+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Дзмітрый Падбярэзскі: Бабёр лепей Ілліча

Ёсць такія людзі, якіх у тым ці іншым горадзе ведаюць літаральна ўсе. Сваёй працай, учынкамі, паводзінамі яны даюць падставы для таго, каб неафіцыйна іх на многія гады заносілі ў спіс ганаровых жыхароў. Днямі Мінск развітаўся з адным з такіх знакавых для сталіцы людзей — скульптарам Уладзімірам Жбанавым.

Адышоў ён заўчасна, ва ўзросце ўсяго 57 гадоў. Тым не менш уявіць сабе сённяшні Мінск без ягоных работ проста немагчыма. Добра памятаю, які розгалас атрымала ягоная першая скульптура, якая з’явілася ў скверыку на рагу Кірава і Свярдлова — дама, якая прысела на лаўку. Неўзабаве там жа сталі іншыя персанажы — своеасаблівае адлюстраванне розных характараў жыхароў беларускай сталіцы: «Курыльшчык», «Дзяўчына з парасонам». А яшчэ — «Фатограф» і «Дама з сабачкам» на Камароўскім рынку, «Экіпаж» каля Ратушы, «Дойлід» на плошчы Незалежнасці, «Паштальён» каля кінатэатра «Кастрычнік», «Пакупнікі» перад фасадам ЦУМа…

Дарэчы, працы Ўладзіміра Жбанава знаходзяцца не толькі ў Мінску. У Маладзечне на галоўнай плошчы стаіць ягоны «Залаты трыліснік», у Гомелі — «Астролаг». Прыбяры цяпер гэтыя скульптуры — і многія гарады краіны зробяцца адразу нейкімі апусцелымі…

Сам жанр гарадской скульптуры, ці як называў уласныя творы Жбанаў — творы садова-паркавай скульптуры, можна сказаць, і распачаўся ў Беларусі дзякуючы ініцыятыве і энтузіязму менавіта гэтага аўтара. Ён, відаць, ці не падсвядома разумеў, што аблічча гораду фармуюць не толькі вялікія збудаванні, але і творы малых формаў, якія прыцягваюць людзей не менш, чым, скажам, манументальны «чупа-чупс» Нацыянальнай бібліятэкі. Дастаткова хоць некалькі хвілін пастаяць каля таго ж «Фатографа» на Камароўцы, каб пераканацца ў тым, колькі людзей, і не толькі з ліку турыстаў, з ахвотаю робяць там здымкі на памяць. Уладзімір Жбанаў, апрача ўсяго іншага, зламаў даўні савецкі стэрэатып, згодна з якім гарадскія вуліцы і плошчы маглі ўпрыгожваць толькі манументальныя выявы аж занадта міфалагізаваных дзеячаў крывавых пераваротаў нядаўняй гісторыі.

Прынамсі, працы Ўладзіміра Жбанава неслі ў сабе найперш жывы подых, яны не ўяўляліся скамянелымі, хоць і ў бронзе, муміямі, пра якія згадваюць у лепшым выпадку раз на год у сувязі з якім святам ці гадавінай «чырвонага» радка. Ягоныя скульптуры самі прыцягваюць людзей, якія не могуць не адчуць у іх непадробную шчырасць.

Вось чаму можна, напэўна, сцвярджаць, што менавіта дзякуючы Ўладзіміру Жбанаву і ў іншых гарадах краіны знайшліся майстры, здольныя стварыць арыгінальныя праекты, а таксама грошы на тое, каб там паўсталі арыгінальныя, непаўторныя творы, пра якія ці не найперш будуць згадваць людзі, што прыязджаюць з-за межаў краіны. Гэта і скульптура, прысвечаная літары «Ў» у Полацку, і славуты ўжо «Бабёр» у Бабруйску, і многія іншыя творы.

Творы вулічнай скульптуры ў Еўропы тым не менш маюць ужо шматгадовую традыцыю, абмінуць якую Беларусь аніяк не магла. І вельмі ўсцешна, што і ў нас з’явіліся аўтары, гатовыя прапанаваць арыгінальныя праекты. Аднак далёка не заўсёды ў іх атрымліваецца пераканаць адпаведныя інстанцыі ў слушнасці сваіх прапаноў. Неяк, ужо даволі шмат гадоў таму, Алесь Шатэрнік падзяліўся сваёй задумай: паставіць на Нямізе скульптуру Эдзі Рознера, эскіз якой у яго ўжо быў гатовы. Аднак праект той да гэтага часу застаецца, як кажуць, на паперы: ці то грошай у горада на гэта не стае, ці то сам спадар Алесь залішне апазіцыйная асоба, каб фінансаваць з дзяржаўных фондаў ягоныя асабістыя прыхільнасці. Да слова: я проста ўпэўнены, што і ў скульптуры Эдзі Рознера з’явіліся б свае сталыя прыхільнікі…

Вяртаючыся да асобы Ўладзіміра Жбанава, нельга не адзначыць, што і ягоныя ў тым ліку творы ўжо не аднойчы рабіліся ахвярамі варварства. Каментуючы гэта ў адным з інтэрв’ю, мастак адзначыў: «Магчыма, справа яшчэ і ў тым, што мінула вельмі мала часу, каб гараджане зразумелі, што скульптуры зрабіліся набыткам гораду». Але тут, думаецца, працэс узаемны: калі такія творы ствараюць культурнае асяроддзе гораду, яно адпаведна і стымулюе рост культурнай, так бы мовіць, свядомасці гараджан. Рамонт кожнага нават невялікага фрагменту такіх вулічных скульптур вымагае пэўных сродкаў, аднак нельга думаць, што гэта толькі ў Мінску існуюць асобы, здольныя дзеля ўласнага задавальнення нешта знявечыць з таго, што створана іншымі. У еўрапейскіх гарадах таксама, здараецца, нявечаць вулічныя скульптуры, як гэта здарылася, памятаецца, з вядомай «Русалкай». Аднак там гэты жанр мастацтва вядомы ўжо не адзін дзесятак гадоў. А вось у нас — і ў гэтым неабходна пагадзіцца з мастаком — да такога яшчэ не вельмі прывыклі.

Некалі ў Вільні я быў вельмі ўражаны, калі Сяргей Харэўскі паказаў мне бюст славутага амерыканскага музыкі Фрэнка Запы. Аказалася, што бабуля музыкі нарадзілася менавіта ў Вільні, а саму пляцоўку з бюстам і роспісам графіці зрабілі студэнты Акадэміі мастацтваў, якім гэтая праца была залічана як дыпломная. І гэтае месца ў горадзе цяпер — адно са знакавых…

У нас жа да гэтага часу галоўныя плошчы мноства гарадоў «упрыгожваюць» канвеерныя выявы самага «чалавечнага» чалавека, які ўпарта тыча рукой у толькі яму аднаму вядомым кірунку. Зразумела, што з мастацтвам такія «творы» не маюць анічога агульнага. Але задумайцеся: на колькі б змянілася аблічча таго ці іншага раённага цэнтра, калі б на месцы «ідала» стала б сапраўды мастацкая, арыгінальная скульптура? Уладзімір Жбанаў мог бы параіць нешта такое. Але ён, на жаль, пакінуў горад, які здолеў зрабіць іншым…

У 2007 годзе ён неяк сказаў: «Для мастака надзвычай істотна, калі яму адпускаюць лейцы, і ён скача, як хоча. Калі на цябе пачынаюць ціснуць, нешта патрабаваць… Гэта таксама, здараецца, добра. У пэўным сэнсе палягчае задачу. Аднак часам хочацца рабіць такое, калі ты ні ад каго не залежыш. Ты свабодны, можаш абраць той вобраз, які табе хочацца. Гэта, на маю думку, мара кожнага творцы, мастака».

І на заканчэнне байка, якую я пачуў падчас працы ў часопісе «Мастацтва». Праўда гэта ці не — не магу сказаць.

Аднаму скульптару з Мінску замовілі ў нейкім сібірскім горадзе вырубіць з вялічэзнага кавалку граніту манументальную галаву правадыра. Фрагмент скалы паставілі ў гаражы, над якім збудавалі шматпавярховы дом. Наш скульптар прыехаў і праз некаторы час паспяхова здаў камісіі замоўленую працу. Атрымаў неблагі ганарар і з’ехаў на радзіму. Толькі пазней стала вядома: каб выцягнуць галаву Ілліча з таго гаража, неабходна было руйнаваць перакрыцці, ад чаго частка дому магла проста абрынуцца. Думалі-думалі — і плюнулі. Тая галава, кажуць, так і засталася ў гаражы…

Музыка: “Менск і Мінск” — “N.R.M.” (2007)

21 января 2012

Теги:

Коментарии

  • Инга Соловейчик21 января 2012 #

    Новость не слишком свежая. Все СМИ об этом уже 5 как пишут.
    А в песне N.R.M. прослеживается плагиат с антоновского «Пройдусь по Абрикосовой, сверну на Виноградную».

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета