+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Дзмітрый Падбярэзскі: Ад смешнага да страшнага (частка 1)

Агульнавядомы выраз “Не страляйце ў піяніста: ён іграе так, як умее” гучыць даволі прыгожа. Але на практыцы часта здараецца, што і страляюць, забіваючы не літаральна, а ў пераносным сэнсе — забіваючы творчасць. Пры гэтым некаторыя захады ўладных людзей з цягам часу пачынаюць выглядаць ці не анекдатычна…

На мяжы 70-х і 80-х мінулага стагоддзя, калі давялося працаваць у праграме “Тэледыскатэка”, якіх толькі “стрэлаў” з боку ідэалагічнага аддзелу ЦК КПБ не было! Літаральна кожны выпуск праграмы даводзілася па новаму манціраваць пасля яе прагляду куратарамі тэлебачання.

То раптам гучала каманда “Пугачову не паказваць”, то загадвалі выразаць Антонава, а замест чамусьці нямілай Сафіі Ратару паставіць сясцёр Ратару. То потым “расстрэл” вышэйзгаданых адмянялі, а на іх месца “да сценкі” ставілі Андрэя Макарэвіча, які нават не спяваў, а проста гутарыў са школьнікамі. То нечакана дазвалялі паказаць брытанскую групу “Slade” пры ўмове “жэстачайшай” крытыкі яе творчасці. Прычым не фрагмент песні, а цалкам!

Карацей, адшукаць хоць нейкія праявы логікі ва ўсіх гэтых забаронах і дазволах было абсалютна немагчыма! І за тое, што нейкія парады не ўлічваліся, можна было пацярпець вельмі сур’ёзна. Напрыклад, быць элементарна звольненым з працы па артыкуле. Праўда, сёння ўсё гэта выглядае проста смешна! Як спробы няўклюднага слана адсартаваць у лаўцы парцалянавыя талеркі.

Але ж — было!

Як і быў год 1983, які мне асабіста запомніўся ці не найперш у звязку з эпахальнай Пастановай ЦК КПСС, якая называлася, калі не памыляюся, “Аб рэгламентацыі дзейнасці вакальна-інструментальных ансамбляў і дыскатэк”. Гэта была насамрэч амаль “расстрэльная” пастанова. Ужо хоць бы таму, што яна забараняла выконваць падчас канцэртаў папулярнай музыкі больш за 20 працэнтаў твораў, напісаных тымі, хто не меў пасведчанняў сябраў Саюза кампазітараў. Выключэнне было зроблена хіба што для аднаго Ўладзіміра Мулявіна, які не меў вышэйшай музычнай адукацыі і твораў камерна-сімфанічных жанраў, а таму, згодна са статутам СК, не мог быць ягоным сябрам.

Аднак пастанова — пастановай, а жыццё падказвала свае вырашэнні. І на практыцы выкананне гэтай пастановы прымала самыя вычварныя формы.

Скажам, існавала ў Мінску АМА — Аб’яднанне музычных ансамбляў, якія працавалі ў рэстаранах гораду. Калі б гэтыя ансамблі мелі рэпертуар, на 80 працэнтаў складзены з твораў савецкіх кампазітараў, яны былі б неаднакроць бітыя. Піяністы, гітарысты, барабаншчыкі — усе разам! Да таго ж, імкнуліся працаваць у “кабаках” музыканты не толькі дзеля зарплаты. А яшчэ — дзеля “хворых” заробкаў. Гэта калі пасля сканчэння праграмы ахвочыя працягваць свята замаўлялі за наяўныя любімыя песні. Зразумела, сярод заявак песень савецкіх кампазітараў было мала. І выйсце з сітуацыі адшукалася нечаканае і надзвычай элементарнае.

Раз на квартал кіраўніцтва АМА зацвярджала рэпертуар кожнага ансамбля. Зразумела, у кожнай такой заяўцы 80 працэнтаў твораў складалі опусы сябраў СК. Хіба што назвы былі нейкія дзіўныя. Скажам, аўтарам п’есы “Караван” мог значыцца сябра СК таварыш М., а песню “Yesterday” напісаў, як вынікала з рапарцічкі, зусім не Макартні, а беларускі кампазітар Н. На паперы ўсё было гладка, дый на практыцы — цудоўненька! Пра падман ведала кіраўніцтва АМА, якое, заплюшчыўшы вочы, аддана выконвала пастанову, гэтак жа аддана яе трымаліся музыкі, спраўна адпрацоўваючы зарплату і “хворыя” заробкі, публіка таксама была задаволена.

Аднак наўрад ці хто здагадаецца, хто ў гэтай сітуацыі быў проста на нябёсах ад раптоўна прываліўшага дзякуючы мудрай палітыцы ЦК КПСС шчасьця! Не буду зацягваць інтрыгу і раскрыю карты.

Самымі задаволенымі былі тыя самыя сябры СК — кампазітары М. ды Н. І ведаеце чаму? Ды таму, што аўтарскія адлічэнні за выкананне “Каравану” пералічаліся не нейкаму не ахопленаму Саюзам кампазітараў Хуану Цізолу, а таварышу М. Грошыкі за выкананне “Yesterday” траплялі не Макартні, а проста ў кішэню сябра СК таварыша Н.

Злыя языкі казалі, што многія сябры СК БССР, якія пісалі ў папулярных жанрах і сябравалі з калектывамі і кіраўніцтвам АМА, раз на квартал развозілі на таксі па рэстаранах каньяк скрынямі, дзякуючы тым самым і музыкантам за такую прыбытковую вынаходлівасць, і кіраўніцтву АМА за своечасова заплюшчаныя вочы, і, канешне ж, мудрай палітыцы ЦК КПСС.

Вам нічога не нагадвае гэтая гісторыя 30-гадовай даўніны?

Зрэшты, гэта было не адзінае вычварэнне, звязанае з пастановай 1983 году. Пра тое, што адбывался з калектывамі, якія займаліся канцэртай дзейнасцю, раскажу пазней…

P.S. Рэдактар і аўтар “Тэледыскатэкі” Сяргей Вінаградаў, дзеля праўды, сам вырашыў зачыніць праграму толькі з-за таго, што стаміўся балансаваць паміж смешным і страшным.

10 ноября 2011

Теги:

Коментарии

  • диссидент7 ноября 2013 #

    Ну здравствуй,Дима!
    Я твой кошмар из прошлого. Помнишь 82-й? Ты-тогдашний ведущий «тэледыскатэки» получил письмо от постоянного зрителя с просьбой рассказать о группе PINK FLOYD. И как ты прошёлся по мне на всю страну:идолопоклонник,почитатель западного искусства. И что ты сейчас думаешь по этому поводу. Сейчас вы все храбрые. И ты, и Зимовский, и иже с вами. А тогда оправдывали всё тем, что жить как-то надо. А принципы засунуть подальше. Поэтому мы и живём сейчас так, как живём. Спасибо вам(ндеологам) за нашу нынешнюю жизнь.

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета