+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Дзмітрый Падбярэзскі: Ад смешнага да страшнага (частка 2)

Чым больш жывеш і, адпаведна, чым далей азіраешся ў мінулае, тым больш смеху цяпер выклікаюць тыя падзеі, ад якіх у тыя далёкія гады было зусім не да смеху.

Прымусовае абмежаванне выконваць аўтарскі рэпертуар у 80-я гады мінулага стагоддзя на практыцы, канешне ж, не выконвалася. І абыходзілі яго тыя калектывы, якія выступалі з канцэртамі на вялікія аўдыторыі, самым розным чынам.

Адным з такіх спосабаў была наступная «адмазка». Падчас канцэрту, напрыклад, аб’яўлялася, што зараз прагучыць музыка аўтарства «прагрэсіўных заходніх кампазітараў». Зразумела, што аніякія імёны пры гэтым не называліся, аднак тых адказных таварышаў, якія абавязкова прысутнічалі ў зале (у мінскай філармоніі, калі не памыляюся, 2 месцы ў 10 радзе былі на кожным канцэрце зарэзерваваныя для прадстаўнікоў КДБ; як цяпер — не ведаю), гэта задавальняла. І вось гэтая адмазка — «прагрэсіўныя заходнія кампазітары» — спрацоўвала вельмі спраўна. А таму пад яе падводзілі любую музыку. Звычайна гэта былі вядомыя ў СССР дзякуючы «галасам» шлягеры пап- і рок-музыкі.

Жаночы ВІА «Чараўніцы», напрыклад, які меў у складзе духавую секцыю, такім чынам напрыканцы канцэрту выконваў «забойныя» інструментальныя п’есы з рэпертуару надзвычай папулярных на той час амерыканскіх калектываў «Chicago» і «Blood, Sweat & Tears», якія, канешне ж, аніякага ўдзелу ў палітычна-сацыяльным жыцці Амерыкі не прымалі. Хоць, праўду кажучы, першы зь іх і выконваў нейкія кампазіцыі, прысвечаныя студэнцкім хваляванням…

Другі прыём палягаў на наступным. Бралася нейкая самая звычайная, шараговая песня аднаго з беларускіх кампазітараў — абавязкова сябры Саюза кампазітараў, і ўдзельнікі калектыву рабілі яе аранжаванне. Лішне казаць, часцей за ўсё такое, якое адпавядала модным стылявым тэндэнцыям, пасля чаго арыгінал амаль нічым не нагадваў канчатковую версію.

Гэтак здарылася з песняй Уладзіміра Будніка «На шляху дзікіх гусей» на верш Максіма Танка, якую ў свой рэпертуар уключыла філарманічная рок-група «Сузор’е». Музыкі групы акцэнтавалі рытмічную аснову, часткова змянілі мелодыю, а што датычыць аранжавання, дык тут ужо, як кажуць, далі волю рукам і палёту фантазіі. У выніку далёка не самая лепшая песня У.Будніка ператварылася ў амаль 8-хвілінную манументальную кампазіцыю ў стылі арт-року з вялікімі інструментальнымі фрагментамі. Я сам быў сведкам таго, як падчас канцэрта аўтар песні, праслухаўшы яе ў выкананні «Сузор’я», гэтак здзіўлена запытаў: «Гэта сапраўды я такое напісаў?»

І, дарэчы, не абразіўся на такое вольнае абыходжанне з ягоным дзецішчам. А чаму рок-музыкі абралі менавіта гэтую песню? Думаецца, з адной прычыны: яны ведалі сэнс словаспалучэння «дзікія гусі», як ужо тады называлі вайскоўцаў-наёмнікаў. І тое быў прыхаваны пратэст супраць савецкай сістэмы: публічна выконваць песню, ускосным чынам прысвечаную верагоднаму праціўніку.

Тыя ж музыкі «Сузор’я» аднойчы выпадкова пасябравалі з Адамам Мальдзісам, які звярнуў іх увагу на існаванне «Полацкага сшытку». Ідэя падалася цікавай: моваю рок-музыкі прачытаць творы сярэднявечча. Што і было зроблена. Аднак… Ідэалагічныя босы таго часу далі цвёрдую ўстаноўку: «Полацкі сшытак» — гэта прыналежнасць Польшчы, і савецкім музыкам няма патрэбы прапагандаваць спадчыну няхай сабе «сяброў». Хоць падчас канцэртаў асобныя творы «Сшытку» група «Сузор’е» ўсё ж выконвала, аб’яўляючы іх як «Танец скоморохов» ці яшчэ іначай, гэтак жа сама недарэчна…

І на заканчэнне — сапраўдны гістарычны і амаль музычны анекдот, гэтак жа сама непасрэдна звязаны з паняццямі «смешнае» і «страшнае».

Пасля выхаду ў свет згаданай Пастановы ЦК КПСС «Аб рэгламентацыі дзейнасці вакальна-інструментальных ансамбляў і дыскатэк» 1983 году яе ахвярай у Белдзяржфілармоніі і стала група «Сузор’е». Ліквідаваць яе сэнсу не было: усё ж, маючы пастаянныя гастролі, група добра «карміла» філармонію, аднак і адказаць на партыйную пастанову хоць нейкім чынам было неабходна. Вырашылі так: забараніць назву, даручыць музыкам прыдумаць новую. І каб абавязкова яна была беларуская, ні ў якім разе не амерыканская.

Праз месяц склікалі мастацкую раду і цягам амаль гадзіны таўклі ваду ў ступе, абмяркоўваючы розныя варыянты таго, як павінен называцца калектыў. Аж нарэшце Віктар Вуячыч, сябра рады, не вытрымаў: можа, нарэшце ў саміх музыкаў спытаемся? Ага, згадалі пра музыкаў… Аўтар большасці песень групы, якія не дазвалялі выконваць, Валянцін Пучынскі прамовіў наступнае: «Мы памяталі заданне: прыдумаць новую назву, каб яна была абавязкова беларуская, аніяк не амерыканская. І мы згадалі, што пачаткова «Песняры» называліся «Лявонамі». А таму выбралі падобную беларускую, аніяк не амерыканскую, назву». Павісла паўза, пасля чаго нехта запытаў: «Дык якую ж?». На што Валянцін з гордасцю адказаў: «Мы хацелі б называцца «Янкі»!»

Кажуць, ад душы рагатаў тады толькі Віктар Вуячыч…

Падобнае здарылася ўжо ў гэтым стагоддзі, калі групе «Нейро Дюбель» забаранілі ўсе выступленні, і тады дасціпны Аляксандр Кулінковіч падаў заяўку на канцэрт групы, якая называлася «Хроники доктора Сайкова». І канцэрт гэтай групы дазволілі…

Што да «Сузор’я», дык многія песні 80-х сёння гучаць на дзіва актуальна. Вось адна з іх  «Король и Шут», музыка Валянціна Пучынскага, словы Рыгора Куранёва.

18 ноября 2011

Теги:

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі