паслядоўнікамі Быкава»
«У Беларусі на афіцыйным узроўне не актуалізуецца сам Васіль Быкаў, яго характар, стасункі з людзьмі, яго штодзённая праца. Інфармацыя пра яго падаецца дазіравана і выбарачна, — адзначае каардынатар кампаніі “Гавары праўду” па Гарадзенскай вобласці Дзмітрый Бандарчук. — Таму гісторыкі, краязнаўцы, ды і проста неабыякавыя гарадзенцы пры падтрымцы грамадскай арганізацыі “Гавары праўду” кожны год нагадваюць пра гарадзенскія адрасы Васіля Быкава. Каля некаторых дамоў, дзе жыў пісьменнік, усталёўваюцца памятныя шыльды.

Гэта натуральна, што людзі ганарацца тым, што жывуць у адзін час ці ў адным месцы са славутымі асобамі. Васіль Быкаў для Гародні – адзін з самых знакамітых і таленавітых людзей, вядомы ва усім свеце. Але для нас важна і тое, што ў любыя часы і на розных пасадах для Быкава галоўнымі рэчамі па жыцці былі людзі і праўда. І мы ганарымся быць яго паслядоўнікамі па жыцці».

Гародня – гэта горад, які «гэтак грунтоўна і на шмат год прычыніўся да майго чалавечага лёсу» (В.Быкаў, «Доўгая дарога дадому»). І калі няма магчымасці або жадання ўтрымліваць у нармальным стане музей Васіля Быкава, ці назваць вуліцу ў яго гонар, то застаецца праз «неафіцыйную» мемарыялізацыю ўшаноўваць памяць пра пісьменніка і яго жыццё ў Гародні.

Нагадаем, што у 2010 годзе у Гародні было сабрана больш за 7 тысяч подпісаў гарадзенцаў за тое, каб назваць адну з цэнтральных вуліц у гонар Васіля Быкава. А у 2011 годзе прэмію «За свабоду думкі» Уладзімір Някляеў ахвяраваў музею пісьменніка ў Гародні.

zapraudu.info 

19 июня 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Мы открыли горячую «антитунеядскую» линию помощи гражданам