+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Дзень Волі: мітынг і шэсце ў Мінску

Збор удзельнікаў святкавання 95-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі пачаўся а 12.00 на пляцоўцы перад кінатэатрам «Кастрычнік» (ст.м. Акадэмія Навук).

Пасля — шэсце ў Парк дружбы народаў і святочны мітынг.

Напярэдадні арганізатары заклікалі ўдзельнікаў прыносіць з сабой нацыянальныя сцягі. Мерапрыемства дазволенае Мінгарвыканкамам.

Анлайн-рэпартаж

14.20

Мітынг скончыўся. Людзі разыходзяцца.

14.17

Віталь Рымашэўскі абвясціў, што ад міліцыі паступіла інфармацыя, нібыта пасля акцыі будуць затрымліваць тых, хто нёс плакаты. Ён папрасіў усіх здаць плакаты аргкамітэту.

14.15

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька заклікаў процістаяць наменклатурнай прыватызацыі: «Іначай у адзін цудоўны дзень прачнёмся — а ўсё вакол належыць кітайскім камуністам і расійскім алігархам». Таксама ён прыгадаў, як два гады таму на Дзень Волі «лавіў промні сонца» ва ўнутраным дворыку турмы КДБ. І заклікаў не забывацца пра палітвязняў.

14.08

Першым выступіў лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Ён адзначыў, што тэма барацьбы за незалежнасць, як і 95 гадоў таму, актуальная. Казаў пра ўзмацненне расійскай экспансіі, страту ключавых беларускіх прадпрыемстваў: «Улада прадала Белтрансгаз, рыхтуецца прадаць Гродна-Азот і МАЗ».

Пасля прамаўляў Дзяніс Садоўскі з БХД. Ён заводзіць прысутных лозунгамі «Сыходзь!» і «Жыве Беларусь!» У натоўпе, сярод слухачоў, стаяць лідар Руху за Свабоду Аляксандр Мілінкевіч і старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

                          14.02


 

У парку праз некалькі хвілін пачнецца мітынг. Прамаўляць будуць у мегафон — іншай гукаўзмацняльнай тэхнікі няма.

                      13.40

Шэсце падыходзіць да пляцоўкі ў Парку дружбы народаў, дзе мае адбыцца мітынг. Людзей застаецца ўсё меней: сярод прычынаў — і мокрая дарога, і нежаданне мітынгаваць на «сабачай пляцоўцы».

13.38

…А тым часам у Парку дружбы народаў.

 

13.32

Затрыманага па дарозе ў Мінск полацкага актывіста аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) непаўналетняга Уладзіміра Капелькіна адпусцілі.

Як паведаміла БелаПАН каардынатар аргкамітэта БХД па Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец, каля трох гадзін Капелькіна пратрымалі ў Полацкім РАУС, а затым адпусцілі, прычым без выкліку ў міліцыю бацькоў.

Уладзімір Капелькін, якому праз 10 дзён споўніцца 18 гадоў, раніцай 24 сакавіка ехаў з Полацка ў Мінск. Маршрутнае таксі, у якім ён знаходзіўся, на выездзе з Полацка спынілі. Затрыманне Капелькіна патлумачылі тым, што ён, будучы непаўналетнім, сабраўся ў далёкую паездку без бацькоў.

13.18

Каля гандлёвага цэнтра «Еўропа» сталі маладафронтаўцы з метровымі каляровымі плакатамі. На іх — здымкі беларускіх палітвязняў — Дашкевіча, Севярынца, Лобава і іншых, а таксама лозунг «Наступны Дзень Волі — на волі». сярод тых, хто трымае плакаты, ёсць Наста Палажанка, жонка палітвязня Змітра Дашкевіча.

13.15

Над калонай успыхнулі феерверкі. Людзі крычаць «Ура!» Галава калоны мінула скрыжаванне з вул. Куйбышава, хвост толькі адыходзіць ад скрыжавання з вул. Якуба Коласа

13.05

Затрыманую каля гадзіны таму відэааператарку НН Таццяну Гаўрыльчык выпусцілі з міліцэйскага апорнага пункта. Як паведаміла журналістка, прычынай затрымання было тое, што яна здымала на відэа міліцыянтаў у падземным пераходзе. Разабраўшыся, яе адпусцілі.

12.59 

Галава калоны набліжаецца да скрыжавання з вуліцай Куйбышава. Ходнік вузкі, людзі ідуць па расчышчанай дарожцы між снежнымі гурбамі, таму калона моцна расцягнутая. Паводле ацэнак удзельнікаў, людзей сёлета, нягледячы на мароз, не меней, чым было летась.

12.38

Шэсце скіравалі па левым баку вуліцы Сурганава, а не па правым, як было ўсе мінулыя гады. Тут заўважна вузейшы тратуар. Людзі скандуюць «Жыве Беларусь!» і «Свабоду палітвязням!»

12.35

Шэсце, у якім бяруць удзел некалькі тысяч чалавек, падышло да скрыжавання праспекта Незалежнасці і вул. Сурганава. У галаве шэсця ідзе былы палітвязень Васіль Парфянкоў. Людзі ў першым шэрагу трымаюць партрэты палітвязняў і зніклых палітыкаў. Арганізатары сёлета вырабілі і раздалі шмат постэраў з партрэтамі палітвязняў.

12.28

Шэсце рушыла ў бок вуліцы Сурганава. Наперадзе нясуць два вялікія сцягі — бел-чырвона-белы і БХД.

12.16

На пляцоўцы перад «Кастрычнікам» пачалі скандаваць «Жыве Беларусь!»

12.10 

У пераходзе ля Акадэміі Навук затрыманая відэааператарка НН Таццяна Гаўрыльчык, яна знаходзіцца ў апорным пункце на станцыі метро.

12.08 

Узнятыя ўжо дзясяткі сцягоў. Сярод удзельнікаў многа моладзі. Людзі добра падрыхтаваліся да марознага надвор’я, яны цёпла апранутыя. Моладзь прынесла з сабой тамтамы, іншыя музычныя інструменты. Багата людзей прыйшло ў бел-чырвона-белыхшаліках.

Заўважаныя між прысутнымі пісьменнік Павал Касцюкевіч, мовазнавец Зміцер Саўка, скульптар Генік Лойка, палітыкі Андрэй Дзмітрыеў і Валерый Фралоў.

12.07

На пляцы з’явіліся старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, экс-кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў, журналіст Уладзімір Халіп, бацька Ірыны Халіп.

12.06

Амаль ніхтоо з удзельнікаў акцыі не пайшоў у загарадку з турнікетаў, паведамляе карэспандэнт НН. Большасць групуецца на тратуары між турнікетамі і праезнай часткай праспекта.

12.04

Cярод прысутных збіраюць подпісы за помнік Каліноўскаму ў Мінску. Ініцыятары збору на чале з актывістам Алегам Корбанам трымаюць плакаты Мінску — помнік Каліноўскаму», «Шануйце памяць продкаў».

11.59

Рушыць у Парк дружбы народаў шэсце мае каля 12.30.

11.49

Сцягі ўздымаюцца — бел-чырвона-белыя, БХД, «Еўрапейскай Беларусі».

На месцы збору ўжо ёсць кіраўнік Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сустаршыня БХД і экс-кандыдату прэзідэнты Віталь Рымашэўскі,ветэран-фронтавец Лявон Баршчэўскі, легендарны праваабаронца Валерый Шчукін.

Багата «асобаў у цывільным» і відэааператараў спецслужбаў.

11.43

На пляцоўцы каля «Кастрычніка» ўжо каля 300 чалавек. Узняўся першы сцяг. Людзі працягваюць далучацца.

11.35

Побач з «Кастрычнікам» з’явіліся першыя ўдзельнікі Дня Волі.

 

 

 

11.22

Удзельнікаў святкавання ўсярэдзіне «перыметра» пакуль няма.

11.15

Пляцоўка каля кінатэатра «Кастрычнік» малая, палова яе загароджаная будаўнічым плотам. На месцы збору ўдзельнікаў ужо ўсталяваныя турнікеты і тры рамкі-металашукальнікі. Каля іх дзяжураць спецназаўцы — усяго чалавек дзесяць. У падземных пераходах на подступах да пляцоўкі — міліцыя з мегафонамі.

Крыніца: «Наша ніва»

 

24 марта 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета