+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Дзмітрый Падбярэзскі: Міхалок і Някляеў як намінанты на Нацыянальную эстрадную прэмію

 

У Мінску адбылася прэсавая канферэнцыя, на якой арганізатары Нацыянальнай прэміі ў галіне эстраднага мастацтва падзяліліся падрабязнасцямі адносна таго, як будуць вызначацца пераможцы ў 16 намінацыях прэміі.

Нягледзячы на тое, што прадстаўнікі Міністэрства культуры і тэлеканалу СТВ адказвалі на пытанні, як падалося, максімальна шчыра, асобныя нюансы будучай цырымоніі ўсё ж засталіся для мяне асабіста даволі цмянымі.

Я ніколі не буду выступаць супраць таго, што кожная краіна, уключна Беларусь, павінна мець нацыянальную прэмію ў галіне папулярнай музыкі. Праўда, калі б ад мяне нешта залежала, я спачатку ўсталяваў бы прэмію ў галіне музыкі акадэмічнай, таму што папулярная музыка — гэта, як яе не бяры, усё ж нешта такое, што можна называць у тым ліку й шырспажывам. Па-другое, хацелася б больш дакладнага вызначэння, што маюць арганізатары пад паняткам «эстраднае мастацтва»? Бо гэта могуць быць і майстры мастацкага свісту, напрыклад, чый унёсак у беларускую культуру ацаніць, як мне здаецца, вельмі праблематычна. Ці заклінальнікі нейкіх вужоў — таксама, як я разумею, эстрада.

Аднак падчас прэсавай канферэнцыі высветлілася, што пад мастацтвам эстрады арганізатары прэміі разумеюць усё ж звычайную папулярную песню. Хоць пры гэтым намеснік генеральнага дырэктара каналу СТВ Павал Каранеўскі запэўніў, што ў будучым межы ахопу выканаўцаў з боку аргкамітэту прэміі будуць пашырацца аж да прадстаўнікоў альтэрнатыўнай музыкі, фолку, этна і гэтак далей. Не кажучы пра рок. Вось тады, відаць, і з’явяцца ўсе падставы называць тую прэмію сапраўды Нацыянальнай. Пакуль што, атрымліваецца, гэта прэмія для прадстаўнікоў не надта шырокага сегменту музычнага рынку. З іншага боку, з нечага сапраўды трэба пачынаць.

Была агучана і сістэма падачы заявак ад прэтэндэнтаў на прэмію. Кожны з тых выканаўцаў і аўтараў, хто гатовы пазмагацца за званне лепшага па выніках 2011 году, сам павінен накіраваць сваю заяўку ў Маладзёжны тэатр эстрады. Там адборачная камісія прагледзець усе заяўкі, вызначыць трох найбольш годных прэтэндэнтаў у кожнай з намінацый, пасля чаго гэтыя кандыдатуры будуць абмяркоўвацца экспертнай радай, у складзе якой — заслужаныя і аўтарытэтныя прадстаўнікі пап-фронту. 13 снежня на вялікім гала-канцэрце будуць агучаныя вынікі, аб’яўлены пераможцы ў 16 намінацыях і ўладальнікі 5 спецпрызоў, сярод якіх і такія, як «Новыя імёны» і «Аўтарскі дэбют».

Павел Каранеўскі адзначыў, што былі і такія мэтры айчыннай эстрады, якія на прапанову арганізатараў падаць заяўку рэагавалі такім чынам: як гэта, я, такі заслужана-народны, павінен спаборнічаць з нікому не вядомымі пачаткоўцамі? Вось таму і пісаў ужо не аднойчы: калі скасаваць усе тыя званні «народных» ды «заслужаных», усе б сталі на адну дошку і за артыста казала не званне, а тое, што ён робіць, хоць бы ягонае імя.

І што маем на справе? Павел прызнаўся: калі які мэтр цягам апошняга году нешта зрабіў, але ж адмовіўся пісаць заяўку, арганізатары гэта рабілі за мэтра. Як на маю думку, гэта ўжо нешта такое з галіны мастацкага свісту…

Па выніках правядзення цырымоніі 13 снежня яе арганізатары плануюць правесці ўсебеларускі тур пераможцаў, а таксама выдаць музычныя CD ды DVD. Сэнс гэтай акцыі падкрэсліў першы намеснік міністра культуры Беларусі Ўладзімір Карачэўскі, які акцэнтаваў на тым, што дзяржава надае шмат увагі развіццю эстраднага мастацтва.

Дазволю сабе з гэтым катэгарычна не пагадзіцца. Дзяржава не павінна надаваць развіццю эстраднага мастацтва аніякай увагі наогул! Хіба што час ад часу цікавіцца падаткавымі адлічэннямі. Але ўкладаць у адзін з найбольш прыбытковых відаў бізнесу дзяржаўныя сродкі — нонсенс! Дайце таму залатому цяля свабодны выпас, дазвольце зацікаўленым прыватным асобам даглядаць яго належным чынам, карміць і песціць — і неўзабаве дзяржава замест таго, каб укладаць грошы, пачне іх атрымліваць. Ды ў Беларусі і ў галіне папсы ўсё пастаўлена дагары нагамі. Толькі на секунду ўявіце сабе, што ўрад ЗША пачне ўкладаць грошы ў Мадонну…

Тым не менш маем такую Нацыянальную прэмію, якую маем. Яшчэ раз паўтару: сумненняў у яе неабходнасці ў мяне не ўзнікае. Але ж… У самым канцы прэсавай канферэнцыі я задаў арганізатарам такое пытанне: добра, калі кожны ахвочы можа падаць сваю заяўку на разгляд адборачнай камісіі, дык наколькі верагодна, што тая камісіі з усёй адказнасцю паставіцца да разгляду заяўкі групы «Ляпис Трубецкой» у намінацыі «Лепшы гастрольны тур» ці да заяўкі Ўладзіміра Някляева ў намінацыі «Лепшы аўтар слоў»?

Насамрэч, хто рэальна можа паспрачацца з «Ляписамі», якія цягам году выступілі з канцэртамі ў падтрымку альбому «Весёлые картинки» ў Берліне, Варшаве, Вільні, Кіеве, Маскве? Мне могуць адказаць: але ж у Беларусі не было аніводнага канцэрту. Ну так, і ўсе ведаюць, з якой прычыны. Мне скажуць: але ж «Ляпис» не падаў заяўкі. А калі раптам падасць?! Чым будуць крыць арганізатары? Што скажуць заклінальнікі вужакаў?

Павал Каранеўскі, праўду кажучы, нагадаў, што на канале СТВ прайшлі праграмы з удзелам «Крамы», «Нейро Дюбеля» і іншых сёння не прымальных для ўлады выканаўцаў. Ды калі тое было?.. А вось ягоныя словы адносна магчымасці такім калектывам заявіцца на атрыманне Нацыянальнай прэміі неабходна працытаваць даслоўна.

— Калі будзе ад іх заяўка, мы не маем права яе адкінуць. Наша адборачная камісія будзе працаваць з імі таксама.

Дык што? Можа сапраўды паспрабаваць? Час да 15 лістапада яшчэ ёсць.

4 ноября 2011

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі